Ігнат аж прысеў.
— Ах, панна! Маё сэрца абліваецца крывёй. Няўжо шаноўная не верыць майму слову?
— Ведай, паніч, што бусел глядзіць на ваду, а ўглядаецца пад ваду. Так і я, бо воўк не пастух, а каза не агароднік.
— Ох і язычок у вяльможнай!
А сам пра сябе дадаў: "Не язык, а шыла ды з перцам!"
Зуліся нічога не адказала і адвярнулася. Тады Ігнат абышоў вакол і зноў стаў перад ёй.
— Чаму пані на мяне сэрца мае?
— Таму што пан глядзеў на мяне, як у сабакі вачэй пазычыўшы.
У шляхціца ад гэткіх слоў і мову заняло. Выручыў яго дзядзька Бенядзікт, які падсеў і зухавата падміргнуў панічу:
— Вядзі, Ігнат, паненку да моладзі, павесялі госцю. Там і таварышы твае ўжо сабраліся. Глядзі, калі не дурань, за такой прыгажуняй. Дзе ты яе знайшоў, шахрай? От, чуе чорт, дзе смажаным пахне!
Ён падхапіў іх і зацёг у іншы пакой, дзе ў асобнай зале сабралася маладзь. Смех і гоман там сапраўды не сціхалі. Гулялі ў загадванне слоў, і зараз была чарга юнакоў. Кожны задаваў пытанне выбранай дзяўчыне, якая мусіла даць трапны ці жартоўны адказ. Калі панна не адгадвала, то павінна была адкупіцца пацалункам, таму і выбіралі найпрыгажэйшых ці найбольш сарамлівых, з якіх можна было пакпіць. Таму знарок прыдумлялі пытанне з двайным сэнсам, каб панны засаромеліся даць адказ. Цяпер жа загадваў Ян Яблонскі, які даўно чапляўся да Марысенькі Садоўскай. Панначка заўжды чырванела і закрывала твар далонькамі, а паніч прыдумваў усё новыя смешныя загадкі.
— У што пані пхнуць, каб вада пацякла? — блазнаваў ён.
Ад такога пытання Марысенька аж пабялела, а Ян трыумфаваў:
— Ну, кажы, паненка!
Шляхцянка не вытрымала і выбегла з пакоя, а ёй услед чуўся рогат хлапечай кампаніі.
— У сажалку, — паляцеў наўздагон адказ паніча.
Ігнат таксама хітра ўсміхнуўся і паглядзеў на Зулісю.
— У мяне пытанне! — выгукнуў юнак. — І да самай ладнай паненкі ў гэтым гурце!
Вочкі маладых шляхцянак заблішчалі ў чаканні, каго ж ён назаве найпрыгажэйшай?
— Вось той, — працягваў дурыцца паніч, — у чырвоных пантофліках.
Зуліся ўсміхнулася. "Ах ты, валацуга, блазнуеш! Вось у каго ляйчына пад хвост
патрапіла!" — падумала яна.
— Адкажы, панначка, што табе патрэбна зрабіць, каб дзіця мела?
Вымавіў і, задаволены, засмяяўся ў рукаў, сустрэўшы адабральны гул сярод хлопцаў. Паненкі ж зачырванеліся, пачалі перашэптвацца, а некаторыя пахавалі вочы. Уся ўвага была звернута на Зулісю. Дзяўчына зрабіла крок наперад, уважліва абвёўшы вачыма залу, працягнула рукі да Ігната і прамовіла:
— Панічу трэба даць мне яго ў рукі патрымаць. Тады буду мець дзіця... у руках!
Ігнат не чакаў, што яму нос падатруць, а тая працягвала выбіраць вочы.
— А цяпер дазволь, шаноўны, мне задаць пытанне. На вадзе ляжыць ды не тоне, па агні бяжыць, ды не гарыць.
Ігнат зморшчыў лоб і прыціх, але ў галаву нічога не лезла.
— Вось табе і маеш! Прыдумай, панначка, іншую, пашкадуй.
— Добра. Што любіш, але не купіш, а што не любіш, ды не прадасі?
Ігнат задумаўся, але нічога не мог адказаць. Непрыемную цішыню перарваў нечы голас.
— Можа, пані дазволіць адказаць на пытанне?
Зуліся азірнулася. Перад ёй стаяў Феліцыян і пазіраў на яе з непрыхаванай пяшчотай.
— Калі ласка. Я язык нікому не завязваю.
Офенберг усміхнуўся.
— Любіць чалавек маладосць, але не купіць за грошы. А вось старасць, хоць зусім не патрэбна, не зможа не толькі прадаць, але і аддаць іншаму. Адказаў на тваё пытанне?
Дзяўчына кіўнула і сарамліва ўсміхнулася яму ў адказ. У гэты момант якраз усіх гасцей паклікалі ў галоўную залу танчыць. Зуліся выходзіла амаль апошняй, калі яе хтосьці затрымаў за руку.
— Куды ляціш, чараўніца?
Панначка спахмурнела.
— Шаноўнаму не трэба так гаварыць. У чым я перад ім вінаватая?
— Што з сэрца не вырваць. Скажы, чым прываражыла і як ад гэтага лячыцца?
Тая засмяялася.
— Лячыўся ж неяк, калі столькі часу ад паніча ніякай вестачкі не было.
— Не злуйся, панначка, не хацеў пакрыўдзіць. Не па сваёй волі не змог дагэтуль з табой пабачыцца. Але вось цяпер тут дзеля цябе. Падабаешся мне, прыгажуня. Адкажы і ты, ці я да сэрца табе?
Дзяўчына запунсавела і схіліла галаву. Шляхціц зноў запытаў:
— Ці будзеш яшчэ чакаць, пакуль не пагавару з бацькам?
Яна кіўнула і закрыла твар далонькамі. Феліцыян сарваўся з месца, падхапіў яе і падняў у паветра. Так пакружыўшы, нарэшце асцярожна апусціў свой скарб на падлогу і стаў на калена.
— Калі згадзілася чакаць, то прымі гэта.
Ён працягнуў срэбны медальён з выявай Найсвяцейшай Панны.