А жахлiвае было тое, што Грануй, хоць i ведаў, што гэта ягоны пах, не мог яго вытрываць. Дарэшты тонучы ў самiм сабе, ён нi за што на свеце не мог сябе ўнюхаць!
Усвядомiўшы гэта, ён закрычаў дзiкiм голасам, быццам яго палiлi жывога. Крык развалiў сцены пурпуровага салона, разнёс муры замка, выкiнуўшыся з сэрца, ён праляцеў над ярамi i балотамi, i пустынямi, пранёсся над начным ландшафтам ягонай душы, як бура-вiхура агнявая, ён выплёхнуўся з ягонай глоткi i памкнуў па звiвах штольнi вонкi, у сет, расцёкся па пласкагор'i Сэн-Флюр,-- здавалася, гарлала сама гара. Ён прачнуўся, пачаў адбiвацца, як бы нават каб прагнаць нясцерпны смурод, якi волвь-вось задушыць яго. Ён быў да смерцi перапалоханы, аж калацiўся ўсiм целам ад жывёльнага страху. Калi б яго крык не разарваў гэтага смуроду, ён захлiснуўся б у сабе,-- жудасная смерць. Нават згадваючы пра гэта пазней, жахаўся. I пакуль ён сядзеў, усё яшчэ ў сутаргах, пакуль спрабаваў навесцi парадак у свае перапалошаныя, мiтуслiвыя думкi, ён цвёрда ўцямiў адно: ён зменiць сваё жыццё хай сабе хоць бы каб другi раз не саснiць такога страхоцця. Бо другога разу не перажыве.
Ён накiнуў на плечы гуньку i выйшаў. Там якраз была ранiца, ужо позняя ранiца канца лютага. Свяцiла сонца. Зямля пахла вiльготным каменем, мохам i вадой. Вецер ужо даносiў кволенькi пах пралдесак. Ён прысеў на кукiшкi каля пячоры, грэючыся на сонцы i ўдыхаючы свежае паветра. Яго ўсё яшчэ лiхаманiла ад адной думкi пра смурод, ад якога ён уцёк, i калацiла ад шчаснапяшчотлiвага цяпла, якое разлiвалася па спiне. Як яно-такi добра, што гэты вонкавы свет яшчэ быў, хоць бы як мэта ўцёкаў. Было б неверагодна жудасна, выходзячы з тунэля, убачыць, што нiякага свету няма! Нi святла, нi паху -- толькi гэты пачварны смурод, усярэдзiне там, i тут, i ўсюды...
Шок памалу адступаўся. Абцугi страху паступова адпусцiлi, i Грануй пачуў сябе пэўнiкам. А ўжо пад полудзень i зусiм ачуняў i акрыяў. Ён паднёс тыльным бокам да носа ўказальны i сярэднi пальцы левай рукi i дыхаў праз пальцы, убiраў у сябе вiльготны, закрашаны пралескамi водар веснавога паветра. Пальцы не пахлi. Ён павярнуў далонь i абнюхаў яе з унутранага боку,-- анi, нiчога, толькi цяпло рукi. Тады ён падкасаў абтрапаны рукаў кашулi i тыцнуўся носам у згiн локця. Ён ведаў, што гэта -- тое месца, дзе ўсе людзi пахнуць сабою. Але зноў нiчога. Не ўчуў нiчога падпахамi, нiчога на нагах, нiчога на палавым органе, да якога нагнуўся, як толькi змог. Гэта было дзiвосна! Ён, Грануй, здольны за некалькi мiль выявiць па паху iншага чалавека, не мог унюхаць свой уласны палавы орган на адлегласцi далонi! I хоць яно было так, ён не даўся ў панiку, а, холадна разважыўшы, сказаў сабе так: "Яно не ў тым тое, што не пахну, а пахне ўсё. А ўсё ў тым, мабыць, што я не чую, як я пахну, бо ад самага роду я дзень у дзень нюхаў сябе, i таму мой нос не ўспрымае майго паху. Калi б я мог аддзялiць ад сябе свой пах альбо хоць бы частку яго, коыху адвыкнуць i па нейкiм часе вярнуцца да яго, дык бы вельмi нават мог пачуць свой пах, а значыцца -- сябе".
Ён скiнуў гуньку i вопратку цi тое, што яшчэ засталося ад вопраткi, скiнуў гэтыя рызманы, гэтыя транты. Ён не здымаў iх з цела сем гадоў. Яны павiнны былi наскрозь прапахнуцца iм. Ён скiнуў iх у кучу каля пячоры i адышоўся. I вось, першы раз за сем гадоў, ён зноў падняўся на вяршыню гары. Там ён стаў на тое самае месца, дзе стаяў тады, у дзень, калi сюды прыйшоў, павярнуўся носам на захад i даў ветру абвяваць сваё голае цела. Яго мэта была аж так праветрыцца, аж так набрацца заходняга ветру -- пахаў мора i мокрых лугоў,-- каб гэты вецер перабароў пах ягонага цела, каб узнiкла пастка на пах памiж iм, Грануем, i яго вопраткай, i тады ён змог бы ясна пачуць, як жа яна пахне. I екаб яму ў нос заляцела як мага менш свайго паху, ён нахiлiўся наперад, з усяе сiлы выцягнуў шыю супроць ветру, а рукi -- назад. Ён выглядаў як плывец перад нырцом у ваду.
У гэтай на дзiва смешнай паставе ён быў некалькi гадзiн запар, так што яго адвыклая ад святла, белая, як у чарвяка, скура пачырванела, як у лангусты, хоць сонца грэла яшчэ слаба. Падвечар ён сам спусцiўся да пячоры. Яшчэ здалёк ён угледзеў кучу сваёй вопраткi. За некалькi метраў ён зацiснуў нос i адпусцiў яго толькi тады, калi падышоў да самае яе. Ён хацеў зняць пробу, як навучыўся ў Бальдзiнi: уцягнуў у сябе паветра, а потым штуршкамi пачаў выпускаць яго з сябе. Каб улавiць пах, ён абедзвюма рукмi зрабiў як бы лейку над вопраткай, i ўсунуў у яе, як язык, свой нос. Ён зрабiў усё магчымае, каб выдабыць з вопраткi свой пах. Але яго не было. Былi тысячы iншых пахаў. Пахi каменя, пяску,моху, смалы, варонiнай крывi,-- нават пах каўбасы, якую ён шмат гадоў таму назад купляў непадалёк ад Сюлi. Вопратка была нюхальным дзённiкам апошнiх сямi-васьмi гадоў. I толькi паху ягонага, паху таго, хто насiў яе, не здымаючы, у вопратцы не было.