Выбрать главу

На яго твары паявiўся ўпарты, гарэзлiвы выраз, i ён раптам адчуў сябе вельмi шчаслiвым. Ён зноў быў малады Бальдзiнi, якi адважна кiдае выклiк лёсу,--нават калi выклiк лёсу ў гэтым выпадку быў усяго толькi адступленнем. А хай сабе i быў! Больш нiчога ж не засталося. Дурны час не даваў яму iншага выбару. Гасподзь пасылае добрыя i лiхiя часiны, але Ён жадае, каб у лiхiя часiны мы не енчылi, не галасiлi, а трымалiся як сапраўдныя мужчыны. Але Ён паслаў азнаку. Крывава-залаты-чырвоны мiраж горада быў папярэджаннем: дзей, Бальдзiнi, пакуль не позна! Яшчэ моцны твой дом, яшчэ поўныя твае засекi, ты яшчэ мецьмеш добрую цану ў тваiм падзаняпалым гешэфце. Рашэннi залежаць ад цябе. Праўда, рахмана-сцiплая старасць у Месiне не была мэтай твайго жыцця -- але ўсё ж яна вартаснейшая i богаспадобнейшая за пампезную галечу ў Парыжы. Няхай яны святкуюць сваю перамогу, усе гэтыя бруэ, кальто i пелiсье. Джузэпэ Бальдзiнi пакiдае рысталiшча. Але робiць ён гэта па сваёй волi i не схiляючы галавы!

Цяпер ён быў проста горды сабою. I адчуваў бясконцую палёгку. Першы раз за шмат гадоў сутарга паслужлiвасцi, якая ўзнатужыла ягоны карак i ўсё дагодлiвей угiнала спiну, не зачапiла яго хрыбетнiк, i ён выпрастаўся, вызвалены, свабодны, узрадаваны. Яго дыханне лёгка праходзiла праз нос. Ён ясна ўспрымаў пах "Амура i Псiхеi", што запоўнiў пакой, але цяпер Бальдзiнi быў яму непаддатны. Ён змянiў сваё жыццё i пачуваўся выдатна. Цяпер ён падымецца да жонкi i паведамiць ёй свае рашэннi, а потым выправiцца на па-той бок ракi ў сабор Парыжскай Багамацi i паставiць свечку, каб падзякаваць Богу за мiлажальную азнаку i за неверагодную сiлу характару, якою Ён абдарыў яго, Джузэпэ Бальдзiнi. З амаль хлапечым шыкам ён нядбала напсунуў на лысы чэрап парык, апрануў блакiтны каптан, схапiў свечнiк, якi стаяў на стале, i пакiнуў кабiнет. Ён якраз паспеў запалiць свечку ад лоевай свечкi на лесвiчнай пляцоўцы, каб пасвяцiць сабе наверх у жылое памяшканне, калi ўнiзе, на першым паверсе, зазванiлi. Гэта не быў прыгожы персiдскi званочак каля ўваходу ў лаўку, а брынчанне каля чорнага ўваходу для пасыльных, мярзотнае дзынканне, якое заўсёды тузала яму нервы. Ён усё збiраўся зняць гэтую дрэнь i заказаць званок з больш прыемным гукам, але кожнага разу яму шкада было траты, а цяпер, падумаў ён раптам i захiхiкаў пры гэтай подумцы, цяпер яму было напляваць; ён прадасць настырнае дзынканне разам з домам. Хто купiць, таму i клопат хай будзе.

Званок задзынкаў зноў. Бальдзiнi прыслухаўся. Шанье, вядома, ужо сышоў з лаўкi. А служанка, мусiць, не збiралася спускацца. Таму ён рашыў адчынiць сам.

Ён адкiнуў зашчапку, адчынiў цяжкiя дзверы -- i не ўбачыў нiчога.Цемра цалкам паглынула святло свечкi. Потым ён паступова разгледзеў маленькую постаць,-- дзiця цi хлопчык-падлетак з нечым, перакiнутым праз руку.

-- Што табе?

-- Мяне прыслаў мэтр Грымаль, я прынёс казлiныя скуры,--сказала постаць, i падышла блiжэй, i працягнула Бальдзiнi сагнутую ў локцi руку, на якой вiсела некалькi складзеных скур. У святле свечкi Бальдзiнi ўбачыў твар хлопчыка з палахлiва-насцярожанымi вачыма. Яго пастава была схiленая. Здавалася, ён хаваецца за сваёй выцягнутай рукой як чалавек, якi чакае ўдару. Гэта быў Грануй.

14

Казлiныя скуры! Бальдзiнi ўспомнiў. Некалькi дзён таму назад ён заказаў у Грымаля тонкую мяккую лайку на бювар графу Верамону, па пятнаццаць франкаў за полку. Але цяпер яна яму, шчыра кажучы, на лiха матары патрэбная, можна было б ашчадзiць грошы. З iнашага боку, а калi проста адаслаць пасыльнага?.. Хто ведае -- гэта можа зрабiць неспрыяльнае ўражанне, пачнуць балбатаць, распускаць чуткi: Бальдзiнi, бачыце, ужо ненадзейны, у Бальдзiнi больш няма заказаў... а гэта нядобра, не, не, такiя рэчы страшэнна збiваюць прадажную цану крамы. Лепей ужо прыняць гэтую непатрэбную скуру. Нiхто не павiнен раней, чым трэба, ведаць, што Джузэпэ Бальдзiнi змянiў сваё жыццё.

-- Увайдзi!

Ён упусцiў хлопчыка, i яны пайшлi на другую палавiну дома, наперадзе -- Бальдзiнi з запаленай свечкай, за iм -- Грануй са сваiмi скурамi. Грануй першы раз заходзiў у парфумную лаўку -- у такое месца, дзе пахi не былi нечым пабочным, а адкрыта займалi цэнтральнае месца. Зразумела, ён ведаў усе парфумныя i аптэчныя лаўкi горада, ён цэлыя ночы прастойваў перад iх вiтрынамi, прыцiскаючы нос да шчылiн у дзвярах. Ён ведаў усе пахi, якiмi тут гандлявалi, i часта сам сабе ствараў з iх цудоўныя духi. Так што нiчога неспадзяванага тут яго не чакала. Але сама гэтак, як музычна адоранае дзiця прагне пабачыць аркестр зблiзку або падняцца ў саборы на хоры, да схаванай клавiятуры аргана, так Грануй прагнуў убачыць парфумную лаўку з сярэдзiны, i, ледзь толькi пачуў, што Бальдзiнi трэба занесцi скуры, ён парупiўся ўзяць на сябе гэтае даручэнне.