Выбрать главу

I вось ён стаяў у лаўцы ў Бальдзiнi, у тым месцы Парыжа, дзе на самай сцiслай прасторы было сабрана мноства прафесiйных пахаў. У дрогкiм святле свечкi ён разгледзеў няшмат чаго, ды i тое мiмаходзь: цень канторкi з вагамi, чаплi пад фантанам, крэсла для заказчыкаў, цёмныя палiцы на сценах, бляск латунных iнструментаў i белыя налепкi на шклянках i тыглях; i пахаў ён улавiў не больш, чым чуў з вулiцы. Але ён адразу адчуў сур'ёзнасць, якая панавала ў гэтых сценах, мы ледзь былi не сказалi, свяшчэнную сур'ёзнасць, калi б слова "свяшчэнны" мела хоць якую значнасць для Грануя; ён адчуў халодную сур'ёзнасць, цвярозасць рамяства, сухую дзелавiтасць у кожным прадмеце мэблi, у начыннi, флакончыках, i бутэльках, i гаршках. I пакуль ён iшоў следам за Бальдзiнi, у цянi Бальдзiнi, бо Бальдзiнi не рабiў сабе лiшняга клопату, каб пасвяцiць яму, яго захапiла думка, што ягонае месца тут, i нiдзе больш, што ён застанецца тут, i больш нiдзе, што ён застанецца тут i адсюль пераверне свет дагары нагамi.

Зразумела, думка гэтая была бязглузда недарэчная. Не было нiчога, проста анiчагусенькi, што дазваляла б гарбароваму чаляднiку, якi выпадкова задыбаў сюды, падлетку невядома якога паходжання, без сувязяў, без пратэкцыi, без анiякай вагi ў саслоўi, трывала замацавацца ў самай ганаровай парфумнай гандлёвай установе Парыжа; тым болей што, як мы ведаем, лiквiдацыя фiрмы была ўжо, можна сказаць, поўнай пэўнасцю. Але ж i гаворка iшла нават не пра надзею, што праскочыла ў нясцiплых думках у хлопца, а пра ўпэўненасць. Ён ведаў, што пакiне гэтую лаўку толькi яшчэ адзiн раз, каб забраць у Грымаля вопратку, не больш за тое. Клешч учуў кроў. Гадамi ён таiўся, закуклiўшыся ў сабе, i чакаў. Цяпепр ён адчэпiцца i ўпадзе -- хай сабе без нiякай надзеi. Але тым большаю была ягоная ўпэўненасць.

Яны прайшлi лаўку. Бальдзiнi адчынiў задняе памяшканне, што з боку ракi, у якiм была кладоўка, i майстэрня, i лабараторыя, i дзе варылася мыла i збiвалася памада i ў пузатых бутлях мяшалiся пахучыя вадкасцi.

-- Сюды! -- сказаў ён i паказаў на вялiкi стол пад акном,-- кладзi iх сюды!

Грануй выйшаў з цянi Бальдзiнi, паклаў скуркi на стол, потым борздзенька адцыгнуў назад i стаў памiж Бальдзiнi i дзвярмi. Бальдзiнi нейкi час стаяў нерухома, адвёўшы свечку крыху ўбок, каб нiводная кропля воску не ўпала на стол, i слiзгаў костачкай пальца па гладкай паверхнi скуры. Потым перавярнуў верхнюю скурку i пагладзiў аксамiтны, грубы i разам з тым мяккi спод. Яна была вельмi добрая, гэтая скурка. Проста як выраблена на лайку. Будзе сушыцца i амаль не сядзе, а калi яе првiльна разгладзiць, яна зноў будзе паддатлiвая, ён адчуў гэта адразу, як толькi зацiснуў яе памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi; яна магла б трымаць водар пяць або i дзесяць гадоў, гэта была вельмi, вельмi добрая скура -- можа, ён зробiць з яе пальчаткi, тры пары сабе, тры пары жонцы, на паездку ў Месiну.

Ён адвёў руку i замiлавана паглядзеў на свой рабочы стол -- усё ляжала напагатове: шкляная кювета на араматызацыю, шкляная пласцiна на сушку, ступкi, каб падмешваць тынктуру, мяла, шпатэль, пэндзлiк, i гладзiлка, i нажнiцы. Здавалася, гэтыя рэчы толькi заснулi, бо цёмна было, а ранiцай зноў прачнуцца. Можа, забраць i гэты стол з сабою ў Месiну? I сёе-тое з iнструменту, самае патрэбнае?.. За гэтым сталом вельмi добра працавалася. Ён быў з дубовых дошак -- i века, i рама з касым мацаваннем, на гэтым стале нiчога не хiсталася i не абярталася, ён не баяўся нiякай кiслаты, нiякага алею, нiякага парэзу нажом, нiшто яго не брала... Перавезцi яго ў Месiну? Гэта абыдзецца ў вялiкiя грошы! Нават калi адправiць морам! I таму ён будзе прададзены, i ўсё, што на iм, пад iм i побач з iм гэтак сама будзе прададзена! Бо хоць сэрца ў яго, Бальдзiнi, мяккае, затое характар --цвёрды, а таму ён выканае сваё рашэнне, як бы цяжка яму не абышлося, ён адасобiцца ад усяго са слязьмi на вачах, але ён усё ж зробiць гэта, бо ведае, што гэта правiльна, яму была дадзена азнака.

Ён павярнуўся iсцi. Тут ён заўважыў у дзвярах гэтага маленькага скурчанага чалавечка, пра якога ледзь быў не забыўся.

--Добра,-- сказаў Бальдзiнi.-- Перадай свайму майстру, што скура добрая. Днямi я зайду расплацiцца.

-- Я перадам,-- сказаў Грануй i не зрушыў з месца, заступiўшы дарогу Бальдзiнi, якi ўжо сабраўся пакiнуць майстэрню. Бальдзiнi аж крыху атарапеў, але нiчога не падазраючы, убачыў у паводзiнах хлопчыка не дзёрзкасць, а нясмеласць.

-- Што такое? -- спытаўся ён.--Ты маеш яшчэ што перадаць мне? Ну? Кажы!

Грануй стаяў панурыўшыся i глядзеў на Бальдзiнi тым позiркам, якi нiбыта выдае баязлiвасць, а на самай справе хавае насцярожанасць i напружанасць.