Выбрать главу

На дварэ ўжо пачало цямнець, і святло ад полымя свечак, што стаялі ў прыгожым падсвечніку сярод выплаўленых залатых руж, адбівалася чароўным бляскам на рудых косах дзяўчыны. Катажына скінула з плячэй хустку, апусцілася каля люстэрка на зэдлік, абцягнуты конскім воласам. З люстэрка на яе глядзела дзяўчына, чые няправільныя, але выразныя рысы твару прыцягвалі ўвагу. Вусны малінавага колеру вабілі, ды толькі строгі позірк яе зялёных вачэй перасцерагаў, што калючыя шыпы ў малінніка. Катажына дастала грабеньчык з куфэрка. Ён быў зроблены з косткі, і майстар узорам ад першага да апошняга зубчыка працягнуў нітачку чорнага плюшчу з кветкамі чырвонай лілеі. Дзяўчына распляла валасы і пачала расчэсваць іх. Раптам дзверы зарыпелі, і прасунулася галава служкі.

— Да вас панна Багдана.

— Добра, Глэся, зараз спушчуся. А хаця... няхай адразу ідзе сюды.

Глэся кіўнула і збіралася ісці, але Катажына гукнула яе:

— Глэся...

— Чаго?

— Не "чаго", а "слухаю"!

— Слухаю, панна.

— Прынясі сюды тую тканіну, што мы купілі ўчора ў краме.

— Угу.

— Глэся!

— Слухаю, панна!

Дзверы зачыніліся, і яна пачула павольную хаду служкі, а праз некаторы час у пакой увайшла дзяўчына.

***

Знешне яна нагадвала ляльку: невысокага росту, з кароценькімі пухленькімі ручкамі і круглым тварам, абсыпаны рабаціннем носік. Але было ў агульным вобразе паненкі нешта няўлоўнае, што згладжвала першае ўражанне дзіцячай абыякавасці. Магчыма, бляск вялікіх шэрых вачэй, у якіх танчылі ў шалёным карагодзе гарэзлівыя агеньчыкі. Дзяўчына нецерпяліва крывіла вусны і чакала, пакуль сяброўка выкажа сваё меркаванне наконт яе новай сукенкі.

— Падабаецца? — не вытрымала яна. — Ну, чаму нічога не гаворыш? Табе першай паказваю.

Катажына пакруціла галавой. Яна перахапіла погляд Глэсі, якая так і хацела ляпнуць: "Колькі б качка ні мудрылася, а лебедзем не будзе". Панна звяла бровы, і Глэся зразумела, што дорага ёй абыдзецца прымаўка, калі не стрымае язычок.

— Не, не падабаецца.

— Я рада, што ты так сказала.

Катажына кінула на яе здзіўлены позірк.

— Праўда?

Багдана грацыёзна прайшла ўздоўж пакоя, спынілася каля люстэрка і павярнулася на абцасах аксамітных чаравічак.

— Я ведала, што менавіта гэтак і адкажаш.

Шляхцянка, асцярожна прытрымліваючы пышныя складкі сукенкі, уселася на зэдлік і зноў прамуркатала:

— Значыць, добрая сукенка. Я была ўпэўнена, што табе не спадабаецца.

Раптам яна схамянулася:

— Не пакрыўдзілася?

— Не.

Багдана адмоўна пакруціла галавой, прымружыла вочы і засмяялася:

— Але ўсё ж крыўдуеш.

— Не звяртай увагі.

— Вось гэта я і хацела пачуць.

Катажына здзіўлена падняла вочы. Па выглядзе сяброўкі яна зразумела, што тая і не думала жартаваць.

— Значыць, табе не будзе непрыемна, калі скажу, што яна занадта адкрытая?

— Дык жа не ў касцёл збіраюся!

Яна закаціла вочкі і ўтаропілася ў акно, але вусны не змаглі стрымаць усмешкі, якую не хацела паказваць.

— Едзеш на баль?

— Так. Сам пан Жывіцкі прыехаў, каб выказаць прыхільнасць. Бацька запэўніў, што наша фамілія абавязкова з’явіцца. Затым паабяцаў панам Збрацэвічу і Звяхоўскаму.

Катажына ўсміхнулася.

— Пры думцы пра баль у цябе вочы пачынаюць гарэць і шчокі пунсавеюць.

Багдана апусціла павекі і прашчабятала:

— Гараць! А як інакш? Я б на цябе паглядзела, калі б ты даведалася, хто там будзе!

Катажына абыякава паціснула плячамі.

— Станіслаў Жывіцкі. Ён толькі прыехаў з Венецыі і, напэўна, не праміне магчымасці павесяліцца.

— Якая ты злосная! Гэта ж Станіслаў! Божа, Станіслаў!

Яна падскочыла з крэсла, абняла рукамі плечы і закружылася пасярод пакою.

— Апроч цябе, за ім яшчэ палюе з дзясятак паненак са сваімі матухнамі, якія мараць выдаць дачок за такога багатага жаніха, — пакпіла яна. — На жаль, гэты жаночы ліслівец акрамя "Bardzo przyjemnie, droga panna-jaskotka" nic nie wie!

Багдана надзьмулася.

— А што, можа, зманіла? Вось чаму ў нядзелю на балі ў Войнаў пана Якава пакрыўдзіла?

— Ат, дурасць! Ну, што яшчэ не так зрабіла? Нават з маёнткам і халопамі ён не будзе лепшым кандыдатам для мяне.

— Адкуль ведаеш? Чорны мак, ды смачны, белая рэдзька, ды горкая.

— Не патрэбны і ўсё! Ды... — яна супынілася, — мой бацька ўсё роўна бізуном выдасць за таго, каго сам выбера. Тут ужо як ні круці...

Яна ўздыхнула і прысела.

— Ах, каб пан Станіслаў прапанаваў збегчы з ім хоць за мора, то не стала б і думаць — паляцела б! Але ж не ўсе тыя жэняцца, што любяць і кахаюць. Вось скажы, якія чары патрэбны, каб сэрца ператварылася ў лёд? І птушцы адной нудна, а ты ні на каго і не глядзіш, нікому не ўсміхаешся, танчыш рэдка. Не пашанцуе твайму нарачонаму. Дарэчы, хоць што-небудзь пра яго ведаеш?