Ужо тае ж ночы, спачатку чуваючы, потым у сне, ён праiнспектаваў велiзарнае поле з руiнамi сваiх успамiнаў. Ён перабраў мiльёны i мiльёны абломкаў, кубiкаў, цаглiнак, з якiх будуюцца пахi, i сiстэматычна iх упарадкаваў: добрае да добрага, благое да благога, тонкае да тонкага, грубае да грубага, смярдзючае да смярдзючага, пахучае да пахучага. Праз тыдзень гэты парадак стаў яшчэ больш зладжаны, каталог пахаў яшчэ больш змястоўны i дыферэнцыраваны, iерархiя яшчэ выразнейшая, ужо неўзабаве ён мог прыступiць да планавага будаўнiцтва гмахаў паху: дамы, сцены, лесвiцы, вежы, сутарэннi, пакоi, тайнiкi... з кожным днём больш шырокая, з кожным днём усё прыгажэйшая ўнутраная моц цудоўных пахавых кампазiцый.
Тое, што на пачатку гэтай раскошы стаяла забойства (калi толькi ён наогул усведамляў гэта), анi яму не абыходзiла. Вобразу дзяўчыны з вулiцы Марэ -- яе твару, яе цела -- ён ужо не мог успомнiць. Бо ж ён захаваў самае лепшае, што выбраў i прысвоiў: сутнасць яе духмянасцi.
Тымi часамi ў Парыжы было больш тузiна парфумнiкаў. Шасцёх з iх жыло на правым беразе, шасцёх -- на левым, а адзiн якраз пасярэдзiне, якраз на мосце Мяняйлаў, што злучаў правы бераг з востравам Сiтэ. Гэты мост забапал быў так шчыльна забудаваны чатырохпавярховымi дамамi, што з яго з нiводнага месца нельга было ўбачыць ракi, так што складвалася ўражанне нармальнай, грунтоўнай, добра выбрукаванай i да таго ж досыць элегантнай вулiцы. I сапраўды, мост Мяняйлаў лiчыўся адным з самых модных кварталаў горада. Тут былi славутыя лаўкi, дзе свой тавар выстаўлялi ювелiры, разбяры па чорным дрэве, найлепшыя вырабшчыкi парыкоў, чамаданаў, сумак i кашалькоў, найтанчэйшай сподняй бялiзны i панчох, рамак на карцiны i ботаў на верхавую язду, вышывальнiкi эпалетаў, гутнiкi па залатых гузiках i банкiры. I сама тут былi крама i жылы дом парфумнiка i пальчатнiка Джузэпэ Бальдзiнi. Над яго вiтрынай была напята шыкоўная зялёная паветка, побач вiсеў герб Бальдзiнi, увесь у золаце: залаты флакон з букетам залатых кветак, а перад дзвярыма ляжаў чырвоны дыванок, таксама ўгербаваны, шыты золатам. Калi адчынялiся дзверы, тылiнкаў званочак i выконваў персiдскую мелодыю, i дзве срэбныя чаплi пачыналi выпырскваць фiялкавую ваду з дзюбаў у пазалочаную мiску, якая акурат жа зноў была ў форме герба Бальдзiнi.
А за канторкаю са светлага буку стаяў сам Бальдзiнi, стары i маналiтны, як калона, i ў парыку, абсыпаным пудрай, у каптане, абшытым залатым галуном. Воблака мiндальнай вады Франжыпанi, якою ён пырскаўся шторанiцы, проста вiдавочна ахiнала i адсоўвала ягоную асобу ў нейкую празрыста-мглiстую далеч. У гэтай нерухомасцi ён нагадваў манекен самога сябе. Толькi калi тылiнкаў меладычны званочак i чаплi пачыналi фантанаваць -- што здаралася не вельмi часта,-- манекен iмгненна ажываў, стульваўся, рабiўся маленькi i ўвiшны, i, сцелючы паклоны i паклончыкi, вылятаў з-за канторкi так iмклiва, што пахучае воблака ледзьве паспявала за iм; пасля найпакорлiвейшым чынам прасiў клiента прысесцi i ўчаставацца выбарам найдаборнейшых духмянасцяў i касметычных цудотаў.
У Бальдзiнi iх былi тысячы. Асартымент -- ад чыстых эсэнцый, кветкавых алеяў, настоек, выцяжак, узвараў, сэкрэцый, бальзамаў i бальсанаў, смолаў i iншых прэпаратаў у сыпучым, цякучым i цягучым выглядзе -- памады, пасты, усемагчымыя пудры i мыла, сухiя духi, фiкстуры, брыльянцiны, элiксiры для дагляду барады, кроплi на звод бародавак i малюпасенькiя пластыры, каб выпраўляць пахiбы знешнасцi -- аж да прыцiрак, ласьёнаў, духмяных соляў, туалетных вадкасцяў i безлiчы розных духоў. Але Бальдзiнi не абмяжоўваўся гэтымi прадуктамi класiчнай касметыкi. Ён лiчыў за гонар збiраць у сваёй лаўцы ўсё, што сачылася хоць якiм водарам або хоць як надавалася на выдабыванне водару. I таму апрача курыльных свечак, пасцiлак i стужачак там мелiся ўсе пахошчы -- ад насення анiсу да карынкi, сiропы, лiкёры i фруктовыя воды, вiны з Кiпра, Малагi i з Карынта, мноства гатункаў мёду, кавы, чаю, гарбаты, сушоныя i цукраваныя фрукты, смоквы, карамелi, шакаладкi, каштаны, нават кансерваваныя каперсы, гуркi i цыбуля i марынаваны тунец. Апрача ж таго, араматызаваны сургуч на пячаткi, надушаная папера, чарнiла для любоўных пiсьмаў з пахам ружовага алею, бювары з гiшпанскай скуры, футаралы пад пёры з белай сандалавай драўнiны, горшчычкi i мiсачкi пад пялёсткi, курыльнiцы з латунi, флаконы i флакончыкi з крышталю з прыцёртымi бурштынавымi каранцамi, пахучыя пальчаткi, хусцiнкi, падушачкi для iголак, набiтыя мускатным цветам i прапашаныя мускусам шпалеры, якiя маглi сто гадоў напаўняць пакой пахам.