Выбрать главу

У яго круцiлася ў галаве, яго крыху вадзiла, i яму давялося абаперцiся на сцяну i павольна апусцiцца ў роў. Там, збiраючы ў сябе сiлу i таймуючы свой дух, ён пачаў удыхаць фатальны водар кароткiмi, менш рызыкоўнымi зацяжкамi. I выявiў, што пах за сцяной, хоць i неверагодна падобны на пах рыжай дзяўчыны, але не зусiм такi самы. Зразумела, ён таксама iшоў ад рыжай дзяўчыны, у тым не было сумнення. Уяўленнем свайго нюху Грануй бачыў гэтую дзяўчыну перад сабою, як на карцiне. Яна не сядзела спакойна, а бегала, падскоквала, ёй было горача, потым яна зноў астывала, яна яўна гуляла ў нейкую гульню, падчас якое трэба было жвава рухацца i замiраць на месцы -- з нейкiм iншым чалавекам, чый пах, зрэшты, зусiм не меў значэння. У яе была сляпуча белая скура. У яе былi зялёныя вочы. У яе былi канапацiнкi на твары, на шыi i на грудзях... ну на... -- Грануй на момант задыхнуўся, потым энергiчней шмыгануў носам i паспрабаваў адцiснуць успамiны пра пах дзяўчыны з вулiцы Марэ ) ну, праўда, у тутэйшай дзяўчыны наогул яшчэ не было грудзей у поўным сэнсе слова! Яны ў яе яшчэ толькi-толькi пазначалiся. Яны ў яе былi бясконца далiкатныя i ледзь-ледзь духмяныя, абсыпаныя канапацiнкамi, магчыма, усяго некалькi дзён, магчыма, усяго некалькi гадзiн... толькi-толькi на пачатку набухання грудочкi. Адным словам, гэтая дзяўчына была яшчэ дзiця. Але якое дзiця!

У Грануя выступiў пот на лобе. Ён ведаў, што дзецi пахнуць не вельмi моцна-- гэтак як зялёныя, яшчэ не прапокнутыя бутоны кветак. Але гэтая кветка, гэты яшчэ амаль закрыты бутон за сцяной, яшчэ нiкiм апроч Грануя не заўважаны, яшчэ толькi выпускаў першыя пахучыя стрэлачкi пялёсткаў, ужо цяпер духмянiўся так нябесна, што валасы ўставалi. А калi распусцiцца ва ўсёй сваёй раскошы, яна будзе разлiваць такiя пахошчы, якiх яшчэ нiколi свет не нюхаў. Яна ўжо цяпер пахне лепей, падумаў Грануй, чым колiшняя дзяўчына з вулiцы Марэ, не так, бадай, моцна, не так раскошна, а танчэй, шматгранней i разам з тым больш натуральна. А за два-тры гады гэты пах выспелiцца i набудзе такую ўладу, што нiводзiн чалавек --хай мужчына, хай жанчына -- не здолее не падупасцi ёй. I людзi будуць упакораныя, урахманеныя, утаймаваныя, абяззброеныя, бездапаможныя перад чароўнасцю гэтай дзяўчыны, i яны не будуць ведаць -- чаму. I таму, што яны дурныя i могуць карыстаць свае насы толькi на чыханне i думаюць, што могуць спазнаваць усё дарэшты вачамi, яны скажуць, што захопленыя хараством, i грацыяй, i абаяльнасцю гэтай дзяўчыны. У сваёй абмежаванасцi яны ўславяць яе самыя пасрэдныя рысы -- статную постаць, бездакорны авал твару. У яе вочы, скажуць, як смарагды, а зубы, скажуць,-- як жамчужыны, а скура, скажуць,-- гладкая, як слановая косць, якiх толькi няма iдыёцкiх параўнанняў. I яны абвесцяць яе Язменавай Каралевай, i ёлуп-мастак намалюе яе партрэт, i ўсе скажуць, што яна -- самая прыгожая жанчына ў Францыi. I зелепаны будуць трынькаць на мандалiне i праседжваць ночы пад яе акном... тоўстыя багатыя мужчыны будуць поўзаць на каленях, просячы ў бацькi рукi ягонай дачкi... а жанчыны любога ўзросту, убачыўшы яе, будуць уздыхаць i снiць пра тое, каб хоць адзiн дзень быць такой панаднай, як яна. I ўсе яны не даведаюцца, што на самай справе яны зачараваныя не яе знешнасцю, не нейкай там беспахiбнай прыгажосцю, а тольткi адзiна яе непараўнальнай, царскай духмянасцю! Толькi ён будзе ведаць гэта, ён, Грануй, ён адзiн. А ён i цяпер ужо ведаў гэта.

Ах! Ён хацеў завалодаць гэтым пахам! Завалодаць не так неразважлiва, як тады, на вулiцы Марэ. Пах той дзяўчыны ён проста выпiў, пералiў у сябе i тым самым разбурыў. Не, водар дзяўчыны за сцяной ён хацеў прысвоiць па-сапраўднаму: зняць з яе, як скуру, i зрабiць сваёй уласнасцю. Як гэта зрабiць, ён не ведаў. Але ў яго было два гады запасу, каб навучыцца. У сутнасцi, гэта не павiнна было быць цяжэй, чым абабраць рэдкую кветку, зняць з яе пах. Ён устаў. Амаль багавейна, нiбы пакiдаючы святую, якая спала, ён пайшоў, прыгорблены, ацiшэлы, каб нiхто яго не згледзеў, каб нiхто яго не пачуў, нiхто не здагадаўся пра яго каштоўную знаходку. Так ён дабег уздоўж гарадскога мура у другi канец горада, дзе духмяны пах дзяўчыны нарэшце згубiўся. Яго ўпусцiлi назад праз браму Фенэан. Ён спынiўся ў цянi дамоў. Смярдзючы пах завулкаў дадаваў яму пэўнасцi i дапамог ацугляць ягоныя шалы. Праз паўгадзiны ён ужо быў спакойны. Па-першае, думаў, ён больш не падыдзе да саду за мурам. Не след рабiць гэтага. Гэта занадта вярэдзiць яго. Кветка распусцiцца там i без яго, а ўжо як яна будзе распускацца, яму i так вядома. Ён не дасць сабе раней часу ўпiвацца. Ён павiнен дапасцi да працы. Ён павiнен пашырыць свае веды i ўдасканалiць сае рамеснiцкую ўмеласць, каб быць пры поўнай зброi, калi настане жнiва. У яго было яшчэ два гады запасу.