Выбрать главу

Дзяўчына павесіла на галлё апошні ручнік і выцерла мокрыя рукі фартухом. Пальцамі цяжка было нават паварушыць. Зуліся падзьмухала на іх і пачала расціраць у далонях. Яна ўздрыгнула, калі ў суседзяў закрычаў певень. Павярнуўшыся ў той бок, яна сумна паглядзела на верхавіну бярозкі і перавяла погляд на брата.

— Нашто табе тытунь? Васілька, не рэж мне душу.

Хлопец змаўчаў.

— Васілька, — паклікала зноў, — не трэба.

Той зірнуў на яе, вінавата ўсміхнуўся і адказаў:

— Дзеду Лявону аднясу. Ты не думай, мне таксама...

Ён не дагаварыў, апусціў вочы і калі зноў падняў, то аж спужаўся.

— Зуліська, не плач, а то і мне выць хочацца.

Хлопец пераадолеў сябе, стрымаў слёзы і з дакорам паглядзеў на сястру.

— Лявон стары, ды і адзін застаўся. Баба Аўгіння заўчора памерла, калі нашага дзеда хавалі. Хто цяпер яе чалавека глядзець будзе?

Зуліся кіўнула і паглядзела ў неба. У блакітна-сіняй халоднай прасторы ляцела чарада дзікіх гусей. Яны развітваліся жалобным крыкам і, магчыма, цяпер зайздросцілі тым двуногім, што мелі шчасце не пакідаць родныя абшары. Гусі крычалі і ляцелі далей, а дзяўчына не магла адарваць вачэй ад гэтых драбнюткіх кропак. Пасля, крыху пастаяўшы, яна падышла да Васількі і прысела, схіліўшы галаву на яго калені.

— Што далей рабіць будзем? Маці каторы дзень ляжыць. А калі раптам?

— Змоўкні, дурніца! Сама не разумееш, што вярзеш! — прыпыніў брат.

Зуліся прыціхла і паглядзела на яго.

— Васілька, я баюся.

— Чаго?

Дзяўчына не адказала. Тады ён загаварыў больш лагодным голасам.

— Не трэба, заўтра ўсё зладзіцца, трывай.

— Добра, — згадзілася і зноў паклала галаву на калені.

Хлопцу самому раптам стала страшна, бы вось-вось пачнуцца грымоты і зямля паплыве пад нагамі. Сястра ж падняла галаву і сказала:

— Тады пайду ігліцы на падсціл Рагулі ў хлеў награбу, а ты занясеш.

— Ідзі спачатку паглядзі, як там маці.

— Добра.

Яна паднялася, абтрэсла сухое лісце са спадніцы і накіравалася да хаты. Васілька кінуў тытунь у мяшэчак і гукнуў сястру.

— Есці ёсць што?

— Рэпу варыла, капусту. Павячэраеш?

— Потым. Спачатку на двары ўпраўлюся.

— А я да таго часу карову падаю, малако будзе.

— То няхай.

Яна падышла да дзвярэй і спынілася, бо баялася ў апошні час заходзіць у хату. Брат зразумеў гэта.

— Пайшлі разам.

Зулісі зрабілася сорамна.

— Не, — пакруціла галавой.

Дзяўчына адчыніла дзверы, і яны гучна зарыпелі. "Змазаць трэба. Рыпяць, як на хаўтуры", — падумаў хлопец і крыкнуў сястры.

— Зуліся!

Дзяўчына азірнулася.

— Што табе?

— Ты... можа б у царкву схадзіла? То гэта... свечку за здароўе маці паставіла?

Яна спахмурнела.

— За дзеда ставіла, а яно ўсё роўна.

— Ды я не...

— Схаджу, — раззлавалася яна і зачыніла за сабой дзверы.

Маці ляжала нерухома на палацях. Зуліся падышла да печы, адсунула заслонку і выняла чыгунок з вадой. Пазмятаўшы смецце з прыпечка курыным крылом, яна паклікала:

— Матулечка, табе можа што прынесці?

Маці не адказала. Тады дзяўчына падышла да яе і закрычала. Да горла падступіў камяк, і яна адчула, што ногі ўжо не трымаюць. Неяк адолеўшы млосць, дзяўчына выскачыла з хаты. Яна дабегла да дуба і там не вытрымала, упала на калені і пачала вырываць траву, б’ючы рукамі зямлю. Знямогшыся, Зуліся перавалілася на спіну, утаропілася шклянымі вачыма ў небасхіл і знерухомела.

***

Улляна і Людовіка сядзелі каля агню. У каміне патухалі адзін за адным вугельчыкі. Людовіка пазірала на жар і бавілася з ім: то падсоўвала бліжэй ножкі, то прымала і мацала пачырванелыя шчокі халоднымі ручкамі, якія праз хвіліну станавіліся такімі ж гарачымі.

— Давайце, панначка, прычашу ды будзеце апранацца, — сказала Улляна.

Людовіка скрывіла нос і пакруціла галавой.

— Не, не хачу. Я так хадзіць буду.

— Паважныя пані так не робяць.

— Адкуль ведаеш? Ты ж, акрамя нашага маёнтка, нідзе не была.

Улляна паднялася з падлогі і абтрэсла спадніцу.

— Чаму ж. А калі да вас прыязджалі панначкі пагасцяваць? — яна падышла да століка і ўзяла грэбень. — Ды і ваша маці...