Ледзь закончыўшы доследы з вывядзеннем дойна-малочнай кветкi, ён з непахiснай рашучасцю ўзяўся за вялiкую працу пра залежнасць памiж блiзкасцю да зямлi i вiтальнасцю. Ягоны тэзiс сцвярджаў, што жыццё можа развiвацца толькi на пэўнай аддаленасцi ад зямлi, бо сама зямля няспынна вытачае нейкi газ распаду, так званы fluidum letale, якi прыгнятае вiтальныя сiлы i рана цi позна цалкам iх паралiзуе. Таму ўсе жэывыя iстоты iмкнуцца шляхам росту аддалiцца ад зямлi, г. зн. як бы растуць ад яе прэч, а не ўрастаюць у яе; з гэтай прычыны яны транспартуюць угору самыя каштоўныя свае часткi: пшанiца -- колас, кветка -- бутон, чалавек-- галаву; да таго ж калi старасць сагне iх i зноў нахiлiць да зямлi, яны непазбежна падупадаюць уплыву летальнага газу, у якi дзякуючы працэсу распаду ўрэшце самыя i пепратвараюцца пасля смерцi.
Дачуўшыся, што ў П'ерфоры аб'явiўся iндывiд, якi правёў сем гадоў у пячоры, дзе яго ўсяго абдымаў элемент распаду -- зямля, маркiз дэ ля Таял-Эспiнас прыйшоў у экстаз i загадаў неадкладна даставiць яму Грануя ў лабараторыю, i там яго старанна абследаваў. Ён знайшоў, што тэорыя вiтальнасцi пацвярджаецца самым непасрэдным чынам. Fluidum letale настолькi паўплываў на Грануя, што яго дваццацiпяцiгадовае цела выявiла знакi старэчага распаду. Адное толькi тое -- так растлумачыў Таяд-Эспiнас,-- што Грануй увесь час свайго затачэння харчаваўся аддаленымi ад зямлi раслiнамi, мабыць-такi хлебам i садавiнай, ухiлiла яго смерць. Цяпер, лiчыў маркiз, можна было аднавiць ранейшае здароўе Грануя толькi радыкальным выдаленнем флюiду з дапамогаю вынайдзенага iм, Таяд-Эспiнасам, апарата вентыляцыi вiтальнага паветра. Такi апарат стаiць у каморы яго гарадскога замка ў Манпелье, i калi Граную заўгодна аддацца маркiзу ў якасцi дэманстрацыйнага аб'екта, дык маркiз не толькi ачысцiць яго ад атручання земляным газам, але яшчэ i аддзячыць ладнай сумай грошай...
Праз дзве гадзiны яны сядзелi ў карэце. Хоць дарогi за тым часам былi нiкудышнiя, шасцьдзесят чатыры мiлi да Манпелье яны адолелi усяго за два днi, бо маркiз, хоць i ў старэчым веку, не ўпускаў выпадку сваiмi рукамi падсцёбнуць фурмана i коней, а як што колькi разоў ламалiся то дышаль, то рысоры, дык асабiста ангажаваўся ў рамонтах,-- быў у такiм захапленнi ад свайго найдзiча, так прагнуў як мага ххутчэй паказаць яго адукаванай публiцы. Затое Граную нi разу не было дазволена выйсцi з карэты. Ён сядзеў на козлах поруч з фурманам у сваiх лахманах, закруцiўшыся з галавою ў гуньку, усю наскрозь праедзеную мокрай зямлёй i глiнай. Кармiлi яго пад час падарожжа сырымi карняплодамi. Маркiз спадзяваўся такiм чынам яшчэ на некаторы час закансерваваць у iдэальным стане атручанне земляным флюiдам.
Прыехаўшы ў Манпелье, ён загадаў змясцiцць Грануя ў склеп свайго палаца i разаслаў запрашэннi ўсiм членам Медыцынскага факультэта, Батнiчнага таварыства, Сельскагаспадарчай школы, Хiмiка-фiзiчнага аб'яднання, Масонскай ложы i iншых навуковых таварыстваў, якiх у горадзе было не менш тузiна.
I праз некалькi дзён -- роўна праз тыдзень пасля таго, як ён пакiнуў схованку ў гарах,-- Грануй апынуўся на памосце ў актавай зале унiверсiтэта Манпелье перад шматлiкай публiкай, якой ён быў паказаны як сенсацыя года.
У сваiм дакладзе Таяд-Эспiнас схарактарызаваў яго як жывы доказ слушнасцi тэорыi летальнага землянога флюiду. Паступова зрываючы з Грануя лахманы, маркiз тлумачыў, якi жудасны эфект зрабiў гнiласны газ на цела дэманстранта: звярнiце ўвагу на язвы i шнары ад газавай iнтаксiкацыi; а вось тут , на грудзях велiзарная ярка-рунсовая газавая карцынома; уся скура парэпалася; а вось i яўнае флюiдальнае пакрыўленне шкiлета ў выглядзе горба i зрослых пальцаў на назе. Унутраныя органы: каса, печань, лёгкiя, жоўцевы пузыр i стрававальны тракт -- цяжка заражаныя, пра што пераканаўча сведчыць аналiз пробы калу; вось яна, проба, сабраная ў тазiку на памосце побач з суб'ектам дэманстравання, i даступная на агляд кожнаму, хто пажадае. Адсюль i выснова, што паралiч вiтальных сiлаў, прычына якога ў сямiгадовым затручэннi fluidum letale Taillade, настолькi прагрэсаваў, што суб'ект -- вонкавы выгляд якога, зрэшты, ужо выяўляе прыкметы звыраднеласцi -- мае быць азначаны як-- iстота, скiраваная хутчэй да смерцi, чым да жыцця.Тым не меней дакладчык паспрабуе праз вентыляцыйную тэрапiю, спалучаную з вiтальнай дыетай за восем дзён дабiцца вiдавочных прыкметаў поўнага ацалення. Прысутных запрашаюць сабрацца тут праз тыдзень, каб пераканацца ў поспеху гэтага прагнозу i атрымаць неаспрэчны доказ правiльнасцi тэорыi землянога флюiду.