Выбрать главу

Праўда, дыстыляты сваiм пахам амаль не нагадвалi зыходных рэчываў, але ўсё-такi былi цiкавыя для далейшай перапрацоўкi. Зрэшты, потым траплялiся рэчывы, непрыдатныя пад гэты спосаб. Напрыклад, Грануй спрабаваў дыстыляваць пах шкла, глiнiста-халодны пах гладкага шкла, якога звычайны чалавек зусiм не чуе. Грануй дастаў аконнае шкло i апрацоўваў яго вялiкiмi кавалкамi, абломкамi, асколкамi, пылам -- анi знаку поспеху. Ён дыстыляваў латунь, парцаляну i скуру, зерне i жвiр. Проста зямлю. Кроў i драўнiну, свежую рыбу. Свае ж валасы. Нарэшце, ён дыстыляваў нават ваду, ваду з Сены, бо яму здалося, што яе адмысловы пах варта захаваць. Ён думаў, што з дапамогай куба ён зможа выдабыць з гэтых рэчываў iх своеасаблiвы пах, як здабываў яго з чабору, лаванды i насення кмену. Ён жа не ведаў, што ўзгонка ёсць не што якое, як спосаб раскладання змешаных субстанцый на iх лятучыя i нелятучыя складнiкi i што ў парфумерыi яна карысная толькi тым, што можа аддзялiць лятучыя эфiрныя алеi некаторых раслiн ад iх бяспахавай рэшты. Для субстанцый без гэтых эфiрных алеяў такi метад дыстыляцыi, зразумела, не меў сэнсу. Нам, людзям сучасным, якiя вывучалi фiзiку, гэта i без таго ясна. Але Грануй прыйшоў да такога пераканання цаною вялiкiх высiлкаў пасля многiх-многiх марных доследаў. Месяцамi ён праседжваў каля куба цэлыя ночы i ўсiмi магчымымi спосабамi спрабаваў праз перагонку вырабiць зусiм новыя пахi, водары, якiх дагэтуль не было на зямлi ў канцэнтраваным выглядзе. I нiчога з гэтага не атрымалася, акрамя некалькiх мiзэрных раслiнных алеяў. З глыбокага, багатага калодзежа свайго ўяўлення ён не здабыў анi кропелькi канкрэтнай пахавай эсэнцыi, з усяго, што мроiлася яго фантастычнаму нюху, ён не здолеў рэалiзаваць анiводнага атама.

Усвядомiўшы сваю поўную плягу, ён спынiў доследы i захварэў так, што ледзь не памёр.

20

У яго пачалася моцная гарачка, першымi днямi з вялiкiм паценнем, а потым, калi перасталi функцыянаваць поры ў скуры, усё цела пайшло нарывамi. Гэтыя барвовыя пухiры абсыпалi яго з ног да галавы. Некаторыя лопалiся i вывяргалi сваё вадзянiстае змесцiва, каб потым нарваць зноў. Другiя распухалi да памераў фурункулаў, брынялi, барвовелi i выбухалi, як кратэры, сачылiся мярзотным гноем i вылiвалi разведзеную жоўтымi пацёкамi кроў. Неўзабаве Грануй стаў падобны на пакутнiка, прабiтага камянямi з сярэдзiны, зняможанага сотнямi гнойных ран.

Бальдзiнi, вядома, затрывожыўся. Было б вельмi недарэчы страцiць такога каштоўнага вучня пад той момант, калi ён толькi-толькi намерыўся пашырыць свой гандаль за межы горада i нават усёй краiны. I не дзiва, не толькi з правiнцыi, але i з-за мяжы, ад асоб, наблiжаных да двара, усё часцей iшлi заказы на тыя модныя пахошчы, ад якiх вар'яцеў Парыж; Бальдзiнi насiўся з iдэяй задаволiць гэты попыт i адкрыць фiлiю ў Сэнт-Антуанскiм прадмесцi, сапраўдную маленькую мануфактуру, адкуль найбольш хадавыя духмянасцi, змяшаныя en gros*, налiтыя ў далiкатныя маленькiя флаконiкi i ўпакаваныя чароўнымi маленькiмi дзяўчаткамi, будуць рассылацца ў Галандыю, Англiю i Германскую iмперыю. Праўда, такi iнтэрас быў бы не зусiм законны ў аселага ў Парыжы рамеснiка, але ж з нядаўняга Бальдзiнi даступiўся да высокай ласкi, заўдзячаючы ёй сваiмi рафiнаванымi духамi; апекаваўся мэтрам не толькi Iнтэндант, але i такiя ўплывовыя асобы, як пан Даглядаты парыжскай мытнi цi Член каралеўскага фiнансавага кабiнета i лепшы прыяцель эканамiчна расквiтнелых прадпрыемстваў пан Фэйдо дэ Бру. Гэты памянёны нават намякаў на магчымасць атрымаць каралеўскi прывiлей -- найлепшае, пра што можна было марыць: гэты прывiлей дазваляў абысцi ўсе дзяржаўныя i цэхавыя завалы, азначаў канец усiм цярпенням у камерцыi i вечную гарантыю надзейнага, недатыкальнага дабрабыту.

Апрача таго быў i яшчэ адзiн план, якi выношваў Бальдзiнi, яго неадчэпная iдэя, нейкi антыпод праекту мануфактуры ў Сэнт-Антуанскiм прадмесцi -- вытворчасць тавараў хай не масавага, але ўсё ж даступнага ў лаўцы любому i кожнаму.

Ён хацеў бы стварыць персанальныя духi ўсiм выбраным з высокай i найвышэйшай клiентуры: каб духi як пашытая па мерцы вопратка пасавала толькi адной пэўнай асобе, каб толькi гэтая асоба мела права карыстацца iмi i даваць iм сваё найсвятлейшае iмя. Ён уяўляў сабе: парфума "Маркiза дэ Сэрнэй", "Маршал дэ Вiяр", "Герцаг д'Эгiён" i г.д. Ён марыў пра духi "Мадам маркiза дэ Пампадур" i нават пра духi "Яго Вялiкасць Кароль" у грацыёзным гранёным гранатавым флаконе i аправе з залатой чаканкай, а ўсярэдзiне на донцы будзе выгравiраваны сцiплы надпiс: "Джузэпэ Бальдзiнi, парфумнiк". Каралеўскае iмя i iмя ягонае, Бальдзiнi, на адным прадмеце. Вось у якiх вышынях лунала фантазiя Бальдзiнi! I раптам Грануй захварэў. А Грымаль жа, царства яму нябеснае, бажыўся, што хлопец нiколi не хварэе, што яму ўсё -- дармо, што нават чорная чума яго не бярэ. А ён вось узяў i як бы знехаця захварэў мала не да смерцi. А калi памрэ? Жах! Тады разам з iм памруць i ўсе мары пра мануфактуру, цудоўных маленькiх дзяўчатак, прывiлей i духi Караля.