Выбрать главу
18

I ён ахвотна падпарадкаваўся iнструкцыям, асвойваў майстэрства варыць мыла з свiнога сала, шыць пальчаткi з замшы, змешваць пудру з пшанiчнай мукi, i мiндальнай крошкi, i тоўчанага фiялкавага кораня. Ён качаў духмяныя свечкi з драўнiннага вугалю, салетры i стружкi сандалавага дрэва. Ён прасаваў усходнiя пасцiлкi з мiры, бензойнай смалы i бурштынавага парашку. Ён замешваў у цеста ладан, шалак, ветыверыю i карынку i качаў з iх курыльныя шарыкi. Ён прасейваў i расцiраў шпаталем poudre imperiale з раскрышаных ружовых пялёсткаў i кветак лаванды i кары каскары. Ён варыў грым, белы i венозна-блакiтны, i фармаваў тлушчавыя палачкi, кармiнава-чырвоныя, для вуснаў. Ён распускаў у вадзе драбнюткi пылок-парашок для пазногцяў i розныя вапны для зубоў, з прысмакам мяты. Ён складваў вадкасць на завiўку парыкоў, кроплi на звод бародавак i мазалёў, адбельвальнiк скуры i выцяжку беладоны для вачэй, мазь са шпанскiх мушак кавалерам i гiгiенiчны воцат дамам... Грануй навучыўся рабiць усялякiя ласьёнiкi i парашочкi, туалетныя i касметычныя наборчыкi, i апрача таго гарбатныя сумесi, сумесi прыправаў, лiкёраў, марынадаў i ўсялякае такое iншае; карацей, ён засвоiў усю традыцыйную мудрасць, якую мог перадаць яму Бальдзiнi, хоць i без асаблiвай зацiкаўленасцi, але без нараканняў i даволi паспяхова. Затое ён паказаў адмысловую руплiвасць, калi Бальдзiнi iнструктаваў яго ў прыгатаваннi тынктураў, выцяжак i эсэнцый. Нястомна трушчыў ён у вiнтавым прасе ядры горкага мiндалю, тоўк мускатнае зерне, сек секачом шэры кавалак амбры, альбо шчапаў фiялкавы корань, каб потым настойваць стружкку на чысцюткiм спiрце. Ён навучыўся карыстацца сепаратарнай лейкай, каб аддзялiць чысты алей з выцiснутай лiмоннай лупiны ад каламутнай рэшты. Ён навучыўся высушваць траву i кветкi -- на рашотках у цянi i цяпле --i кансерваваць шабурсткую лiстоту ў замазаных воскам горшчыках i шкатулках. Ён авалодаў майстэрствам выварваць памады, рабiць настоi, фiльтраваць, канцэнтраваць, высвятляць i рабiць выцяжкi.

Праўда, майстэрня Бальдзiнi не была разлiчана на аптовую вытворчасць кветкавых i травяных алеяў. Ды ў Парыжы наўрад цi знайшлася б патрэбная колькасць свежых раслiн. Але часам, калi размарын, шалфей, мяту або анiсавае насенне можна было купiць танна на рынку цi калi паступалi даволi вялiкiя партыi клубняў касача, цi балдрыянавага кораня, кмену, мускатнага арэха, цi сухiх кветак гваздзiкоў, у Бальдзiнi прачынаўся азарт алхiмiка, i ён даставаў свой вялiкi медны перагонны куб з насаджаным на яго кандэнсатарным кубкам. Ён называў гэта "маўравай галавой" i ганарыўся, што сорак гадоў назад на паўднёвых схiлах Лiгурыi i вышынях Люберона ён у чыстым полi дыстыляваў з яго дапамогаю лаванду. I пакуль Грануй драбiў тавар, што меўся быць перагнаны, Бальдзiнi як у лiхаманцы --бо то ж хуткасць апрацоўкi ёсць альфа i амега гэтай справы -- распальваў каменную печ, куды ставiў кацёл з вадою. Ён кiдаў туды дробна пасечаныя раслiны, насаджваў на патрубак двухсценнае вечка --"галаву маўра" -- i падключаў два невялiкiя шлангi для вады, каб сцякала i каб налiвалася. Гэтая хiтрамудрая канструкцыя для ахаладжэння кандэнсату была ўманцiравана пазней; працуючы ў полi, ён, вядома дасягаў ахалоды з дапамогаю ветру. Пасля ён запальваў агонь.

Змесцiва куба спакваля закiпала. I праз нейкi час спачатку трапяткiмi кроплямi, потым нiтачкай дыстылят струменiўся з трэцяй трубкi "маўравай галавы" ў фларэнтыйскую бутлю, падстаўленую Бальдзiнi. Спачатку ён выглядаў непрэзентабельна, як рэдзенькi каламутны супчык. Але паступова, асаблiва пасля таго, як поўная бутля замянялася на парожнюю i спакойна адстаўлялася ўбок, гэтая гушча раздзялялася на дзве розныя вадкасцi: унiзе адстойвалася кветкавая або травяная вада, а паверсе плаваў тоўсты пласт алею. Цяпер заставалася толькi асцярожненька, праз нiжнi гарлячок фларэнтыйскай бутлi, сцадзiць далiкатна-духмяную кветкавую ваду i атрымаць урэшце чысты алей, эсэнцыю, моцна пахучую сутнасць раслiны.

Грануй быў быў без памяцi ад гэтага працэсу. Калi што ў жыццi i выклiкала ў яго захапленне -- вядома, знешне нiчым не выдаванае, а прыхаванае, халодна-палымянае захапленне, -- дык менавiта гэты спосаб пры дапамозе агню, вады i пары i мудронай апаратуры выдабываць з рэчаў iх духмянiстую душу. Бо духмянiстая душа, эфiрны алей, было самае каштоўнае, аддзiнае, што яго цiкавiла. Пошлая рэшта: кветкi, лiсты, лупiны, плады, фарбы, хараство, жывасць i ўсякая iншая лухта яму не абыходзiлi. Гэта была толькi абалона, баласт. Гэта iшло к чортавай матары.