Выбрать главу

Вырабь духмянасцяў у Манпелье быў даўняй традыцыяй, i хоць за апошнi час у параўнаннi з горадам-канкурэнтам Грасам пэўным чынам падзаняпаў, усё-такi ў горадзе жыло некалькi неблагiх майстроў -- парфумнiкаў i пальчатнiкаў. Самы шанаваны з iх, нейкi Рунэль, узяўшы пад увагу дзелавыя сувязi з сямействам маркiза дэ ля Таяд-Эспiнаса, якому ён пастаўляў мыла, прыцiркi i пахошчы, згадзiўся на незвычайны крок --саступiць на нейкi час сваю майстэрню дастаўленаму ў насiлках дзiўнаму парыжскаму чаляднiку. Гэты ж не выслухаў нiякiх тлумачэнняў, не схацеў нават даведацца, дзе што стаiць, сказаў, што сам разбярэцца i скемiць, што да чаго; i замкнуўся ў майстэрнi, i правёў там цэлую гадзiну, а тым часам Рунэль з аконамам маркiза выправiўся ў кабак, дзе пасля некалькiх шклянак вiна мусiў даведацца, чаму яго фiялкавая вада не мае права быць парфумай.

Майстэрня i крамка Рунэля былi абсталяваныя зусiм не так раскошна, як свайго часу магазiн пахучых твавраў Бальдзiнi ў Парыжы. Некалькi гатункаў кветкавых алейцаў, вады i духмянасцяў не давалi разгону фантазii ў звычайнага парфумнiка. Аднак Грануй, раз дыхнуўшы, зразумеў, што матэрыялу тут на ягоныя мэты хапае. Ён не мерыўся ствараць няма ладу якую раздухмянiстасць; не хацеў ён мяшаць, як свае пары ў Бальдзiнi, i прэстыжных духоў, якiя выбiвалiся б з процьмы пасрэдных i за якiмi людзi прападалi б. I нават просценькi пашок апельсiнавага дрэва, абяцаны маркiзу, не быў яго мэтай. Шырокаспажыўныя эсэнцыi эўкалiпту i кiпарысавага алею павiнны былi толькi замаскаваць сапраўдны пах, якi ён вырашыў прыгатаваць,-- а гэтым пахам меў быць чалавечы пах. Ён хацеў прысвоiць, хай нават на пачатку як дрэнны сурагат, чалавечы пах, якога ён сам не меў. Вядома, паху чалавека, чалавека наогул не бывае, як не бывае чалавечага твару наогул. Кожны чалавек пахне адмыслова, нiхто не разумеў гэтага лепш за Грануя, якi ведаў тысячы пахаў iндывiдуальных i, як нарадзiўся, адрознiваў людзей на нюх. I ўсё-такi, з пазiцый парфюмерыi, была нейкая асноўная тэма чалавечага паху, зрэшты, даволi простая: потлiва-сальная, сырна-кiславатая, увогуле даволi агiдная лейттэма, уласцiвая ўсiм людзям, а ўжо над ёю ў больш тонкай градацыi калышуцца воблакi iндывiдуальнай аўры.

Аднак гэтая аўра, вельмi складаны, непаўторны шыфр асабiстага паху, для большасцi людзей абсалютна няўлоўная. Большасць людзей нават не ведае, што мае яе, а акрамя таго, усяляк стараецца схаваць яе пад вопраткай цi пад моднымi штучнымi пахамi. Iм добра вядомы толькi той -- асноўны -- пах, тое -- пепршаснае i прымiтыўнае -- чалавечае выпарэнне; толькi ў iм яны жывуць i чуюць сябе спакойна, i кожны, хто выпарвае з сябеп гэты агiдны агульны смурод, успрымаецца iмi як iм падобны.

У гэты дзень Грануй стварыў дзiўную парфуму. Больш дзiўных датуль на зямлi не было. Ён прысвоiў сабе не пороста пах, а пах чалавека, якi пахне. Пачуўшы гэты пах у цёмным пакоi, кожны падумаў бы, што там стаiць другi чалавек. А калi б iмi папырскаўся чалавек, якi сам пахне чалавекам, дык ён здаўся б нам двума людзьмi цi, яшчэ горш, пачварнай двайной iстотай, як вобраз, якi нельга было адназначна фiксаваць, бо яго абрысы невыразныя i распаўзаюцца, як малюнак на дне возера, карабачаны зверху на вадзе.

На iмiтацыю гэтага чалавечага паху --хай недасканалую, рыблiзную, але, як ён лiчыў, дастатковую, каб ашукаць iншых,-- Грануй падабраў самыя непрыкметныя iнгрэдыенты ў майстэрнi Рунэля.

Шчэпцю кашэчага калу, яшчэ даволi свежага, ён знайшоў за парогам дзвярэй у двор. Ён узяў яго паўлыжачкi i паклаў у змешвальнiк з некалькiмi кроплямi воцату i тоўчанай солi. Пад сталом ён знайшоў скрылiк сыру з пазногаць вялiкага пальца, ад нейкага Рунэлевага банкету. Сыр быў ужо стары, пачаў надцвiў ужо i пахнуў пранозлiва-востра. З вечка ад бочкi з-пад сардзiнаў, якая стаяла ў канцы лаўкi, ён сашкроб нешта, што пахла рыбнымi кiшкамi, перамяшаў гэта з тухлым яйцом i рыцынай, тарпантынай, мускатам, паленым рогам i падгарэлай скваркай. Да гэтага дадаў досыць многа цыбетыну, развёў гэтыя пачварныя прыправы спiртам, настояў i прафiльтраваў у другую бутэльку. Пах сумесi быў пачварны. Яна пахла клаакай, распадам, цвiллю, а калi павевам веера дамешваў да гэтага выпару чыстае паветра, узнiкала ўражанне, што вы стаiце ў гарачы летнi дзень у Парыжы на скрыжаваннi вулiц О'Фэр i Ленжэры, дзе злiваюцца пахi рыбных радоў, Магiльнiка нявiнных i перапоўненых дамоў.