Выбрать главу

-- А цяпепр мне ўжо будзе можна працаваць у вас, мэтр, можна? -- спытаўся Грануй, ужо на парозе, зноў згорблены, зноў насцярожаны.

-- Не ведаю,-- сказаў Бальдзiнi,-- я падумаю. Iдзi!

I тады Грануў умомант знiк, прапаў, паглынуты цемрай. Бальдзiнi стаяў i глядзеў у ноч. У правай руцэ свечнiк, у левай хустачка, як чалавек, у якога з носа пайшла кроў, а адчуваў усё-ткi толькi страх. Ён хуценька зачынiў дзверы на засаўку. Потым адняў ад твару хустачку, сунуў яе ў кiшэню i праз лаўку вярнуўся ў майстэрню.

Пах быў такi нябесна прыемны, што ў Бальдзiнi аж слёзы нагарнула. Яму не трэба было браць пробы, ён толькi стаяў каля стала i дыхаў. Парфума была цудоўная. У параўнаннi з "Амурам i Псiхеяй" гэта было -- як сiмфонiя перад адзiнокiм пiлiканнем скрыпкi. I яшчэ нешта большае. Бальдзiнi заплюшчыў вочы, i ў iм прачнулiся самыя ўзнёслыя ўспамiны. Ён убачыў сябе маладым кавалерам на шпацыры ў садах вечаровага Неапаля; ён убачыў сябе ў абдымках прыгожай смуглянкi, убачыў сiлуэт букета ружаў на падваконнi пад парывамi начнога ветру; ён пачуў зусiм блiзка, над вухам, шэпт: "Я кахаю цябе" i адчуў, як у яго ад асалоды валасы заварушылiся, цяпер! цяпер, у гэтую хвiлiну, у гэта самае iмгненне! Ён расплюшчыў вочы i застагнаў ад шчасця. Гэтыя духi былi не духi, вядомыя дагэтуль. Гэта быў не водар, якi паляпшае ваш пах, не нацiранне, не прадмет туалету. Гэта была своеасаблiвая, новая рэч, якая магла выдабыць з сябе цэлы свет, чароўна багаты свет, i вы адразу забывалi ўсё мярзотлiвае, што было навокал, i адчувалi сябе такiм багатым, такiм удачлiвым, такiм добрым...

Валасы на галаве ў Бальдзiнi ўлеглiся, i яго агарнуў дурманлiвы душэўны спакой. Ён узяў скуру, казлiныя скуры, што ляжалi на краi стала, узяў нож, i раскроiў скуру. Потым склаў кавалкi ў шкляную кювету i залiў iх новымi духамi. Потым накрыў кювету шкляной пласцiнай, пералiў рэшту духмянасцi ў два флакончыкi, наляпiў на iх этыкеткi, а на iх напiсаў назву "Неапалiтанская ноч". Потым патушыў святло i выйшаў.

Наверсе, на вячэры, ён нiчога не сказаў жонцы. Найперш ён нiчога не сказаў жонцы пра ўрачыста-святое рашэнне, якое прыняў удзень. Жонка яго таксама нiчога не сказала, бо заўважыла, што ён павесялеў, i была з гэтага вельмi радая. Не пайшоў ён i ў Нотр-Дам дзякаваць Богу за сiлу свайго характару. Вой, у гэты дзень ён упершыню забыўся памалiцца нанач.

16

На ранiцу ён выправiўся да Грымаля. На добры пачатак заплацiў за лайку, заплацiў цалкам, без лiшняга торгу i буркатнi. А потым запрасiў Грымаля ў "Срэбную вежу" на пляшку белага i выкупiў у яго вучня Грануя. Зразумела не сказаў, чаму i навошта той яму спатрэбiўся. Нахлусiў нечагась пра буйны заказ на пахучую лайку, а для яго выканання яму патрэбен неабучаны памагаты. Патрэбна, сказаў, сцiплае хлапчо, каб выконвала просценькiя даручэннi, кроiла скуры i ўсякае такое iншае. Ён заказаў яшчэ ану пляшку i прапанаваў дваццаць лiўраў адшкадавання за нязручнасцi Грымалю пасля зыходу Грануя. Дваццаць лiўраў былi сума немалая. Грымаль адразу згадзiўся. Яны вярнулiся ў гарбарню, дзе Грануй, як нi дзiўна, ужо чакаў з клуначкам. Бальдзiнi заплацiў тыя дваццаць лiўраў i тут жа, ведаючы, што гэта самы лепшы гешэфт у ягоным жыццi, забраў хлопца з сабой.

Грымаль, якi быў таксама перакананы, што пафартунiла яму нарвацца на дурнiцу, вярнуўся ў "Срэбную вежу", спаражнiў там яшчэ дзве пляшкi, потым, пад полудзень, перабраўся ў "Залаты леў" на другiм беразе, напiўся яшчэ i там пад самую загнетку, i, калi позна ўвечары спрабаваў зноў перабрацца ў "Срэбную вежу", пепраблытаў вулiцы Жафруа л'Анье i Нонэндзье i, замест таго, каб, як ён лiчыў, апынуцца на мосце Мары, фатальным чынам трапiў на набярэжную Вязаў, адкуль шабоўтнуўся ў ваду, як у мяккi ложак. Ён памёр iмгненна. Аднак рацэ спатрэбiўся яшчэ нейкi час, каб звалачы яго з плыткага, мiма прышвартаваных лодак, на большую быстрыню, i толькi рана ранiцай гарбар Грымаль, цi хутчэй яго набрынялы труп, цiха сплыў унiз па рацэ, на захад.

Калi ён праплываў мiма моста Мяняйлаў, бясшумна, не чапляючыся за апоры, Жан-Батыст Грануй за дваццаць метраў над iм якраз укладваўся спаць. Яму быў пастаўлены тапчан у заднiм кутку майстэрнi Бальдзiнi, i цяпер ён збiраўся легчы, тым часам як яго былы гаспадар, распластаўшыся, плыў унiз па халоднай Сене. Грануй з прыемнасцю згарнуўся i зрабiўся маленькi, нiбы клешч. Засынаючы, ён усё глыбей апускаўся ў самога сябе i трыумфальна ўязджаў у сваю ўнутраную фартэцыю, дзе ён свяктаваў у крозах нейкую перамогу нюху, гiганцкую оргiю з густым дымам ладану i мiры ў свой гонар.

17

Набыццё Грануя сталася пачаткам узлёту фiрмы Джузэпэ Бальдзiнi да нацыянальнай i нават еўрапейскай вядомасцi. Персiдскi званочак дзылiнкаў не ацiхаючы, чаплi бесперастанку фантанавалi ў лаўцы на мосце Мяняйлаў.