У атачэнні слуг стаялі два шляхціцы. Адзін, з сівым павуціннем на галаве і доўгімі вусамі, уважліва разглядаў яго, быццам прыцэньваўся. Ён быў высокі, худы і трохі горбіўся, а адну руку трымаў на эфесе шпагі. Другі, юнак сярэдняга росту, ветліва ўсміхаўся, прыхільна пазіраючы на Офенберга. Ён першы загаварыў, узяўшы Феліцыяна ў абдымкі.
— Ах, братэньку, нездарма я сёння сон бачыў, што госць да нас завітае. А вы, татка, веры не давалі. Бачыце, як яно!
— Сапраўды! Мы вельмі рады яснавяльможнаму. Праходзь, шаноўны, не варта стаяць на марозе.
Феліцыян зайшоў у хату, адкуль прыемна пахла вячэрай. Агледзеўшыся, упэўніўся, што трапіў да дробнай шляхты ці "шарачкоў", як іх яшчэ грэбліва называлі больш заможныя паны. У адрозненне ад разбэшчанай прыдворнай шляхты, а таксама фальваркавай, "частковай" шляхце і "шарачкам" жылося цяжка. Іх побыт мала чым адрозніваўся ад халопавага. Але, нягледзячы на гэта, яны горда называлі сябе панамі і старанна аберагалі гэты свой тытул, ад чаго нават часам рабілася смешна. Гаспадары запрасілі госця за стол:
— Пакаштуй нашага сціплага паедку, яснавяльможны. У цябе, пэўна, даўно кішкі марш іграюць.
Стары ўсміхнуўся і паглядзеў уважліва на Феліцыяна. Той злавіў сябе на думцы, што сімпатызуе гэтаму чалавеку, які, відаць, шмат чаго меў за плячыма. Глыбокія зморшчыны парэзалі яго твар, пажаўцелы ды грубы, і прамянямі рассейваліся з вугалкоў вачэй, вельмі жывых і светлых.
— Які вецер занёс цябе да нас, братка? — звярнуўся да Офенберга малады пан. — Чаму ў такую пару зямлю мераеш?
Той распавёў ім пра выпадак у лесе, але змаўчаў пра дуэль, выбраўшы толькі некаторыя моманты, каб растлумачыць, як апынуўся ў Нясвіжы.
— Значыць, смерць у вочы паглядзела? — перапытаў стары гаспадар.
— Няўжо такое на свеце здараецца! — выдыхнуў яго сын.
— Розных і мне жыццё караваяў напякло. Вось так ведаеш, што пірог крыпаны, а вось з чым — здагадаешся толькі тады, калі пакаштуеш.
Пан Юры перавёў позірк на госця.
— Стралец страляе, а пан Бог кулі носіць.
Юнак зірнуў са здзіўленнем.
— Хочаш даведацца, чаму так гавару?
Феліцыян кіўнуў.
— Па вачах цябе бачна, шаноўны. Кажу, бо пажыў ужо. Іншы жупан часам не варты сярмягі. Ды што жупан! Думаеш, мы з магнатамі роўныя?
— Што ж такое гаворыце, бацька? — здзівіўся Адам.
Ён пачаў размахваць рукамі і апантана гаварыць.
— Паводле права роўныя. Маем жа вольнасці шляхецкія, гербы, караля, законы і, нарэшце, горла. Калі хто мне яго перарэжа, то заплаціць столькі ж, колькі і за іншага пана!
— Малады ты, Адаме...
— Бацька! — цяпер ужо ўзмаліўся юнак. — Усе зоркі роўныя па памерах! Толькі сярод іх ёсць няроўнасць, бо адна ад другой свеціць ярчэй, але гэта не псуе кожную.
Пан Юры паглядзеў на яго і паківаў галавой.
— Так, па Статуце мы роўныя, але ў жыцці... — ён уздыхнуў — Сам Радзівіл можа з табой за адзін стол сесці і называць "братка", ды вось толькі паспрабуй яму запярэчыць ці не выканаць загад, як адразу скажуць, хто ты. Не толькі сам, а і дзеці з унукамі яго няміласць спазнаюць. Дарма, што хвіліну таму крычаў табе: "Любімся!"
— Бацька! Душа плача ад тваіх слоў! У нас жа Рэспубліка!
— Даведаешся, што значыць гэтае слова, калі цябе на сеймік запросяць і загадаюць скакаць пад чыю-небудзь дудку! Чаго вочы вырачыў? Святая праўда! Наш госць пацвердзіць.
Паніч з надзеяй паглядзеў на Офенберга, а той не змог вытрымаць гэтага наіўнага дзіцячага погляду і апусціў вочы.
— З голай кішэняй нічога не зробіш. Мы ў іх руках сляпая зброя. Скажуць на сейміку голас за аднаго аддаць — аддадзім, загадаюць за другога кашулю на сабе парваць — тое і зробім. Ім бяда вялікая, што гэта апошняя світка?
Феліцыян слухаў і не суваў носу ў гэты маналог, бо разумеў, што старому даўно набалела.
— А за непаслухмянасць можна вельмі лёгка пакараць, — працягваў пан. — Пазбавіць арэнды, учыніць наезд на фальварак, урэшце, збіць кіем ці розгамі.
Ён паглядзеў уважліва на сына.
— Кожны праўду ведае, ды не кожны яе любіць. Эх, калісь і наш Бог прачнецца! Але ж што гэта я... Пайду загадаю госцю сцяліць.
З гэтымі словамі шляхціц падняўся з лавы і выйшаў. Адам сумна ўсміхнуўся і апусціў вочы, больш нічога не пытаючы ў Феліцыяна. Так яны моўчкі сядзелі некаторы час, пакуль стары не вярнуўся і не запрасіў Офенберга ісці за ім.
***
Катажына спускалася па прыступках на другі паверх, каб зайсці ў бібліятэку. Яна задумалася і ішла па інерцыі, калі раптам пачула: