Выбрать главу

Катажына прысела і з пяшчотай паглядзела на яго.

— Я прыйшла развітацца, дзядзька.

— Няўжо так хутка з’язджаеце?

— У бацькі з’явіліся неадкладныя справы, ды і Марціна трэба наведаць.

— Гэты вісус у езуіцкім калегіуме ў Пінску навучаецца?

— Так, толькі бацька забраць яго адтуль хоча.

— Самадур! Кідаецца ад аднаго да другога, а дзіця пакутуе. Няхай бы за дачкой глядзеў, а то без мужа яшчэ! Тое нядобра для такой маладой і прыгожай, — сказаў ён і зірнуў на шляхцянку.

Тая засаромелася і схіліла галаву.

— Не прымушайце мяне гэта слухаць, дзядзька.

Офенберг паківаў галавой.

— Ох, доня, хацеў жа, каб ты маёй сыновай была. Ды, напэўна, лёс іншы. Ат, добрай жонкай будзеш!

— Дзядзька!

Дзяўчына апусціла вочы.

— Я буду добрай жонкай для добрага мужа.

Сцяпан пасур’ёзнеў, задумаўся, але нічога на гэта не адказаў а перавёў гаворку:

— Дык надоўга едзеце?

— Так, бацька ўжо выехаў з мачахай.

— Каб яго качкі стапталі! І не зайшоў наведаць перад ад’ездам!

— Дык жа не мог, трэба было хутка збірацца, — пачала апраўдвацца дзяўчына. — Вы, дзядзька, да нас прыязджайце на баль.

Стары ўздыхнуў.

— Выбачай, але сама бачыш — косткі не данясуць. Дарэчы, ведаў, што прыедзеш. Нешта мне ў апошні час сны сняцца праўдзівыя...

Лекар выйшаў на некаторы час, а Катажына пагладзіла яго па сівых валасах.

— Ой, донечка, сэрца за цябе баліць... Адно ведаю, ты разумная, таму стрываеш. Трэба было табе нарадзіцца хлопцам. Розумам Пан Бог цябе не абдзяліў, годнасцю ды мудрасцю, урэшце, таксама.

— А розум і мудрасць...

— Ведаю, што хочаш сказаць, — перапыніў шляхціц. — Не, донечка, гэта крыху розныя рэчы, прычым я, пры магчымасці, выбраў бы апошняе. Навука вочы адчыняе, ды не кожнаму разумнаму добра жывецца.

Ён замаўчаў і зірнуў на лекара, які зноў увайшоў.

— Праўду гавару, пане лекар?

— Залатыя словы, яснавяльможны. А цяпер, я прашу прабачэння ў паненкі няхай нас пакіне. Тое не для яе вочак.

Катажына выйшла з камянічкі і накіравалася да вазка.

— Змёрз, Яшка? — запыталася яна ў вазніцы.

— Калі добрая панна паабяцае, што загадае наліць па прыездзе... — пачаў здалёку ён.

— Можаш нават не працягваць! Добра, рушай!

— Слухаю, панна, — Яшка тузануў лейцамі, і сані крануліся. — Пайшлі!

Тоненькі белы абрус заслаў зямлю, праз які дзе-нідзе прадзёўбваўся быльняк, аблеплены снежнай церухой. На полі былі бачныя заечыя сляды і заблытаныя мышыныя сцежкі. Гасцінец хутка прывёў да лесу, дзе было ціха і светла, а лапкі ялінак і соснаў абцярушыла белая вата.

Катажына любавалася блакітным небасхілам. Калі перад вачыма ўзнік малады Офенберг, сэрца балюча зашчымела. Ён смяяўся разам з ёй і трымаў за руку, а коні імчалі па гасцінцы і неслі іх удалячынь... Прачнулася яна ад таго, што сані, наехаўшы на купіну, ледзь не перакуліліся.

— Даруйце, пані, не заўважыў, — пачаў апраўдвацца Яшка.

Яна кіўнула і адвярнулася, шкадуючы, што ўжо не можа заснуць.

Калі яны прыехалі ў бацькоўскі маёнтак, брамы былі адчынены, бо гасцей там чакалі даўно. Як толькі сані завярнулі на прасторны двор, туды збеглася дворня і заяўкалі сабакі. Катажына саскочыла на зямлю і пакрочыла да ганка. Увайшоўшы ў бацькоўскі кабінет, панна заўсміхалася. Пан Юзаф сядзеў за сталом, падпёршы сківіцу рукой і драмаў. Дзяўчына падышла бліжэй і пацалавала яго ў лоб, ад чаго бацька адразу прачнуўся.

— Касюнечка! Не думаў, што так хутка вернешся. Як даехала, доню? Здарожылася?

— Змерзла трошкі.

— Тады паразмаўляем з табой пасля. Зараз адпачні, а я паклічу цябе.

Панна ўважліва паглядзела на бацьку, той аж сумеўся ад яе позірку.

— Размова будзе пра вену і будучы баль?

Пан Юзаф кіўнуў.

— Ад цябе нічога нельга схаваць. Можа, гэта і добра. Мне будзе прасцей табе растлумачыць, а табе лягчэй зрабіць тое, што загадаю. Ад гэтага залежыць годнасць нашай фаміліі, Катажына.

Дзяўчына кіўнула і выйшла з пакоя.

***

Васілька не ведаў, куды дзець сябе ад крыўды. Карцела што-небудзь раструшчыць, зламаць і гэтым адвесці душу. Ён схапіў чыгунок, бразнуў ім аб падлогу і шпурнуў нагой у кут. Пасля агледзеўся, каб яшчэ што знайсці, і ўбачыў сякеру. Хлопец вылаяўся і выбег на двор. Добра, што котка, якая круцілася пад нагамі, імгненна ўсё зразумела і схавалася за печ, а то не пашанцавала б ёй тады. Гавораць жа, што трэба ката за хвост укусіць, каб злосць прайшла. Злаваў жа Васілька не столькі на дзеда, колькі на сябе. Што казаць — дурань чубаты! Чаго чорт цягнуў за язык? А дзед такога не даруе — вось і перапала па рагах. Ды і каб сам быў вінаваты, а то ж Жданец... Каб яго скруціла!