Выбрать главу
* * *

А за што ж ты яго акрывавіў, за што?!»

Гэта — з «бабскага» (маці, жонка, сястра) галашэння пасля дурное бойкі дзяцюкоў на вясковай вуліцы, якія я ў маленстве бачыў i ў нашым Загоры.

Цяпер успомніў, пачуў гэта — з-за падтэксту. Бо i так жа ў народзе гаворыцца:

«За што ж ты яго, ён жа i так гарапашны?..»

У падтэксце плачу — жаль па братэрстве, ці як тут сказаць?..

* * *

Жангліраванне, бразгаценне замежнымі навуковымі тэрмінамі, у чым шчыруюць некаторыя, асабліва маладыя крытыкі, ад чаго незалежна, збоку прайшла, ідзе, увайшла ў нацыянальную скарбніцу паэзія нашых сапраўдных паэтаў.

З ганку дачнага дома бачу — за агародам i дарогаю — града маладога густога бярэзніку. Высока-стрункія, з маленства мілыя мне стракатасцю беленькай бяросты, гнутка высокія бярозкі ўтульна патанаюць у сакавіта непрадзьмутай лістоце. I толькі самыя вершалінкі патольна пашавельваюцца ад подыхаў лёгкіх ветрыкаў, якія пагульваюць над лесам.

Так яно — калі ціха. A днямі, калі шырока ды моўчкі насоўвалася навальніца, вецер, які «нарваў» яе, доўгачаканую ў штодзённую спёку, разбушаваўся бярозавым вершняком, нібы марскімі хвалямі. Бярозкі не штурхаліся ў сполаху, а неяк і бесталкова, i зладжана гнуліся, гайдаліся, пакуль на ix не абрынуўся лівень...

Я глядзеў на гэта ўдзячна за такое відовішча i ўсё шукаў у сваім слоўным запасе, з чым жа яго параўнаць, каб найболей дакладна.

Тады быў адвячорак. Назаўтра ўранні, зноў жа з крэсла на ганку, яны мне ўбачыліся ў сваім нячутным зводдаль пошуме яшчэ ўсё разгайданымі, ды спакайней, не значна, а проста непараўнальна.

A зусім спакойна — яшчэ праз дзень, зноў сонечны — пад густа дробненькім сяйвом пералётнага, дабрадушнага дожджыку, як пад пяшчотна цёплым душам. Стракатыя ствалы (сказаў бы: стволікі) нават вяршкамі не гнуліся, толькі мокрай лістотай паварушвалі — ад асалоды.

* * *

Хамá, малады сімпатычны сабака, істота яшчэ i разумная.

Мяккі фатэль, з-за старасці прывезены сюды, на дачу, стаіць на ганку. I пасядзець на ім любіць кожны i кожная з нашых. Хама — таксама.

Калі я толькі выйшаў на ганак, ён ветліва паімкнуўся саступіць мне месца, а зразумеўшы маё: «Ляжы, ляжы, я не сюды!», задаволена ўкурчыўся ў сваю, таксама ўжо прывычную, утульнасць.

A неўзабаве — такое:

Каля калонкі ён зблізку заглянуў у бляшаную ванначку, поўную вады, што грэецца для вячэрняга паліву ў градах. У ёй адлюстравана крыху чыстага неба i яшчэ менш лістоты старое ліпы з ніжэйшай адтапыранай галіны. Хама тут ніякага дзіва не ўбачыў. Яно пачалося з таго, што ён заглянуў бліжэй цераз бляшаны край, убачыў у гладкай вадзе — сабачую лабэціну!..

Мы з дачкою сядзелі пад ліпай за стадом, i я першы заўважыў, як наш нястомны пазнавальнік сельскага наваколля то асцярожна набліжаўся вачыма да адлюстравання ў ванначцы, то торкаўся галавою назад, амаль адступаўся рыўком. Цікавасць перамагала асцярогу, а то i страх, а потым i зусім перамагла, — ён наблізіўся зноў i пагрозліва гаўкнуў туды цераз край. А той, што ў вадзе... той гаўкнуў таксама!.. I наш даследчык заднім ходам ірвануўся ад ванначкі. I на момант спыніўся разгублены — а што ж далей?..

Не звярнуўшы ніякай увагі на тое, што мы за сталом засмяяліся. З яго, яшчэ ўсё гарадской, наіўнасці.

* * *

Дубы... Дубы...

Двое з маіх гасцей, Віктар Карамазаў i Анатоль Кудравец, пераплыўшы Нёман, пайшлі ад дуба да дуба, i першы, i другі паспрабавалі абняць. Дзе там! — яшчэ хіба каб трэцяга каго сюды, а той й чацвёртага! I сказалі хлопцы пасля, на застоллі, што хочуць прыехаць сюды з палаткай, паставіць яе тыдні на два паміж дубамі, каб i пра вечнасць часамі задумацца...

Застолле тым часам было спакваля на зыходзе, тэмы тостаў вычарпаліся, пачалі паўтарацца. Бо з тымі двума было яшчэ пяць маладзейшых сяброў-пісьменнікаў — Алесь Пашкевіч, Пятро Ламан, Барыс Пятровіч, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Пра тыя дубы, пра палатку паўтарылася зноў... I я дазволіў сабе такое:

— Калі тут у нас пасля дуба застаецца яго шырозна-круглы, магутна заземлены пень, то бывае i так, што нейкім цудам у яго западзе, ушчымліваецца малюпасік бярозавага насення... Ужо на працягу блізу дваццаці гадоў, вядучы новых ды новых гасцей да бацькі Немана, я паказваў ім на прыдарожным пні нявінна смелае беразанятка, пасля, праз іншыя дачныя леты, хваліў бярозку-падростка, а сёння ўжо, дарагія мае, мы з вамі палюбаваліся сталай красуняй!.. Дык возьмем яшчэ па кроплі i за бярозу на дубе. З ягонай сілай i з яе красой!.. Нічога, што я ўжо трохі надрукаваў пра гэта гадоў з сем-восем таму назад, — бяроза ж i далей расце, а новыя госці, дзякуй ім, едуць!..