Выбрать главу

— Нападай!

Якаў сціснуў ад болю зубы, але не крануўся з месца. Катажына здзівілася і зноў замахнулася, каб ударыць мяккацелага шляхціца, толькі нехта ззаду схапіў палку і вырваў з рук. Калі яна павярнулася, то ўбачыла яшчэ аднаго шляхціца. Яго чорныя, як вугаль, вочы разглядвалі дзівачку. Погляд быў цяжкі.

— Што, мяне таксама ўдарыш? — спытаў ён.

— Ён не павінен быць такім! Заўсёды трэба ўмець адказваць за крыўду, а то астатнія не будуць цябе паважаць!

— Хто табе гэта сказаў?

Дзяўчына не адказала і вырвала кій у яго з рук.

— Абараняйся!

— У чым я перад табой вінаваты?

— Абараняйся!

— Не буду, — спакойна адказаў Феліцыян. — Ты зможаш ударыць чалавека без зброі?

З гэтымі словамі ён павярнуўся спінай.

— Бі.

Катажыну гэта абразіла. Яна нейкі час стаяла нерухома, а пасля шпурнула палку і пайшла прэч. Сябры паглядзелі адзін на аднаго і пабеглі яе даганяць. З таго часу і крочылі па жыцці разам... Толькі цяпер, калі яны пасталелі, дзяўчына пачала прыкмячаць, што ставіцца да маладога Офенберга не як да названага брата, а кахае яго. Як заўсёды, малілася за абодвух у час іх вандровак, але найперш чакала Феліцыяна і хвалявалася за яго. Таму і цяпер, укленчыўшы перад укрыжаваннем, прасіла аберагчы каханага.

Касцёл быў напоўнены сонечным святлом. Катажына знарок заўсёды прыходзіла тады, калі было яшчэ няшмат парафіян, большасць з якіх з’яўлялася не толькі дзеля малітвы. Яна не любіла няшчырага пошапту вуснаў, вачэй, якія шукалі ў людскім натоўпе ці то каханкаў, ці то вышэйшых асоб, каб лісліва ім усміхнуцца. Не ўсе хадзілі ў касцёл, каб размаўляць з Божым Сынам і прасіць дапамогі ў Найяснейшай Панны. Такія маліліся апантана, але для выгляду. Фанатыкі ж даходзілі нават да лютасці: біліся галовамі аб падлогу, абменьваліся аплявухамі або гасілі агаркі свечак аб уласнае цела.

Аднойчы яна бачыла пана, пра якога гаварылі, што ён забіў у п’яным шаленстве сына. Той замольваў свой грэх, хвошчучы сябе папругай, да канца якой былі прымацаваны кавалкі цвікоў. Цела даўно было раздзёрта да крыві, а няшчасны ўсё біў сябе і нікога блізка не падпускаў. Прыходзіла ў касцёл жанчына з "прыспаным" немаўляткам на руках. Босая, у адным рубішчы, яна доўга малілася, крычала і білася аб халодную падлогу. Дзікія людзі, дзікі час...

Выйшаўшы з касцёла, Катажына крочыла па вуліцы і дзівілася на першы снег, што падаў на брукаваную плошчу. Звычайна ў гарадах Рэчы Паспалітай брукаваліся галоўныя дарогі і гандлёвыя плошчы, і Рэчыца не была выключэннем.

З першай паловы шаснаццатага стагоддзя горад быў моцнай крэпасцю, да якой нельга было падступіцца праз вышыню берагоў Сожа. Разам з Оршай, Старым Быхавам, Магілёвам, Шкловам і Рагачовам Рэчыца ўваходзіла ў памежную сістэму абароны на Дняпры. На жаль, акрамя гонару, наступствам таго былі доўгія аблогі і разруха ў выпадку чарговай грызні з расейцамі. Першапачатковым ядром Рэчыцы было ўмацаванне, размешчанае на беразе Дняпра і аддзеленае ад астатняй часткі горада глыбокім ровам. Праз яго былі перакінуты два масты да невялікай фартэцыі, дзе заўсёды ставілі варту і ноччу рабілі абавязковы абход. Яе пяць шматгранных вежаў, як сцвярджалі віцебскія купцы, нагадвалі "круглікі" іх гарадскіх замкаў, але тутэйшыя мяшчане адмоўна круцілі галовамі і апантана пачыналі даводзіць адваротнае. Ашыйнікам вакол цэнтральнай часткі Рэчыцы цягнулася рыса абарончых збудаванняў. Там размяшчаліся царква, гандлёвая плошча, кляштар і дамы заможных жыхароў. Камянічкі шляхты і купцоў чаргаваліся з халупамі небагатых мяшчан, а крытае саломай жытло рамеснікаў і чэлядзі нічым не адрознівалася ад сялянскіх халуп. Частка жыхароў трымала і быдла, мела зямлю за межамі горада, што нада­вала некаторым вуліцам выгляд вясковых.

Катажына мінула карчму, хату цырульніка з вывешанай мядніцай, затым прайшла яшчэ некалькі хат і апынулася каля камянічкі. Дзяўчына паднялася на ганак, адчыніла дзверы і накіравалася па доўгім калідоры, які злучаў усе пакоі. Кабінецік, куды яна ўвайшла, быў невялікі, але светлы і ўтульны. Мэбля там была расстаўлена такім чынам, каб у гаспадыні ўсё было пад рукой. Каля вакна стаяў столік, а па баках — крэслы. Шафа для кніг у чалавечы рост, лакіраваная кітайскай алеяй, знаходзілася ў куце. Каля яе на сцяне вісеў партрэт шляхцянкі, якая была апранута па модзе, што адышла гадоў дваццаць таму. На ёй была доўгая, да каленяў, белая камізэлька з фальбонамі і вузкімі рукавамі, карсаж са шнуроўкай з чорнымі стужкамі крыж-накрыж. На галаве — высокі каптурык паверх вогненна-рудых валасоў, а на нагах чорныя чаравікі са спражкамі на высокіх чырвоных абцасах. У руках жанчына трымала белыя лілеі, і такі ж букет жывых кветак стаяў на маленькім століку пад партрэтам.