Выбрать главу

Толькi цяпер, спакваля аддаляючыся ад людскога чаду, Грануй уцямiў, што быў толькi камячком гэтага месiва, што яно цэлых васемнаццаць гадоў гняло яго, як задушлiвае пераднавальнiчнае паветра. Дагэтуль ён заўсёды думаў, што свет наогул такi i ад яго трэба засланяцца, цурацца, занурвацца ў сябе, паўзцi прэч. Але то быў не свет, то былi людзi. Цяпер яму здалося, што з светам -- з светам, дзе не было нi душы,-- можна было памеркавацца ў добрай згодзе.

На трэцi дзень вандроўкi ён уступiў у поле прыцягнення пахаў Арлеана. Яшчэ задаль да якiх-небудзь прыкметных знакаў вялiкага горада Грануй учуў ушчыльненасць чалавечага элементу ў паветры i рашыў перамянiць свой першы намер i абысцi Арлеан. Яму не хацелася так хутка трацiць толькi што здабытую свабоду дыхання i ныраць у цяжкую пярэсмердзь чалавечага збою. Ён зрабiў вялiкi абвод, абышоў горад, каля Шатанёр выйшаў да Луары i пераправiўся на той бок каля Сюлi. Да Сюлi яму хапiла каўбасы. Ён купiў сабе яшчэ адну столку i, сышоўшы з рэчышча, павярнуў углыбiню краiны.

Ён пазбягаў не толькi гарадоў, але i вёсак. Ён быў як усё роўна п'яны ад усё больш празрыстага, усё больш ачышчанага ад людзей паветра. Толькi каб прызапасiцца харчам, наблiжаўся да якога-небудзь селiшча або адзiнокага хутара, купляў хлеб i зноў знiкаў у лясах. Праз некалькi тыдняў яму збрыдзелi нават рэдкiя сустрэчы з дарожнiкамi на прасёлках, ён больш не пераносiў нават паху сялян, якi час-парой узнiкаў, бо тыя ўжо касiлi на лугах першую траву. Ён баязлiва збочваў ад кожнага авечага статку не таму, што авечкi, а каб абысцi пах пастухоў. Ён iшоў не разбiраючы дарогi напрасткi цераз палеткi, рабiў шматмiльныя закручыны, ледзь толькi ўнюхваў эскадрон райтараў за некалькi гадзiн верхавой язды. Не таму, што ён, як iншыя чаляднкi i валацугi баяўся праверкi папер i адпраўкi пры першай аказii ў войска,-- ён нават i не ведаў, што iшла вайна,-- а толькi таму, што яму быў гiдкi чалавечы пах верхаўцоў. I так сам сабою i без пэўнага вырашэння план -- як мага хутчэй дабрацца да Граса -- паступова пабляк; гэты план, мы б сказалi, расцёкся ў свабодзе, як i ўсе iншыя пахi i намеры. Грануй не рваўся больш нiкуды, а толькi -- упрочкi ад людзей.

Нарэшце ён пачаў рухацца толькi начамi. На дзень удзiраўся ў падлесак, спаў пад якiм-небудзь карчом, хаваўся ў зарасцях, у самых занетраных мясцiнах, згарнуўшыся ў клубок, як жывёла, нацягнуўшы на цела i галаву конскую гуньку, утыкннуўшыся носам у локаць i адвярнуўшыся да зямлi, каб нiякi чужы пах не ўрываўся ў ягоныя мроi. Падвечар ён прачынаўся, абнюхваўся навокал i толькi тады, калi нос пераконваў яго, што самы апошнi селянiн пакiнуў поле i што самы-самы дарожны рызыкант знайшоў сабе дах i прытулак, толькi тады, калi ноч з яе ўяўнымi небяспекамi заганяла пад дахi людзей, Грануй выпаўзаў са свайго сховiшча i рушаў у дарогу. Каб бачыць, яму не патрэбна было святло. Яшчэ раней, iдучы ўдзень, ён часта заплюшчваў вочы i так рухаўся нюхам. Яркiя краявiды, сляпучасць, раптоўнасць i вастрыня зроку срычынялi боль. Яму падабалася толькi святло месяца. Месяцава святло не давала колераў i толькi слаба акрэслiвала абрысы пейзажу. Яно зацягвала зямлю бруднай шэранню i на цэлую ноч удушвала жыццё. Гэта як усё роўна вылiтае з чыгуну святло, у якiм усё нерухомае, акрамя ветру, ценем асядала часам на шэрыя бары, i ў якiм не жыло нiчога, апрача пахошчаў голай зямлi, было адзiным светам са значэннем для яго, бо быў падобны на свет ягонай душы.

Так ён iшоў на поўдзень. Прыблiзна ў паўднёвым кiрунку, бо iшоў не па магiчным компасе, а па компасе свайго нюху, а ён, нюх, дазваляў яму абмiнаць кожны горад, кожнае сяло, кожнае жытло. Тыднямi ён не сустракаў анi душы. Ён мог бы закалыхаць сябе супакойлiвай верай, што ён -- адзiн у цёмным або залiтым халодным месяцавым святлом свеце, калi б яго беззапганны компас не падказаў яму, што ёсць нешта лепшае.

Нават уначы ў свеце былi людзi. Нават у самых збязлюдненых мясцiнах вадзiлiся людзi. Толькi яны шылiся па сваiх патаемных норах, як пацукi, i спалi. Зямля не ачышчалася ад iх, бо нават у сне яны выпаралiся пахамi, якiя лезлi ў адчыненыя дзверы i шчажыны iхнiх логваў вонкi i затручвалi прыроду, пакiнутую, здавалася, на волю лёсу. Чым больш абвыкаўся Грануй з больш чыстым паветрам, тым адчувальней мiтрэнжыў яго чалавечы пах, якi нечакана, ну ж бо зусiм нянаджана усплываў у паветры, жудасны, пачварны, як казлiны смуродзiска, i выдаваў, так сказаць, iснасць якога-небудзь пастуховага бярлога, цi халабуды смаляра, цi разбойнiцкага лёха. I Грануй бег i бег далей, упрочкi, усё больш адчувальна рэагуючы на ўсё больш рэдкiя пахi чалавечыны. Так ягоны нос зводзiў яго ва ўсё больш бязлюдныя мясцiны краiны, усё больш аддаляў яго ад людзей i ўсё больш энергiчна прыцягваў да магнiтнага полюса максiмальна магчымай адзiноты.