— А пра цуд раскажы, — не сунімаўся Іванка.
Хлопчык, відаць, ведаў усё, што казаў старац, але прагна слухаў і амаль не перапыняў.
— І цуд быў. Жыў ля ракі мніх-схімнік Лаўрэнцій. Калі прыйшлі жаўнеры і пачалі акружаць яго скіт, ён схаваўся пад раскідзістым дубам. Падняў тады рукі ўгору і звярнуўся з малітвай да святога Міхаіла. Святы ж пачуў яго, і здарыўся цуд: галіны дрэва апусціліся і схавалі Лаўрэнція. А ты верыш у цуды, Іванка? Іванка?
Малы спаў, скурчыўшыся. Дзед прыгарнуў хлопчыка да сябе і заплюшчыў вочы. Спакой, які напоўніў пуню, парушаў толькі свіст ветру і шоргат сена пад яго павевамі. Васілька доўга не мог прымгнуць вока. Калі заспявалі першыя пеўні, стараабрадцы заварушыліся. Першым падняўся дзед Мітрафан і пабудзіў братоў. Тыя ўзялі соннага Іванку і пачалі вылазіць з пуні, дзе ўчора, каб трапіць сюды, ададралі дошкі. "Вось поскудзь, — падумаў ён, — цяпер прыйдзецца забіваць зноў. Каб вас!" Ён заплюшчыў вочы і зрабіў выгляд, што спіць. Хлопец нават захроп. Калі ж шоргат сціх, ён счакаў яшчэ трохі і выглянуў з дзіркі. Па прыцярушаным гасцінцы рухаліся ўпоцемку чатыры постаці і праз нейкі час зусім зніклі з вачэй.
***
Старая Параска стаяла на каленях і падкладвала сушняк у полымя. Камінчык быў зграбненькі, абкладзены магілёўскай цэглай і добра абаграваў гэты пакой, адзін з самых халодных у маёнтку. Яшчэ колькі год таму, калі яе панначка толькі нарадзілася, старая папрасіла гаспадара збудаваць гэтую пячурку. Пан Матэвуш аддаў загад, але пячурку, згодна тагачаснай модзе, перарабілі ў камін. Старая толькі ўсплёснула рукамі, але нічога не сказала, бо мода — панская справа, а ёй — абы цёпла было. Яна, хоць і мела ласку ў гаспадароў, ніколі не задзірала нос перад іншымі дваровымі. Ды ўсё ж з гэтага куточка яна амаль нікуды не выходзіла, нават на кухні і людской з’яўлялася нячаста, з-за чаго там стала чужой. Часам заўважала, што хто-ніхто нават зайздросціць, а некаторыя і не любяць, на што старалася не звяртаць увагі і ўсю пяшчоту аддавала панначцы.
Малая клалася спаць. Яна кружылася ў беленькай, з тонкага лёну сукенцы і смяялася да слёз. Адштурхнуўшыся ножкамі, яна падскоквала і даставала пальчыкамі да саламянага галубка, які вісеў над яе ложкам. Галубок пагойдваўся на аборцы і ціха шабуршэў пёркамі залацістых крыльцаў пры кожным дотыку да столі. Нарэшце Людовіка здаволілася і села.
— Бабцю, — паклікала раптам старую, — чаго ён тут вісіць? Толькі пыл збірае. Можа, выкінуць?
Параска пакруціла галавой і падышла да дзяўчынкі.
— Няхай вісіць, панначка. Я гэтую цацку зачапіла, калі ты з калыскі яшчэ без мяне не вылазіла.
— Нашто?
— Каб Сон прыходзіў.
Дзяўчынка здзівілася:
— Сон? А ён без гэтай птушкі не прыйдзе?
Параска заўсміхалася.
— Не. Увечары ціхенька паляжы, можа, што пачуеш.
— То як?
— Кожны вечар да цябе Сон прылятае.
Малая шырока расплюшчыла вочы.
— Раскажы, раскажы мне, бабцю, — пачала прасіць і пахлопала далонькай па коўдры. — Садзіся. Які ён, мой Сон?
Параска прысела і пачала распавядаць.
— Сон галубком прылятае, чапляецца лапкамі за парэнчы і крыльцамі цябе накрывае. Я ж тады сяджу і не рухаюся, каб не спужаць.
— Я яго магу бачыць?
— Не. Але калі раптам цёпленька стане, быццам маці лашчыць, то ведай — гэта Сон. Ты спіш, а птах пільнуе, каб розныя жахі ўначы не прыходзілі.
— І мой саламяны такі?
— То як жа, панначка.
— Тады няхай вісіць.
Яна супакоілася і ляжала ціхенька, разглядаючы саламяную птушку. Тут зарыпелі дзверы, і ў пакой увайшла Улляна. Яна прынесла дровы і паклала каля каміна. Пасля села на крэсла побач і пачала пераплятаць касу, з якой вылезлі непаслухмяныя пасмы залатых валасоў. Людовіка цяпер зноў сядзела, трымаючы ў руках стужку чырвонага ядвабу, ды цікавала за ёй.
— Учора да мяне Сон не прыйшоў, — раптам сказала яна.
— Мусіць, у іншай дзяўчынкі затрымаўся, — адказала Параска.
— Таксама паненкі?
— Ён да ўсіх дзяцей прыходзіць.
— Да ўсіх?
— Але.
— Як дзіўна. Яны ж халопы.
Параска засмяялася:
— Усе дзеткі аднолькавыя. З ручкамі, ножкамі, усе плачуць і смяюцца, да мамкі просяцца.