Грануй даў яму абодва флаконы са звычайнай кветкавай парфумай, i маркiз папырскаўсяЁн быў задаволены эфектам. Яму здаецца, прызнаўся ён, што жахлiвы фiялкавф пах гадамi цiснуў на яго свiнцовым цяжарам, а цяпепр у яго выраслi крылы-пялёсткi, i адпусцiла калена, перастала балець, шумець у вушах перастала; i наогул ён чуе сябе акрыленым, бадзёрым i памаладзелым на некалькi гадоў. Ён падышоў да Грануя, абняў яго i назваў сваiм "флюiдальным братам", дадаўшы, што пры гэтым мае на ўвазе зусiм не сацыяльны, а чыста абстрактны зварот in conspectu universalitatis fluidi letalis,перад якiм -- i толькi перад iм! -- усе людзi роўныя; апроч таго ён плануе -- а гэта ён казаў, адарваўшыся ад Грануя, даволi па-сяброўску, без следу агiды, амаль як роўнага -- у блiжэйшы час заснаваць звышсаслоўную ложу з мэтаю поўнага ўхiлення fluidum letale, i ён ужо цяпер абяцае Граную, што той будзе першым прэзiдэнтам гэтай ложы. Потым ён загадаў запiсаць рэцэптуру кветкавай парфумы, схаваў цэтлiк у кiшэню i падарыў Граную пяцьдзесят луiдораў.
Роўна праз тыдзень пасля першага даклада маркiз дэ ля Таяд-Эспiнас другi раз явiў свайго пацыента ў актавай зале унiверсiтэта. Наплыў публiкi быў неверагодны. Сабраўся ўвесь цвет грамадства не толькi навуковага, але найперш i свецкага, у тым лiку багата дам, якiя хацелi пабачыць легендарнага пячорнага чалавека. I хоць апаненты Таяд-Эспiнаса, у асноўным прадстаўнiкi "Сяброўскага кола унiверсiтэцкiх батанiчных садоў" i члены "Аб'яднання дзеля спрыяння агрыкультуры", змабiлiзавалi ўсiх сваiх прыхiльнiкаў, мерапрыемства мела фенаменальны поспех. Каб нагадаць публiцы пра стан Грануя тыднёвай даўнасцi,Таяд-Эспiнас спачатку перадаў у залу малюнкi, на якiх пячорны чалавек быў паказаны ва ўсёй мярзотнай запушчанасцi. Потым ён загадаў увесцi новага Грануя -- у прыгожым каптане з сiняга аксамiту i шаўковай кашулi, нарумяненага, напудранага i прычасанага; i ўжо адно тое, як ён iшоў, трымаючыся проста, дробнымi крокамi, далiкатна павiльваючы клубамi, як ён без нiчыёй дапамогi падняўся на памост, нiзка пакланiўся, з усмешкаю пакiваў галавой туды-сюды, прымусiла сцiхнуць усiх скептыкаў i крытыкаў. Нават сябры унiверсiтэцкiх батанiчных садоў прыгнечана маўчалi. Надта ж бо красамоўная была перамена, надта ўражлiвы цуд, якi тут яўна адбыўся: калi тыдзень назад яны бачылi перад сабою зацкаваную, здзiчэлую жывёлiну рачком, дык цяпер на тым самым месцы стаяў сапраўдны цывiлiзаваны, добра складзены чаолавек. У зале запанаваў амаль багавейны настрой, i калi Таяд-Эспiнас падняўся на кафедру з дакладам, залегла поўная цiшыня. Ён зноў выклаў сваю даволi ўжо вядомую тэорыю летальнага землянога флюiду, потым патлумачыў, якiмi механiчнымi i дыетычнымi сродкамi ён выдалiў флёiд з цела дэманстраванага суб'екта i замянiў яго вiтальным флюiдам, i ў заключэнне заклiкаў прысутных, як сяброў, так i працiўнiкаў, перад аблiччам такой пераканаўчай вiдавочнасцi адмовiцца ад супрацiўлення новаму вучэнню i разам з iм, Таяд-Эспiнасам, паўстаць на барацьбу з дрэнным флюiдам i прызнаць станоўчы вiтальны флюiд. Пры гэтым ён ускiнуў угору рукi i падняў вочы ў неба, i многiя вучоныя мужы паўтарылi гэты жэст, а жанчыны зашморгалi ў насоўкi.
Грануй стаяў на памосце i не прыслухоўваўся. Ён з вялiкай асалодай назiраў за ўздзеяннем зусiм iншага, куды больш рэальнага флюiду: свайго, уласнага. Улiчваючы памеры актавай залы, ён надушыўся даволi моцна, i ледзь толькi падняўся на памост, аўра ягонага паху пачала выпраменьвацца ў залу. Ён бачыў -- сапраўды, ён бачыў наваь вачыма! -- як яна захапiла спярша пярэнiя рады, потым пасунулася далей, да цэнтру залы, i нарэшце дайшла да заднiх радоў i расцяклася па галерэi. I той, каго яна захапiла -- у Грануя ад радасцi заскакала сжэрца, --той мяняўся на вачах. У паласе яго паху людзi, самыя таго не ўсведамляючы, мянялi выраз твару, мянялi свае паводзiны, свае пачуццi. Той, хто спачатку таропiўся на яго са стрыманым подзiвам, цяпер дзiвiўся замiлавана, той, хто нерухома сядзеў на крэсле, крытычна моршчыў лоб, шматзначна i абазнана крывiў рот, цяпер вальней падаўся наперад, а твар яго набыў па-дзiцячы даверлiвы выраз; i нават на тварах баязлiвых, спалоханых, самых уразлiвых --тых, якiя раней не маглi глядзець на яго без жаху, а потым без скепсiсу, пачвiўся налёт прыязнасцi, нават сiмпатыi, як толькi iх захоплiваў Ягоны пах.