— Малтын. Хочаш, я з табой збягу? Мы ж сяблы?
Хлопец заўсміхаўся.
— Не, Генрых, не трэба. Ды я і не збягаю: за мной бацька прыехаў.
Казімір уздыхнуў:
— Пашчасціла. Калі ад’язджаеш?
— Зараз.
— Вось гад, каб не прыйшлі, то і не развітаўся б!
— Не адшукаў бы.
— Брэшаш!
— Няхай і так. Але добра, што сустрэліся.
— Можа застанешся? — жаласліва папрасіў Генрых.
— Не.
— І правільна, табе іншае патрэбна, — згодна матнуў галавой старэйшы. — Галоўнае, не забывайся на нас, пішы лісты.
— Не люблю.
— Ну не, брат, прыйдзецца. А то грош цана твайму сяброўству.
Марцін махнуў рукой:
— Згода. Слухай, а чаму вы так рана?
— Рыторыкі не было, замянілі заняткамі ў тэатры, а мы прыйшлі пераапрануцца.
Ён прыслухаўся.
— Чу! Нехта ідзе!
У пакой у суправаджэнні манаха ўвайшлі служкі, якія згрэблі рэчы паніча і панеслі да карэты. Марцін жа выняў з куфэрка сцізорык і падаў братам.
— Каб памяталі пра мяне.
— Ну, братка, гэта шчыры падарунак. Прымі і ты ад нас вось гэты кулон ды абяцанне прыйсці на дапамогу.
З гэтымі словамі Казімір зняў з шыі кулон і працягнуў хлопцу. Той пакланіўся і кінуўся абдымаць сяброў. Яны пастаялі так трохі на развітанне, і Марцін пайшоў прэч. Ён крочыў па калідоры і разумеў, што ў апошні раз бачыць усё гэта. Паўз яго праходзілі браты-езуіты, іншыя вучні, а ён праводзіў іх вачыма і ўсміхаўся.
Раптам з-за дзвярэй настаўніцкай з’явіўся Тхор. Учэпістым позіркам выкладчык прабегся па калідоры, адразу заўважыў Марціна і паклікаў да сябе. Таго аж затрэсла.
— Спадар, я цябе якраз шукаў. Чуў пра ад’езд. Я ад пачатку ведаў — ты ў нас ненадоўга, не прыжывешся. Адно шкада — наш тэатр згубіў добрага акцёра. Так не маню. Жадаю поспехаў.
Марцін ужо збіраўся ісці прэч, калі Тхор раптам схапіў яго за каўнер, нахіліўся да вуха і зашаптаў:
— Не зганьбіце гонару нашага калегіума. Адзін жмук гнілой саломы ў стагу капу псуе. Я буду за гэтым сачыць, і няхай толькі...
Ён заскрыгатаў зубамі і выпрастаўся.
— Цяпер бывайце.
Словы Тхора збілі Марціна з панталыку. Узрушаны, ён выйшаў з будынка і накіраваўся да фурманкі, дзе чакалі бацька і Катажына.
***
Дом пінскага падстаросты Адама Пратасевіча вылучаўся сярод іншых камянічак. Зрэшты, суседнія дамы некаторых мяшчан-купцоў амаль не саступалі яму раскошай і прыгажосцю, але яму дадавала пекнасці яшчэ і выгоднае знаходжанне на ўзгорку, адкуль адкрываўся не толькі від на цэнтральны пляц, але і на касцёл езуітаў і Піну, якая павольна і рахмана гнала сваю плынь насустрач Прыпяці. Цяпер, калі сонца ззяла на яе роўнядзі, здавалася, што бераг абмываюць срэбныя хвалі.
Карэту Нямцэвічаў сустрэў служка, апрануты ў чырвоную світку. Калі пан з дзецьмі выйшлі, ён узяўся паказваць вазніцы яго месца на стайні. Другі служка чакаў на ганку і павёў іх да пакояў. У прасторных сенцах, куды ён іх спачатку завёў, для адзення гасцей была спецыяльная шафа. Падлогу ўсцілаў персідскі кілім, стаялі драўляныя крэслы з выразнымі парэнчамі ў выглядзе галоў ільва і спінкамі, упрыгожанымі роспісам дзіўных птушак. На сценах вісела пяць люстраў, у якіх адбівалася святло свечак на трох жырандолях.
Насустрач гасцям выйшаў сам гаспадар. Паны былі рады адзін аднаму ды, хоць сівыя грывы мелі абодва, ледзь не пусціліся ў скокі. Марцін з павагай нахіліўся і пацалаваў пану Адаму руку, а пасля шчокі і лоб. Калі ж той убачыў Катажыну, стары воўк не мог даць веры, бо малое дзяўчо, якое не так даўно трымаў на руках, неверагодным чынам ператварылася ў дзяўчыну.
— Кася... Выбачайце, панна Катажына. Вы ўжо нявеста! Юзаф, — звярнуўся ён да сябра. — Ці не занадта доўга перабіраеш кавалераў? Калі ўжо ўбачу сваю хрэсніцу з немаўлём на руках?
Катажына пачырванела і адвярнулася.
— Ну, доню, што за глупства? Чаму галавой круціш? Усе вы такія, ды супраць прыроды не папрэш! Мая Анэля крычала маці, жонцы маёй, што пострыг хоча прыняць, — ён засмяяўся. — Цяпер ужо трэцяга носіць пад сэрцам. Ды, з гаворкі выйшла, схадзіла б ты да яе.
— Яна цяпер у вас?
— Прывезла ўнукаў, каб бабку парад аваць. Ой жа, чэрці! Памятаеш, дзе яе былыя пакоі? Зайдзі, а мы тут з бацькам тваім пра справы мужчынскія пагутарым.
Дзяўчына выйшла з гасцёўні. Марцін жа, якога таксама ўжо не займала ні калекцыя зброі, ні мяккае крэсла, хадзіў уздоўж сцяны, счапіўшы рукі за спінай. Пан Адам заўважыў гэта і паклікаў яго.
— Чаго смуткуеш, ваяр? Зараз знайду табе кампаньёна.
Ён крыкнуў, і перад гасцямі з’явіўся малады служка.
— Янка, — вымавіў гаспадар, — пакліч сюды Тадэвуша!