--Я хачу працаваць у вас, мэтр Бальдзiнi. У вас, у вашай краме я хачу працаваць.
Гэта было сказана не як просьба, а як патрабаванне, i, шчыра кажучы, не сказана, а выцiснута, як змяiнае сыканне. I зноў Бадльдзiнi прыняў пачварную самаўпэўненасць Грануя за дзiцячую бязраднасць. Ён ласкава яму ўсмiхнуўся.
-- Ты вучань дубiльшчыка, сынку мой,-- сказаў ён.-- У мяне няма працы вучню дубiльшчыка. У мяне ёсць свой чаляднiк, i мне вучань не патрэбен.
-- Вы хочаце надушыць гэтыя казлiныя скуры, мэтр Бальдзiнi? Гэтыя скуркi, якiя я вам прынёс, вы хочаце iх надушыць?-- прашаптаў Грануй, быццам не ўзяўшы да ведаму адказу Бальдзiнi.
-- Менавiта,-- сказаў Бальдзiнi.
-- "Амурам i Псiхеяй" Пелiсье? -- спытаўся Грануй i схiлiўся яшчэ нiжэй.
Па целе Бальдзiнi прабегла кволая сутарга жаху. Не таму, што ён спытаўся ў сябе, адкуль гэтаму хлопцу ўсё вядома так дакладна, а проста таму, што назва ненавiсных духоў, склад якiх ён сёння, на ганьбу сабе, не змог разгадаць, была сказана ўголас.
-- Як табе ў галаву прыйшла абсурдная iдэя, што я карыстаюся чужымi духамi, каб...
-- Ад вас iмi пахне,-- сказаў Грануй.-- Яны ў вас на лобе, i ў правай кiшэнi каптана ў вас ляжыць змочаная iмi хустачка. Яны нехарошыя, гэтыя "Амур i Псiхея", яны кепскiя, у iх надта многа бергамоту, i замнога размарыну, i вельмi мала ружовага алею.
-- Ага,-- сказаў Бальдзiнi, якi быў проста ашаломлены такiм паваротам гутаркi ў сферу дакладных ведаў.-- Што яшчэ?
-- Апельсiнавы цвет, салодкi лiмон, гваздзiкi, мускус, язмен, вiнны спiрт i яшчэ адна рэч, не ведаю, як яна называецца, вось яна, тут, глядзiце! У гэтай бутлi!-- I ён парнуў пальцам у цемру.
Бальдзiнi павёў свечнiкам у той бок, яго позiрк скiраваўся за ўказальным пальцам на палiцу, дзе стаяла бутля з шэра-жоўтым бальзамам.
-- Стыраксавы алей?
Грануй кiўнуў.
-- Але. Ён там, усярэдзiне. Стыраксавы алей.-- I ён скурчыўся, як ад сутаргi, разоў з дзесяць прамармытаў сабе слова "стыракс": "стыракс-стыракс-стыракс- стыракс-стыракс"...
Бальдзiнi паднёс свечку да гэтай чалавекападобнай iстоты, якая мармытала "стыракс", i падумаў: альбо ён апантанец, альбо шахрай i блазнюк, альбо прыродны талент. Бо цалкам магчыма, i нават напэўна, што названыя iм рэчывы ў правiльным спалучэннi маглi скласцi духi "Амур i Псiхея". Ружовы алей, гваздзiкi i стыракс -- якраз гэтыя тры кампаненты ён тк настойлiва шукаў сёння цэлы дзень; астатнiя часткi кампазiцыi -- яму здавалася, што iх ён тксама адгадаў,-- спалучалiся з iмi як сегменты цудоўнага круглага торта. Заставалася толькi высветлiць, у якiх дакладна суадносiнах iх трэба было спалучаць. Каб высветлiць гэта, яму, Бальдзiнi, давялося б эксперыментаваць некалькi дзён запар -- жахлiвая праца, бадай, яшчэ горшая, чым iдэнтыфiкацыя частак, трэба ж было б вымерваць, i важыць, i запiсваць, i пры гэтым быць халерна ўважлiвым, бо наймалейшая неасцярожнасць -- дрыжанне пiпеткi, памылка ў падлiку кропель -- магла ўсё чыста спляжыць. А кожны няўдалы дослед абыходзiўся жахлiва дорага. Кожная сапсаваная сцмесь каштавала цэлае багацце... Яму захацелася праверыць маладога чалавека, захацелася спытацца ў яго пра дакладную формулу "Амура i Псiхеi". Калi ён ведае яе з дакладнасцю да грама i да кроплi -- тады ён яўны махляр, якi нейкiм чынам вызнаў рэцэпт Пелiсье, каб уцерцiся ў давер i атрымаць месца ў Бальдзiнi. А калi ён разгадае яго прыблiзна, значыцца, ён генiй нюху i ў гэтай сваёй якасцi заслугоўвае цiкавасцi ў Бальдзiнi. Не тое каб Бальдзiнi ставiў пад пытанне прынятае iм рашэнне адысцi ад спраў! Нават калi гэты хлопец здабудзе iх цэлыя лiтры, Бальдзiнi i не падумае араматызаваць iмi лайку графу Вермону, але... Але ж не на тое чалавек на ўсё жыццё робiцца парфумнiкам, не на тое ж ён цэлае жыццё займаецца складаннем пахаў, каб за адзiн раз страцiць увесь свой прафесiйны жанр! Цяпер яго цiкавiла формула праклятых духоў, i больш за тое, ён хацеў даследаваць талент дзiўнага хлопчыка, якi прачытаў пах з ягонага лоба. Ён хацеў ведаць, што за гэтым крыецца. Простая цiкаўнасць, цi што большае.
-- У цябе, здаецца, тонкi нюх, хлопча, -- сказаў ён пасля таго, як Грануй перастаў крактаць. Ён вярнуўся назад у майстэрню, каб асцярожна паставiць свечнiк на стол.
-- У мяне найлепшы нюх у Парыжы, мэтр Бальдзiнi,-- зашапялявiў Грануй.-- Я ведаю ўсе пахi на свеце, усе, якiя ёсць у Парыжы, толькi не ведаю некаторых назваў, але я магу iх вывучыць, усе назвы, iх няшмат, усяго некалькi тысяч, я iх усе вывучыў, я нiколi не забуду назвы гэтага бальзаму, стыракс, бальзам называецца стыракс, стыракс...
-- Сцiхнi! -- зкрычаў Бальдзiнi.-- Не перабiвай, калi я гавару! Ты дзёрзкi i самаўпэўнены. Нiводзiн чалавек не ведае тысячы назваў, а ўсяго некалькi сотняў, бо ў нашым рамястве iх не болей, чым некалькi сотняў, усё астатняе не пах, а смурод!