Выбрать главу

Грануй выканаў загад. I ўпепршыню Бальдзiнi здолеў пасачыць i задакументаваць асобныя аперацыi гэтага чарадзейства. Ён сядзеў порбач з Грануем з пяром i паперай i запiсваў, запiсваў, увесь час заклiкаючы не спяшацца -- колькi грамаў таго, колькi шчэпцяў гэтага, колькi кропель чагосьцi трэцяга. Такiм вось дзiўным чынам, а менавiта, наўдздагон аналiзуючы працэс тымi сродкамi, без якiх ён, руку на сэрца, увогуле нiчога не арымаў бы, Бальдзiнi, нарэшце, дабiўся сiнтэтычнага рэцэпта. Як мог Грануй без такога рэцэпта змешваць свае пахошчы, заставалася Бальдзiнi загадкай i нават цудам, але цяпер ён, прынамсi, звёў цуд да формулы, тым самым крыху спатолiў прагу да класiфiкацыi i асланiў свае парфумерыстычныя погляды ад поўнага краху.

Ён усё выпытваў i выпытваў у Грануя рэцэпты пахошчаў, якiя той выдумляў, пакуль ён, Бальдзiнi, не з'явiцца з пяром i паперай, каб, як Аргус, сачыць за працэсам i крок за крокам дакументаваць яго. Свае нататкi -- неўзабаве набралася некалькi дзесяткаў формул -- ён потым педантычна перапiсваў роўным почыркам у дзве розныя кнiжачкi; адну ён замкнуў у незгаральнай шафе, а другую заўсёды меў пры сабе, а нанач клаў пад падушку. Гэта дадавала яму ўпэўненасцi. Бо цяпер ён змог бы, каб захацеў, сам паўтарыць Грануевыя дзiвосы, якiя так уразiлi яго, калi ён упершыню iх памацаў. Ён думаў, што калекцыя запiсаных iм формул паставiць заслону жахлiваму творчаму хаосу, якi патокам вылiваўся з самага нутра яго вучня. А тая акалiчнасць, што ён больш не проста запiсваў у тупым здзiўленнi, а, назiраючы i рэгiструючы, браў удзел у творчых актах, супакойвала Бальдзiнi i мацавала ягоную самаўпэўненасць. Праз нейкi час ён паверыў, што сам унёс даволi iстотны ўклад у стварэнне вытанчаных пахаў. I, спачатку натуючы iх у сваiх кнiжачках, а потым хаваючы ў сейфе i на грудзях, ён ужо наогул не сумняваўся, што цяпер яны цалкам яго ўласныя.

Але i Грануй меў свае выгоды з дысцыплiнаванай працэдуры, навязанай яму Бальдзiнi. Самому, праўда, яна не была патрэбная. Яму нiколi не залежала звярацца са старою формулай, каб праз некалькi тыдняў альбо месяцаў рэканструяваць склад духоў, бо ён нiколi пахаў не забываў. Але дзякуючы абавязковаму карыстанню мензуркамi i вагамi, ён вывучыў мову парфюмерыi i iнстынктыўна адчуваў, што веданне гэтай мовы магло яму спатiрэбiцца.. Праз некалькi тыдняў Грануй не толькi авалодаў назвамi ўсiх духмяных рэчываў у майстэрнi Бальдзiнi, але навучыўся i самастойна запiсваць формулы сваiх духоў i, нааддварот, ператвараць чужыя формулы i iнструкцыi ў духi i розныя iншыя пахучыя вырабы. Больш за тое! Навучыўшыся выяўляць свае парфумныя задумы ў грамах i кроплях, ён пачаў абыходзiцца без нiякiх прамежкавых проб. Калi Бальдзiнi даручаў яму скласцi новы пах, скажам, каб араматызаваць насоўкi, для сухiх духоў альбо румянаў, Грануй больш не хапаўся за флаконы i парашкi, а проста сядаў за стол i тут жа запiсваў формулу. Ён навучыўся падоўжваць дарогу ад свайго ўнутранага нюхальнага ўяўлення да гатовага прадукту за кошт вырабу формулы. У яго гэта была аб'яздная дарога. З усiмi прынятага пункту погляду, г. зн. з пункту погляду Бальдзiнi, гэта, аднак, быў прагрэс. Цуды Грануя заставалiся цудамi. Але рэцэптура, якую ён цяпер пастаўляў, пазбаўляла iх страхотлiвага нiмба, i гэта мела свае перавагi. Чым лепей Грануй авалодваў прафесiйнымi прыёмамi i метадамi, чым нармальней ён умеў размаўляць на ўмоўнай мове парфюмерыi, тым менш апасаўся i гневаўся на яго гаспадар. Неўзабаве Бальдзiнi пачаў лiчыць яго чалавекам хоць i даволi ўталентаваным, што да нюху, але зусiм не другiм Франжыпанi i, вядома ж, не нейкiм вусцiшным ведзьмаром, а Граную гэта было якраз у самы акурат. Рамесныя ўлоўкi i жаргон служылi яму цудоўнай маскiроўкай. Ён проста закалыхваў Бальдзiнi ўзорным захаваннем правiлаў, калi выважваў дабаўкi або калi трос змяшальнiк, калi змочваў белую пробную хустачку. Ён умеў распраўляць яе амаль гэтак сама манерна, праводзiць пад носам амаль гэтак сама элегантна, як i сам гаспадар. Але пры выпадку, асцярожна дазуючы iнтэрвалы часу, ён рабiў памылкi, разлiчаныя на тое, каб Бальдзiнi iх заўважыў; забываўся нешта прафiльтраваць, няправiльна ставiў вагi, упiсваў у формулу недарэчна высокi працэнт амбры i даваў зачэпку ўказаць яму на памылку, каб потым вельмi дакладна выправiць яе. Так яму ўдалося закалыхаць Бальдзiнi ў iлюзii, што, зрэшты, усё iдзе па правiлах i правiльна. Ён не хацеў адпудзiць старога. Ён хацеў у яго сапраўды навучыцца. Не складаць духi, не правiльна кампанаваць той цi iншы пах, не! У гэтай вобласцi не было нiкога на свеце, хто мог бы яго навучыць. Iнгрэдыентаў у лаўцы ў Бальдзiнi не хапiла б на рэалiзацыю ягоных уяўленняў пра сапраўды вялiкi пах. Тыя пахi, якiя ён мог скласцi ў Бальдзiнi, былi дзiцячая забаўка ў параўнаннi з тымi, якiя ён насiў у сабе i збiраўся рэалiзаваць калi-небудзь у будучым. Але на тое, ён ведаў, патрэбныя былi дзве ўмовы. Першая, хоць якi блiзiр больш-менш людскага iснавання, хоць бы становiшча чаляднiка, прыкрываючыся якiм, ён мог бы нястрымна аддавацца свайму захапленню i без завады iсцi да сваёй мэты. Другая-- веданне тых прыёмаў рамяства, якiя дазвалялi б рабiць, выдзяляць, канцэнтраваць, кансерваваць пахучыя рэчывы i тым самым у прынцыпе даваць iх яму на нейкi вышэйшы ўжытак. Бо хоць Грануй сапраўды меў найлепшы ў свеце нос, хоць ягоны нюх быў настолькi ж аналiтычны, наколькi вiзiянерскi, ён яшчэ не ўмеў фiзiчна авалодаць пахамi.