Першага ж вечара Граную давялося намяшаць вялiкi балон "Неапалiтанскай ночы", з якога на другi дзень было прададзена восемдзесят флаконаў. Слава гэтых пахошчаў шырылася з шалёнай хуткасцю. У Шанье ўваччу рэзала: столькi давялося пералiчыць грошай, i забалела спiна ад нiзкiх паклонаў. А аднаго разу дзверы -- на ўсю сцежу! i заходзiць лёкай самога графа д’Аржансона i крычыць, як умеюць крычаць толькi лёкаi, што -- падавай яму аж пяць бутэлек новай парфумы, i Шанье яшчэ чвэрць гадзiны пасля таго, як той сышоў, дрыжаў ад пачцiвага страху, бо граф д'Аржансон быў Iнтэндант i Ваенны мiнiстр Яго Вялiкасцi i самы ўплывовы чалавек у Парыжы.
Пакуль Шанье адзiн адбiваў у лаўцы налёты пакупцоў, Бальдзiнi з сваiм новым вучнем замкнуўся ў майстэрнi. Каб неяк апраўдаць гэта, ён паднёс Шанье нейкую фантастычную тэорыю, якую назваў "рацыяналiзацыяй i падзелам працы". З ягоных слоў выходзiла, што ён гады-гадамi цярплiва сачыў, як Пелiсье i такiя, як ён, суб'екты, пагарднiкi i пагрэбнiкi цэхавых традыцый, адбiвалi ў яго клiентуру i пэцкалi рэпутацыю фiрмы. Але цяпер яго прарвала. Цяпер ён прымае iх нахабны выклiк i заплацiць гэтым выпаўзням, гэтым выскачкам, гэтым выкалупням той самай манетай. Штосезону, штомесяца, а калi спатрэбiцца, дык i штотыдня ён будзе дэбютаваць новымi духамi -- i якiмi ж духамi! Ён адкрывае залатадайную жылiну сваёй творчасцi. А дзеля гэтага трэба, каб ён, паслугуючыся толькi неабвучаным чаляднiкам, цалкам аддаўся вырабу духмянасцяў, тым часам як Шанье павiнен прысвяцiць сябе выключна iх збыту. Гэта сучасная метода, уталкоўваў ён Шанье, адкрые новы раздзел у гiсторыi парфумнага мастацтва, змяце канкурэнтаў i зробiць нас бясконца багатымi -- так, ён свядома i падкрэслена казаў "нас", бо збiраўся адшчыкнуць свайму старому адданаму чаляднiку пэўны працэнт ад гэтых "бясконцых" багаццяў.
Яшчэ некалькi дзён назад Шанье палiчыў бы такiя словы свайго гаспадара знакам пачатку старэчага маразму. "Ну вось, ён гатовенькi для "Шарытэ",-- падумаў бы ён.-- Яшчэ крыху, i ён зусiм звiхнецца".
Але цяпер ён больш нiчога такога не думаў. Не было калi думаць -- зашмат працы. А працы было аж так шмат, што вечарамi ён ледзь знаходзiў у сабе сiлу апаражнiць бiтком набiтую касу i адлiчыць сабе сваю долю.. Ён нi на хвiлiну не засумняваўся ў законнасцi прыбыткаў: Бальдзiнi ж ледзь не кожнага дня выходзiў з майстэрнi з якiм-небудзь новым водарам.
I якiя ж гэта былi пахошчы! Не толькi духi найвышэйшай, самай найвышэйшай пробы, але i крэмы, i пудра, i мыла, i ласьёны для валасоў, i ўсякiя прыцiркi, i шмараваннi... Усё, што павiнна было раскошна пахнуць, пахла цяпер па-новаму, i iнакш, i раскашней, чым калi раней. I на ўсё, сапраўды на ўсё, нават на араматызаваныя стужкi ў валасы, якiя аднаго разу стварыў капрызлiвы настрой Бальдзiнi, публiка накiдвалася, як ачмурэлая, i цэны не мелi анiякага значэння. Усё, што вырабляў Бальдзiнi, мела поспех, сапраўдны суксэс. I поспех гэты так уражваў, што Шанье ўспрымаў яго як з'яву прыроды i больш не даследаваў ягоных прычын. А ў тое, напрыклад, што новы вучань, нязграба i гном, што, як сабака, тулiўся ў майстэрнi, якога часам, калi майстар выходзiў з дому, можна было ўбачыць у глыбiнi памяшкання, як ён мыў шклянкi i чысцiў ступкi, у тое, што гэтая пустая мiзэра неяк шчэпiцца да казачнага росквiту фiрмы -- вы што, зусiм здурнелi? -- Шанье не паверыў бы, нават калi б яму пабажылiся.
Яно так, яно, канечне, гном меў дачыненне, гном пасабляў... Што Бальдзiнi прыносiў у лаўку i пакiдаў Шанье на продаж, было толькi невялiкай часткай таго, што Грануй змешваў за зачыненымi дзвярыма. Бальдзiнi даўно ўжо падвёўся на нюху. Часам вялiкая пакута была выбраць з таго, што яму вырабляў Грануй. Гэты кудзеснiк-вучань мог бы завалiць рэцэптамi ўсiх парфумнiкаў Францыi, нi разу не паўтарыўшыся, нi разу не зрабiўшы чаго-небудзь непаўнацэннага, ужо не кажучы пра пасрэднае. Рэцэптамi, iнакш кажучы -- формуламi, ён якраз i не мог забяспечыць, бо спачтку Грануй ствараў свае араматычныя кампазiцыi тым хаатычным i цалкам непрафесiйным спосабам, якi быў вядомы Бальдзiнi, а менавiта змешваючы iнгрэдыенты, здавалася б, наўздогадзь, у дзiкiм беспарадку. Каб не тое што кантраляваць, але хоць бы зразумець гэтую бязглуздзiцу, Бальдзiнi аднаго разу запатрабаваў ад Грануя, каб той пры складаннi сумесяў карыстаўся, хай без асаблiвай патрэбы, хай для блiзiру, вагамi, пiпеткай i мензуркай -- наперад прывыкай лiчыць вiнны спiрт не пахучым рэчывам, а растваральнiкам, якi трэба дадаваць напаследак; i нарэшце, дзеля Бога, рабi ўсё павольна, грунтоўна i спакваля, як прынята ў парфумнiкаў.