Людзі здзічэлі ад жаху і верылі ва ўсялякія забабоны. Поп у суседнім мястэчку хапаўся за галаву, калі яму распавядалі пра тое, што рабілася ў вёсцы. Спачатку нехта пусціў плётку, быццам Адась з суседніх Гацькавічаў, едучы на возе праз Стары Бор, падвёз нейкую чорную худую бабу і тут пакінуў. Па чутках, гэта была Трасца. Уночы да яго прыйшло чалавек дзесяць са Старога Бору, прыгразілі нажом і пачалі пра ўсё дапытвацца. Адась спачатку адмаўляўся, крыж пацалаваў. Пасля зразумеў: з гэтымі кашы не зварыш, і паспрабаваў уцячы. Яго схапілі ды збілі так, што раніцай сканаў. У Сасноўках жанчыны і дзяўчаты, адзетыя ў жалобу, хадзілі Трасцу пужаць. Да самага змяркання тапталіся вакол вёскі, грукалі, крычалі, каб адагнаць хваробу. Усе вельмі баяліся благіх прыкмет. У хаце ўдавы Хадосці выпадкова скінуліся міскі з прыпечка. Гаспадыня тады ледзь з глузду не з’ехала: хвалявалася за пецярых чубатых сыноў. Казала, быццам гэта пячурнік яе перад няшчасцем папярэджвае, дрыжэла, малілася за малодшага Юраську, бо таго яшчэ пастрыгчы не паспела. Толькі сама не ўбераглася: праз тыдзень пакінула ўсіх сіротамі на ахову святому Юльяну.
Стары Тарас ужо тры дні не падымаўся на ногі. Ён стрымліваў сябе, каб не енчыць, бо даводзіў тым унучку да плачу. За гэтыя дні прайшлі перад вачыма яго гады, а жыццё пражыць — не песеньку спець. Светлым успамінам з дзяцінства быў дзень, калі бацька падарыў яму маленькі просценькі сцізорык з касцяной ручкай і вострым лязом. Гэта быў скарб, якому зайздросцілі ўсе сябры. Прыгадаў, як у час засевак выбралі яго. Як ганарылася маці і чыста прыбірала ў хаце, бо, казала, тады і палі будуць чыстымі. Пасля ён, чубаты, у белай кашулі нясмела тупаў па першым полі і нават калі пазней займеў уласную палоску, то выходзіў у поле, як на свята. У першы дзень уставаў на золку, нетаропка збіраўся, мыў твар крынічнай вадой і выціраў абрусам, які падносіла жонка. Чамусьці запомніў той момант, як яна выняла з куфра новую кашулю, а ў вярэньку паклала свянцоную ваду, хлеб, соль, яйкі, якія павінны зберагчы ад дурнога вока і перадаць ніве жыццёвую сілу. У такі момант ён рабіў усё так, як некалі бацька. Святой вадой акропліваў валоў і пачынаў араць, але працаваў нядоўга і вяртаўся дахаты, дзе чакала жонка, якая загадзя пякла печыва, гатавала мяса і асвячала ў царкве яйкі.
Ой, як жа ён кахаў сваю Антаніну! Пасля вяселля хату збудаваў па дзедаўскім звычаі. Напярэдадні ў месцах, дзе, меркаваў, прыйдуцца куты хаты, насыпаў жыта.
Раніцай праверыў, але зерне было раскідана, быццам курыца разгрэбла. Сцяміў — праца рук хатніка. Значыць, той не жадае, каб на гэтым месцы хата стаяла. Тады зноў насыпаў чатыры кучкі ў іншым месцы, ды зноў разгроб нехта зерне. Хацеў ужо кінуць і пабудаваць, як атрымаецца, але старыя раілі з хатнікам не звязвацца. Казалі, што калі паставіць хату тут, то ноччу спакою гаспадарам не дасць. Ды, урэшце, на трэці раз дамовіўся і ў хуткім часе скончыў будоўлю.
Цяпер дзед Тарас ляжаў і дзякаваў Богу за тое, што паспелі зжаць і змалоць жыта. Борці ён таксама ўладкаваў і пачысціў, а ўвесну дачка з унукамі павінны самі справіцца. Васілька падрос, замест яго пан Незабытоўскі старэйшым на стайню возьме, яны ўжо гэта замовілі. Дачку было шкада, бо палову жыцця ўдавой пражыла, шчасця няшмат зведала, а цяпер увогуле адна застанецца. Сэрца балела за ўнучку. Дужа хацеў стары пабачыць яе ў вясельным уборы... А трасца яшчэ больш ціснула ў грудзях і перашкаджала дыханню. Дзед абвёў хату вачыма. На момант яму здалося, што перад ім стаіць яго Антаніна ды ўсміхаеца. Ці, можа, Зуліся? Яна вельмі падобна да бабкі. Ён выцягнуў руку, хацеў спытаць, але вусны не варушыліся. Дзяўчына ўсміхнулася, узяла яго далонь і павяла за сабой да святла, якое ззяла з расчыненых дзвярэй так ярка, што сляпіла вочы...
Ужо трэцюю ноч сваю моц спрабавалі маразы. Яны старанна зашклілі чыстым ільдом лужыны, узбярэжжа ракі і спакойную роўнядзь возера. Дабраліся нават да цэбраў з вадой, і калі якая гаспадыня не заносіла іх на ноч у хату, то раніцай прыходзілася выкалупваць лёд, каб напаіць быдла. Гэтай раніцай сонца свяціла ярка. Халодны паўночны вецер, які прасушыў зямлю і паабрываў апошняе лісце на дрэвах, цяпер сваволіў удосталь. Яно кружылася ў паветры, падала на дол, і вочы тапіліся ў залаціста-чырвоным сусвеце. Над краем плылі чароды птушак, луналі над зямлёй доўга, нібы чакалі, што раптам растане лёд, і не патрэбна будзе адлятаць.
Зуліся мыла ў начоўках бялізну на двары. Вада была ледзяная, і рукі аж скручвала ад яе зімовага холаду. Пасля трохі прызвычаілася, і толькі тады, калі высоўвала рукі з вады, на марозным паветры яны студзянелі, бы пакрываліся коркай лёду. Васілька сядзеў на прызбе і рэзаў на слончыку дзедаў тытунь. Моцна пахла спелымі яблыкамі, што былі раскіданы на траве. Гронкі рабіны гарэлі чырванню і звісалі над парканам. Вераб’і, якія паселі на старой яблыні, гучна ціўкалі ды неспакойна пераляталі з адной галінкі на другую.