Выбрать главу

«Па Верынаму жаданню танец заказвае, — падумала яна, і ад той думкі зрабілася млосна. — Круцёлка, праўду пра яе кажуць. Замужняя, а на хлопцаў пазірае...»

Тым часам гарманіст зайграў танга. Ева бачыла, як Максім падышоў да Веры, нялоўка сагнуўся ў паклоне. Вера паклала руку на яго плячо, прыўзнялася на наскі, і ад таго яе зграбная постаць набыла яшчэ большую прывабнасць. Яны ішлі па крузе лянівым крокам. Максім нешта гаварыў Веры, а яна замест адказу ківала галавой. На круг вышла яшчэ тры пары. Пагарджаючы тэмпам музыкі, яны імкнуліся вырвацца з палону марудных рухаў — гэта ім не зусім удавалася. Танцоры час-ад-часу спыняліся, каб падладзіцца пад гукі гармоніка. Толькі Максім і Вера ўлоўлівалі гэты павольны тэмп, таму танец у іх атрымліваўся прыгожа.

«Што ён ёй гаворыць... — думала Ева, з абурэннем пазіраючы на Веру. — Як жа ёй не сорам? Яна ж ведае пра нашу дружбу».

На кругу засталіся толькі Вера з Максімам. Цяпер ужо яна нешта гаварыла Максіму, а ён смяяўся і трос кучаравым чубам.

Ева яшчэ раз злосна паглядзела на іх, ціхенька выбралася з натоўпу, пайшла па сцяжынцы. Ішла паціху, быццам чакала, што Максім дагоніць яе, абдыме за плечы, прытуліць да сябе. На вечарынцы захліпваўся гармонік. Ева ніяк не магла ўцяміць, чаму гарманіст раптам змяніў танга на польку. Спынілася. Прыслухалася. Вечарынка прыглушана гула, чуўся шоргат ног, заліхвацкае прытупванне хлапечых ботаў аб сухую, утаптаную зямлю. Ева сумелася: «Чаму я, дурніца гэткая, збегла... Трэба было падысці да Максіма, напомніць пра сябе. Хлопцы яны такія: прапала з іх вачэй, дык лічы ўжо, што і з галавы прэч». Назад ішла шпарка. На маёўцы Максіма не было. «Хіба пайшоў з Верай?» У грудзях балюча заныла сэрца. Раптам Ева ўбачыла Веру. Тая стаяла тварам да яе і размаўляла з нейкай дзяўчынай. Ева прайшлася за зялёнымі прысадамі. Воддаль у цемрачы пабліскваў чырванню аганёк папяросы. Ева хутчэй адчула, чым зразумела, што гэта курыць Максім. Пайшла ў тым кірунку. Некалькі разоў спынялася, потым зноў ішла.

«Ен добры, — думала яна. — Дарэмна пра яго благое кажуць. Не такі ён ужо нахрапісты. Яго толькі ў рукі ўзяць як след».

Апошняя думка належала не ёй. Пачула яе Ева аднаго разу ад жанчын.

Потым яна здзіўлена падумала: чаму ён тут стаіць. Адказ на такое пытанне знайшоўся сам: «Убачыў, што мяне няма, і пайшоў шукаць». Закаханы ўсё разумее так, як яму хочацца.

Не дайшоўшы некалькі крокаў, яна спынілася. Раптам зрабілася няёмка.

— Ева?

— Ой, Максім! А я спалохалася,— голас у яе дрыжаў ад хвалявапня. — Чаго ты тут?

— Так...

Абое раптам адчулі незвычайную нялоўкасць. Ева камячыла хусцінку. Максім моўчкі курыў.

— Халаднавата нешта, — сказала Ева, хоць было цёпла.

Максім зняў пінжак, накрываючы яё, паклаў рукі на плечы, ды так і не мог адняць. Былая бойкасць і смеласць зніклі бясследна. Ева павярнула да яго твар. Мяккія валасы казытнулі яму рукі. Максім паціху прытуліў яе да сябе.

— Не трэба тут, — прашаптала Ева, нё вельмі спрабуючы схаваць твар.

Абое заціхлі, сціскаючы адзін другога ў абдымках. Усе дасюль крадзеныя пацалункі здаліся Максіму нікчэмнымі перад гэтым, што быў падараваны па каханню. Прадаўжаючы стаяць абняўшыся, яны ўсміхаліся найшчаслівейшымі ўсмешкамі. Гэтак жа абняўшыся, пайшлі паціху, добра не разумеючы нават, куды яны ідуць. Абое звычайна гаваркія, цяпер маўчалі, узрушаныя пачуццём той блізкасці, якая ўстанавілася паміж імі. Максім моцна сціскаў Евіну руку, але ёй зусім не было балюча. Яна таксама паціскала яго руку, тады абое спыняліся, надоўга заміралі ў пацалунку.

Так яны доўга блукалі па сцежках. Потым невядома як апынуліся на тым канцы вёскі, дзе жыў Даміра. Прымасціліся на рэштках лавачкі, што хавалася ў зарасніку пахучай кашкі. Сядзелі, прытуліўшыся, маўчалі.

— Як там без нас? — парушыла маўчанне Ева,

— Танцуюць...

— Не шкадуеш, што звяла цябе?

— Не... Я, ведаеш, Ева, хачу сказаць табе,— Максім пасля кожнага слова рабіў паўзу, быццам узбіраўся на высокую гару: — Толькі ты не крыўдуй, бо я не надта ўмею ўсё як след сказаць. Адчуваю лепш...

Ева разумела, пра што ён збіраецца з ёю гаварыць. Ад шчасця ўсмешка не знікала з яе вуснаў.

— Давай, Ева, назаўсёды вось так.

Ен змоўк, хоць Еве хацелася, каб ён гаварыў яшчэ і яшчэ, паўтараў адно і тое ж. Яе нават смяшыла яго нясмеласць.

— Не ведаю нават... Цяпер вунь кідаюць часта.

— Каб я цябе кінуў?! Што ты, Ева!.. Я толькі з выгляду такі баламутны. Я цябе ніколі не пакрыўджу. Хочаш, прысягну нават. Я цябе, колькі загадаеш, чакаць буду. Абы разам з табой...