Непадалёк ад крынiцы ён знайшоў натуральную вузкую штольню, якая пакручаста вяла ўсярэдзiну гары i метраў праз трыццаць канчалася завалам. Там, у канцы штольнi, было так цесна, што плечы Грануя ледзь улазiлi ў праём, i так нiзка, што стаяць ён мог толькi сагнуўшыся. Але ён мог сядзець, а клубком -- яшчэ i ляжаць. I гэтага цалкам хапала для камфорту. Бо такое месца мела неацэнныя перавагi: у канцы тунэля нават удзень панавала апраметная ноч, стаяла мёртвая цiшыня, i паветра дыхала вiльготным саланаватым халадком. Грануй адразу ўнюхаў, што тут нiколi не бывала нiводнай жывой iстоты. Калi ён завалодаў гэтым месцам, яго агарнула пачуццё, блiзкае да святога трымцення. Ён паслаў сваю конскую гуньку, нiбы накрываў алтар, i лёг. Ён адчуваў нябеснае шчасце. Ён ляжаў у самай самотнай гары Францыi, пяцьдзесят метраў пад зямлёй, як у сваёй дамавiне. Яшчэ нi разу ў жыццi яму не ляжалася так утульна -- хiба што ў чэраве ў мацi. Калi б нават звонку згарэў увесь свет, адсюль ён нiчога не заўважыў бы. Ён цiха заплакаў. Ён не ведаў, каму дзякаваць за такое непамыснае шчасце.
Потым ён выходзiў з гары, толькi каб пахлябтаць вады з крынiцы, хуценька вызвалiцца ад мачы i экскрэментаў i папаляваць на яшчарак i змеяў. Уначы яны лавiлiся лёгка, бо залазiлi пад камянi i ў неглыбокiя норы, дзе ён iх знаходзiў па паху.
Першыя тыднi ён яшчэ некалькi разоў падымаўся на вяршыню, каб абнюхаць усё навокал. Але неўзабаве гэта стала больш лiшняй звычкай, чым патрэбай, бо нi разу ён не ўчуў нiчога пагрозлiвага. I тады ён спынiў вылазкi; ён iмкнуўся толькi да таго, каб, справiўшы патрэбы, важныя для элементарнага выжывання, як мага хутчэй вярнуцца ў свой склеп. Бо тут, у склепе, ён, зрэшты, i жыў. Гэта азначала, што дваццаць гадзiн у суткi ён у поўнай цемры i поўнай цiшынi сядзеў на сваёй гуньцы у канцы каменнага калiдора, прыхiлiўшыся спiнай да кучы абсыпанай пароды, уцiснуўшы плечы памiж скаламi, i задавальняўся самiм сабой.
Бываюць людзi, якiя шукаюць адзiноты: пакайныя грэшнiкi, няўдахi, святыя або прарокi. Яны любяць сыходзiць у пустэльню, дзе кормяцца акрыдамi i дзiкiм мёдам. Некаторыя нават жывуць у пячорах i цяснiнах на пустэльных выспах або сядзяць -- крыху з какецтвам -- у клетках, падвешаных на галлi або ўмацаваных на слупах. Яны робяць гэта дзеля таго, каб наблiзiцца да Бога. Адзiнота патрэбна iм для знемажэння плоцi i пакаяння. Яны так робяць, бо перакананыя, што такое жыццё -- богаспадобнае. Або ж яны месяцамi i гадамi чакаюць, што ў адзiноце iм будзе паслана божае адкрыццё, каб яны без адкладу прадалi яго людзям.
Нiчога такога не было ў Грануя. Пра Бога ён не меў нiякага ўяўлення. Ён не каяўся i не чакаў нiякага адкрыцця згары. Ён пакiнуў людзей толькi дзеля сваёй асалоды, толькi на тое, каб быць блiзка да самога сябе. Ён купаўся ў сваiм, нi на што не скiрваным iснаваннi i лiчыў, што гэта цудоўна. Як труп, ляжаў ён у каменным склепе, амаль не дыхаў, амаль не чуў стуку свайго сэрца -- i ўсё-такi жыў такiм iнтэнсiўным i пепракручаным жыццём, як нiхто iншы ў свеце.
Арэнай гэтых перакрутак была -- а як жа ж бо iнакш -- ягоная ўнутраная iмперыя, куды ён з самага нараджэння закопваў абрысы ўсiх пахаў, чутых iм хоць раз. Каб наладзiцца, ён спярша выклiкаў з памяцi самыя раннiя, самыя далёкiя з iх: варожыя душныя выпарэннi спальнi мадам Гаяр; смурод высахлай скуры яе рук; воцатна-кiслае дыханне патэра Тэр'е, iстэрычны, гарачы мацярынскi пот кармiцелькi Бюсi, трупны потых Могiлак нявiнных, забойчы пах сваёй мацi. I ўпiваўся агiдаю i нянавiсцю, i ў яго валасы ўставалi ад салодкай вусцiшнасцi.
Часам гэты аперытыў мярзоты быў недастатковы, i каб разагнацца, ён дазваляў сабе невялiкi нюхальны экскурс да Грымаля i частаваўся смуродам гнiлых, яшчэ з мяздрою скур i дубiльных сумесяў альбо ўяўляў сабе чадныя выпарэннi шасцiсот тысяч парыжанаў у душным, смертапахiбным сквары ў разгар лета.
I тады раптам -- у тым i быў сэнс практыкавання -- назапашаная нянавiсць аргiястычна вырывалася вонкi. Як навальнiца ён згушчаўся пад гэтымi пахамi, якiя нахабна зняважылi яго светлы нос. Як град пшанiчны палетак, ён сек гэтую мярзоту, як ураган, ён расцiраў яе на пыл i тапiў у велiзарным ачышчальным моры дыстыляванай вады. Такi справядлiвы быў у яго гнеў. Такая велiчная была ў яго помста. Га! Якая высокая хвiлiна! Грануй, гэты маленькi чалавек, дрыжаў ад узбуджэння, яго цела сутаргава сцiскалася ў вострай асалодзе i звiналася так, што часам стукаўся аб столь штольнi, потым павольна расслабляўся i ляжаў, спустошаны i глыбока задаволены. Гэты акт вывяржэння ўсiх гiдотных пахаў быў сапраўды занадта прыемны, занадта... У сцэнарыi яго ўяўнага сусветнага тэатра гэты нумар быў, здаецца, самы любiмы, бо даваў пачуццё заслужанай знямогi, якою аплачваюцца толькi сапраўды вялiкiя, гераiчныя дзеi.