Выбрать главу

Час ад часу, па меры таго як дыстылят рабiўся вадзянiста-празрыстым, мы здымалi кацёл з агню, адчынялi яго i вытрасалi шчолак i гушчу. Яна была бясформная i бясколерная, як распараная салома, як косцi маленькiх птушак, як перавараная гароднiна, бляклая i валакнiстая, халепная, ледзь пазнавальная, агiдна-трупная i амаль зусiм без паху. Яны вывальвалi яе праз акно ў раку. Потым даставалi свежыя раслiны, далiвалi ваду i зноў ставiлi перагонны куб на агонь. I зноў у iм пачынала кiпець, i зноў жыццёвы сок раслiн сцякаў у фларэнтыйскiя бутлi. Часта гэта задоўжвалася на цэлую ноч. Бальдзiнi сачыў за печчу, Грануй не зводзiў вачэй са струменьчыка -- больш яму не было чаго рабiць да моманту змены бутляў.

Яны сядзелi каля агню на зэдлiках, у палоне ў няўклюднага агрэгата, абодва прычараваныя, хоць i па зусiм розных прычынах. Бальдзiнi умляваў ад самога гарэння агню i чырвоных водблiскаў полымя на медзi, яму падабалася патрэскванне дроў i булькат у перагонным кубе, бо гэта было як i раней. I ён паынаў расказваць гiсторыi, бясконцыя гiсторыi пра тое, што было, што збылося. Пра вайну за iспанскую спадчыну, на вынiк якое ён iстотна паўплываў, ваюючы супраць аўстрыйцаў, пра партызанаў, з якiмi ён наводзiў жудасць на Сэвэны, пра дачку аднаго гугенота ў Эстэрлi, якая аддалася яму, ап'янелая ад паху лаванды; пра лясны пажар, якога ён ледзь быў не нарабiў i якi спустошыў бы ўвесь Праванс, далiбог, далiбог спустошыў бы, бо дзьмуў такi моцны мiстраль; i ён расказваў пра дыстыляцыю, зноў i зноў пра тое, што было тады, уначы, у чыстым полi, пры святле месяца, пра вiно i цакатанне цыкадаў, пра лавандавы алей, якi ён тады прыгатаваў, такi вытанчана-пахучы, што яго бралi ў яго на вагу срэбра; пра сваю вучобу ў Генуi, пра гады бадзянняў i пра горад Грас, дзе парфумнiкаў столькi, колькi ў iншых мясцiнах гарбароў, а сярод iх ёсць такiя багатыя, што яны жывуць, як князi, у раскошных дамах з цянiстымi садамi i тэрасамi i ядуць у ядальнях, ашаляваных драўлянымi панэлямi, ядуць з парцалянавых паўмiсачак залатымi вiдэльцамi i нажамi i гэтак далей...

Такiя вось гiсторыi распавядаў стары Бальдзiнi за келiхам вiна, i ад вiна, i ад полымя, i ад захаплення сваiмi ж гiсторыямi шчокi ў яго займалiся агнём. Але Грануй, якi больш трымаўся ў цянi, зусiм яго не слухаў. Яго не займалi нiякiя старыя прыгоды, яго цiкавiла адно тое, што адбывалася ў яго на вачах. Ён неадступна глядзеў на трубачку ў корку перагоннага куба, з якой тонкiм струмочкам бег дыстылят. Гледзячы на яго, ён уяўляў сябе такiм самым пепрагонным кубам, дзе ўсё кiпiць, i булькае, i адкуль таксама выцякае дыстылят, толькi яшчэ лепшы, навейшы, незвычайнейшы, дыстылят тых рэдкiх раслiн, якiя ён сам вывеў усярэдзiне ў сябе самога, якiя там расцвiталi, даступныя толькi ягонаму нюху, i якiя маглi б сваiм дзiвосным водарам пепратварыць свет у пахучы Эдэм, дзе яму жылося б, прынамсi нюхальна, прыстойна. Быць вялiкiм перагонным кубам, з якога вылiвалiся б на ўвесь свет створаныя iм дыстыляты,-- вось якiм марам аддаваўся Грануй.

Але калi Бальдзiнi, разагрэты вiном, усё больш расплываўся ў бясконцых гiсторыях пра тое, як яно ўсё было раней, i ўсё больш безразважна ўпадаў у туманныя мроi, Грануй неўзабаве забаранiў сабе забывацца ў неацугляных фантазiях. Спачатку ён выкiнуў з галавы вобраз вялiкага перагоннага куба, а замест гэтага скарыстацца сваiмi нядаўна набытымi ведамi дзеля самых блiзкiх мэтаў.

19

Прайшло няшмат часу, i ён зрабiўся спецыялiстам у рамястве перагонкi. Ён выявiў -- i ягоны нос дапамог яму ў гэтым больш, чым правiлы i настаўленнi Бальдзiнi,-- што жар агню найбольш уплывае на якасць дыстыляту. Кожная раслiна, кожная кветка, кожны вiд драўнiны i кожнгы плод вымагаюць адмысловай працэдуры. Часам даводзiлася ўчыняць магутнае пераўтварэнне, часам -- толькi больш-менш моцнае кiпенне, а некаторыя кветкi аддаюць свой найлепшы пах, толькi калi прымусiць iх пацець на самым маленькiм агнi.

Не менш важны быў i сам працэс прыгатавання. Мяту i лаванду можна было апрацоўваць цэлымi абярэмкамi. Андрэс мусова было акуратна перабраць, пасячы, нашынкаваць, патаўчы i нават расцерцi на муку, перш чым класцi ў медны кацёл. А сёе-тое ўвогуле не паддавалася перагонцы, i гэта было Граную асаблiва прыкра.

Убачыўшы, як упэўнена Грануй абыходзiцца з апаратурай, Бальдзiнi цалкам даверыў яму перагонны куб, i хлопец адразу скарыстаўся свабодай. Цэлымi днямi ён складаў духi i ўсялякiя розныя iншыя пахошчы, а ўначы займаўся выключна таямнiчым мастацтвам перагонкi. Ягоны план быў у тым, каб стварыць абсалютна новыя пахучыя рэчывы, i з iх дапамогаю атрымаць хоць некаторыя з тых пахошчаў, якiя ён напсiў у сваiм уяўленнi. Спачатку яму спрыяў пэўны поспех. Удалося вырабiць алей з крапiвы i насення крэс-салаты i туалетную ваду з свежай кары конскага бэзу i галiнак цiсу.