Выбрать главу

— Між тым, панна Гертруда за старым панам Янушам даўно замоўлена, таму і плача кожны вечар, а ў касцёле на каленях кленчыць.

— А пані Ядвіга была?

— А як жа! Божа літасцівы, са старой пыл сыплецца, а на балі скача!

Яны засмяяліся.

— Што яшчэ адбылося?

— Бачыла пана Радзецкага.

— Г эта праўда, што яму руку адсеклі?

— Праўда, бо на сейміку не хацеў голасу змяніць. Паны Даброўскі з Хмарай нават не размаўлялі і не глядзелі адзін на аднаго. Не так даўно першы на другога збройны наезд зрабіў, то цяпер судзяцца.

Яна замоўкла. Пасля, раптам нешта прыгадаўшы, падскочыла і зноў пачала апавядаць.

— Ці ведаеш, што Яўстафія Грышэўская аддадзена бацькамі да Радзівілаў на выхаванне?

— Таварышкай?

— Ага. Да жонкі гаспадара.

— Шкада яе — нагаруецца там.

— А як жа! Толькі мо да лепшага ўсё ж? Грышкоўскі нават старэйшай дачцэ не зможа добры пасаг забяспечыць. Такі пан, што боты ў латах, але стараецца таго не паказваць. На стале есці няма чаго, а прыбіраецца, каб не горш за якога сябру-ка свайго. Калі аддасць Радзівілам, то тыя выдадуць дзеўку замуж ды прызначаць пасаг, які бацька нават не нашкрабе. Ім грошай не ўбудзе!

Катажына кіўнула і апусціла вочы. Багдана, зразумеўшы яе смутак, не наважвалася загаварыць першай, а паднялася і пачала хадзіць па пакоі, уважліва разглядаючы інтэр’ер.

— Як твой сынок? — нарэшце спытала яна.

— Якраз сёння прыехаў настаўнік, якога наняў Станіслаў.

— Малады? Прыгожы?

— Занадта малады, Багуся, таму...

— Ой, Катажынка, глупства... Толькі памятаю, што ты ўсё хацела аддаць малога на выхаванне дзеду.

— Думала, пабудзе з бацькам гадоў дзесяць, а тады і назад забяром.

— То чаму ж?

— Станіслаў не захацеў. Сказаў, цяпер па-іншаму робяць.

— Дурное. Вось я да дванаццаці год маці не бачыла, пакуль час у свет выйсці не прыйшоў. Памятаю, як сказала мне нянька, што пабачуся хутка з ёй, то мне так страшна зрабілася, але потым...

— Цяпер інакш.

— Не кажы. І сёння так шмат хто робіць: дзеду з бабкай, няньцы ці заможнейшым панам на выхаванне пакідаюць. А як падрасце, то тады час мамку з бацькам убачыць.

Багданіца падумала трохі і дадала:

— Мо і добра, што вы настаўніка ўзялі. Учора пан Кастусь такія жахі пра сваю колішнюю акадэмію расказваў. Гаварыў, горшых вучняў садзілі на нейкія "асліныя лаўкі" каля печы ці вадзілі па вуліцы ў саламянай кароне.

— Ведаю. Марцін яшчэ распавядаў, нібы ў кожным класе таемна прызначаецца "цэнзар", які даносіць настаўнікам.

— Ой, дзякуй Богу, пан Юзаф забраў яго адтуль. Вучыў бы адну філасофію і тэалогію. Гэтых бедных дзяцей прымушаюць гаварыць толькі на латыні, нават у горадзе. Я аднойчы сама бачыла, як адзін з пекарам мучыўся. Ён просіць слодыч, а гэты не разумее і суне хлеб. Хлопчык ужо пальцам пачаў паказваць, а той дурань не бачыць. Я не вытрымала, бо ў малога такі няшчасны выгляд быў, дык растлумачыла. Як жа ён заззяў!

Яны засмяяліся.

— А што яшчэ табе пан Кастусь на вушка нашаптаў? — пакпіла Катажына.

— Паспрабаваў пацалаваць, калі ніхто не бачыў.

— А ты і не супраць? Дурань твой пан, як не зразумееш! У ладным адзенні, а бруд аж блішчыць.

— Чаму так яго не любіш?

— Дык жа відаць, што за чалавек! Вочкі ў сіраты пазычыў, а думкі ў разбойніка. Можа, калісь на занятках па тэалогіі яму вушы серай залілі?

Багдана з непаразуменнем паглядзела на сяброўку.

— Я пра тое, што не чуў ён святых слоў! — засмяялася тая.

Багданіца плюнула і махнула рукой.

— Ой, Катажынка, цябе не выправіш. Лепш пачастуй мяне кавай са слодычамі.

***

Дзяўчына азірнулася і сумелася, сустрэўшыся позіркам з дзіўным юнаком. Вузкія зялёныя вочы Ігната даўно цікавалі за гэтай пекнай шляхцянкай. Сядзеў спачатку ды любаваўся, сачыў за кожным яе рухам, бляскам шэрых вачэй, якія з непрыхаванай кплівасцю аглядалі прысутных. Тое яму больш за ўсё падабалася: яе пагарда гэтымі хамамі. А вочы! Колькі ў іх жыцця і нават чагосьці вядзьмарскага! Чараўніца! У той момант вочы Зулісі міжволі спыніліся на ім, і панначка, зноў злавіўшы стрэчны позірк, раптам пачырванела. На твары той румянец успыхнуў кветкай чырвонай ружы, але хутка знік, бо яна добра валодала сваімі пачуццямі. Ігнат жа і не падумаў адвесці вочы. Нарэшце хлопец наблізіўся з нізкім паклонам, пачціва зняўшы перад дзяўчынай капялюш.

— Дазвольце, шаноўная панна, вітаць вас. Аб’ехаў палову нашага панства, але такой прыгажуні не сустракаў!

Шляхцянка засмяялася і адказала:

— Можа і так, але здаецца мне, што ўсе паненкі з той паловы, якіх пан меў магчымасць бачыць, чулі тое самае!