Выбрать главу

Такiя духi ад Пелiсье маглi абярнуць у хаос увесь рынак. Калi ў сезоне ў моду бралася мадзярская мода i Бальдзiнi адпаведна назапашваў лаванду, бергамот i размарын,-- Пелiсье выступаў з "Млосцю", перанасычаным мускусным пахам. Усiх раптам разбiрала жывёльная прага патыхаць мускусам, i Бальдзiнi нiчога не заствалася, як пераганяць свой размарын на ваду для мыцця галавы i зашываць лаванду ў нюхальныя мяшэчкi. Затое калi налета ён заказваў адпаведную колькасць мускусу, цыбетыну i кастарэўму, Пелiсье згопалу прыдумваў пахошчы пад назвай "Лясная кветка", i яны iмгненна выбiвалiся на поспех. Цаною доўгiх начных доследаў або падкупляючы за шалёныя грошы шпiёнаў, Бальдзiнi нарэшце вясвятляў, з чаго складаецца тая "Лясная кветка", -- а Пелiсье ўжо казыраў "Турэцкiмi начамi", або "Лiсабонскiм водарам", або "Букетам каралеўскага двара", або чорт яго ведае чым яшчэ. У кожным разе, гэты чалавек са сваёй неакiлзанай вынаходлiвасцю быў небяспечны ўсяму рамяству. Як тут было не пашкадаваць, што суворая часiна цэхавага права адышла ў нябыт. Да такога нахрапiстага выскачкi, да такога тарбахвата, урвiкавалка такога, якi нажываецца на iнфляцыi пахаў, варта было б ужыць самыя драконаўскiя меры. Адабраць бы ў яго патэнт, забаранiць совацца ў парфумныя справы... i наогул, хай бы гэты прайдзiсвет спачатку таго-сяго як след навучыўся! Ён жа не быў вывучаны парфумнiк i пальчатнiк, гэты Пелiсье! Яго бацька быў усяго толькi нейкi цадзiльшчык воцату, i Пелiсье быў цадзiльшчык воцату, а не хто якi там табе. I проста таму, што цадзiльшчыкi воцату маюць доступ да спiртавых прадуктаў, яму ўдалося ўшыцца ў кола сапраўдных парфумнiкаў, i цяпер ён шуруе там, як смярдзючы тхор. Навошта, скажыце, штосезону ўводзiць новыя пахошчы? Якая ў гэтым патрэба? Якая рацыя? Раней публiка спраўна абыходзiлася фiялкавай вадзiцай i простымi кветкавымi сумесямi, якiя хiба што злёгку мянялiся раз у дзесяць гадоў, не плакала. Тысячы гадоў людзям хапала ладану i мiры, некалькiх бальзамаў, алеяў i сушаных каранёў -- i жылi. Нават пасля таго, як людзi навучылiся з дапамогаю колбаў i перагонных кубаў рабiць дыстыляваную ваду, парай адбiраць у траў, кветак i рознай драўнiны iх пазхчую сутнасць у выглядзе эфiрнага алею, дубовымi прэсамi чавiць яго з насення, костачак i кажуры садавiны або старанна прафiльтраванымi тлушчамi даставаць яго з пялёсткаў, колькасць пахаў была яшчэ абмежваная. У тыя часы такi тып, як Пелiсье, наогул не мог паявiцца: бо ў тыя часы нават на выраб простай шмiнкi спатрэбiлiся б здольнасцi, якiх у гэтага воцатнiка i заводу няма. Трэба было не толькi ўмець дыстыляваць, трэба было рабiць масцi, быць аптэкарам, алхiмiкам i рамеснiкам, гандляром, гуманiстам i садоўнiкам адначасова. Умець адрознiць лой з авечай ныркi ад тлушчу цялячага, а фiялку "вiкторыя" ад пармскай фiялкi -- гэта вам не хурды-мурды. А ведаць, калi выспяваюць гелiятропы i калi цвiце пеларгонiя i што кветка язмену з усходам сонца трацiць духмянасць? Такiх тонкасцяў суб'ект кшталту Пелiсье, зразумела, не ведаў. Вельмi магчыма, што ён нiколi яшчэ i не з'язджаў з Парыжа, нiколi ў жыццi не бачыў, як цвiце язмен. Яму i не снiлася, якая патрэбна гiганцкая чорная праца, каб са ста тысяч язменавых пялёсткаў выдабыць маленечкi камячок канкрэцыi або некалькi кропелек чыстай эсэнцыi. Мабыць, ён ведаў толькi яе, ведаў язмен толькi ў выглядзе канцэнтраванай цёмнакарычневай вадкасцi ў маленькiм флаконе, якi стаяў у яго ў незгаральнай шафе побач з многiмi iншымi флакончыкамi, з якiх ён змешваў свае модныя духi. Не, у добрыя старыя часiны, калi рамяство шанавалася, такi працмыга, як гэты Пелiсье, не паткнуўся б у парфумнiкi. Яму на тое нiчога ад Бога не дадзена: нi характару, нi адукацыi, нi сцiпласцi, нi паняцця пра цэхавую субардынацыю. Усiмi сваiмi поспехамi ён абавязаны выключна адкрыццю, зробленаму дзвесце гадоў назад генiяльным Маўрыцыё Франжыпанi -- дарэчы, iтальянцам!-- i яно было ў тым, што духмяныя рэчывы распускаюцца ў вiнным спiрце. Змяшаўшы пахучыя парашкi з алкаголем i перанёсшы тым самым iх пах на лятучую вадкасць, ён вызвалiў пах ад матэрыi, адуховiў яго, вынайшаў пах як чысты пах, карацей -- стварыў духi. Якi вялiкi чын! Якi эпахальны подзвiг! Яго сапраўды можна параўнаць толькi з найвялiкшымi дасягненнямi чалавечага роду, з вынаходствам пiсьмовасцi асiрыйцамi, з эўклiдавай геаметрыяй, з iдэямi Платона i ператварэннем вiнаграду ў вiно грэкамi. Сапраўды, праметэеўскi подзвiг! Але як што ўсе вялiкiя подзвiгi духу адкiдаюць не толькi святло, але i цень i прыносяць чалавецтву разам з даброцямi яшчэ бядоты i смуткi, дык i дзiвоснае адкрыццё Франжыпанi мела, на жаль, благiя наступствы. Бо з таго часу, як людзi навучылiся зачароўваць дух кветак i траў, дрэў, смолаў i секрэцый жывёл i трымаць яго ў зачыненых флаконах, мастацтва араматызацыi паступова ўвiналася ад нямногiх унiверсалаў-рамеснiкаў i адкрылася шарлатанам, якiя толькi таго i ўмелi, што вiжаваць i вынюхваць,-- накшталт гэтага смярдзючага ўдода Пелiсье. Анi не маючы клопату за тое, як i калi ўзнiкла чароўнае змесцiва ягоных флаконаў, ён можа цяпер проста следаваць за капрызамi свайго нюху i мяшаць усё, што раптам заскочыць у галаву яму альбо публiцы.