Выбрать главу

Праз нейкi час Друо рашаў, што тлушч дастаткова насыцiўся i не можа больш абсарбаваць пах. Ён тушыў агонь, апошнi раз цадзiў ацяжэлае варыва i напаўняў iм каменны тыгель, дзе яно адразу застывала ў выдатную пахучую памаду.

Гэта была гадзiна мадам Арнульфi, якая прыходзiла праверыць працу, надпiсаць каштоўны прадукт i дакладна занесцi ў свае кнiгi яго якасць i колькасць. Яна асабiста перакрывала тыгель, запячатвала i выносiла ў халодныя глыбiнi падвала, потым надзявала чорную сукенку i ўдоўскi шаль i абыходзiла купцоў i парфумнныя фiрмы горада. Нацiскаючы на мiлажальнасць, яна апiсвала гэтым негацыянтам сваё становiшча адзiнокай жанчыны, выслухвала прапановы, супастаўляла цэны, уздыхала i, нарэшце, прадавала альбо не прадавала свой тавар. Парфумная памада доўга залежваецца ў холадзе. I калi цяпер цэны не тое каб, хто ведае, магчыма, зiмою цi навесну яны падскочаць. I трэба падумаць, а цi ж варта збываць свой тавар гэтым працмыгам амаль за так альбо, як гэта робяць iншыя дробныя вытворцы, адпраўляць груз памады караблём у Геную альбо, напрыклад, можа, яно такi лепш узяць удзел у восеньскiм кiрмашы ў Бокеры -- рызыкоўныя заскокi, вядома, але ў разе поспеху шалёна прыбытковыя. Мадам най-най-най узважвала гэтыя розныя магчымасцi, прыкiдвала так i гэтак, часам спалучала адну з адной альбо праварочвала iх усе, частку сваiх скарбаў прадавала, другую прыхоўвала, а трэцяй гандлявала на сваю рызыку. I калi пасля пэўных роспытаў i вывiжовак у яе складвалася ўражанне, што рынак перанабатаваны памадамi i незабаўным часам попыт на яе тавар не вырасце, яна, у сваiм удоўскiм шалi ды не ў жалi спяшалася дамоў i загадвала Друо перарабiць усю партыю ў essence absolue.

I тады паступова зноў выносiлi з сутарэння, асцярожненечка падагравалi ў накрытых горшчыках, дадавалi чыстага вiннага спiрту i прыладжанай усярэдзiну мяшалкай, якою шураваў Грануй, грунтоўна перамешвалi i вымывалi. Вярнуўшыся ў склеп, гэтая сумесь хутка халадзела, спiрт аддзяляўся ад застылага тлушчу памады, i яго можна было пералiць у бутлю. Цяпер гэта ўжо было нешта накшталт духоў, але страшэнна высокай iнтэнсiўнасцi, тым часам як пазасталая памада трацiла большую частку свайго водару. Такiм чынам водар кветак яшчэ раз пераходзiў у iншую субстанцыю. Але на гэтам аперацыя не канчалася. Пасля грунтоўнай фiльтрацыi праз марлю, на якой асядалi самыя найдрабнюткiя тлушчынкi, Друо залiваў пахучы спiрт у маленькi перагонны куб i павольна дыстыляваў яго на самым слабым агнi. Пасля выпарэння спiрту ў ёмiстасцi заставалася маленькае калiўца бледна-афарбаванай вадкасцi, добра вядомай Граную; аднак у такой колькасцi i чысцiнi ён не нюхаў яе нi ў Бальдзiнi, нi, скажам, у Рунэля: гэта быў суцэльны, самы чысты, празрысты i блiскучы алей з кветак, голая пахучасць, тысячакроць сканцэнтраваная ў лужынцы essence absolue. Гэтая эсэнцыя ўжо не мела прыемнага паху. Яна пахла амаль з балючай iнтэнсiўнасцю, востра i едка. I ўсё ж было б даволi адной яе кроплi, разведзенай у лiтры алкаголю, каб зноў уваскрэсiць нюхам цэлае поле кветак.

Вядома, прадукту было вельмi мала. Вадкасцi з дыстылятара хапала роўна на тры маленькiя флаконы. Усяго толькi тры флаконы паху заставалася ад сотняў тысяч кветак. Але яны каштавалi як на цэлы маёнтак нават тут у Грасе. I ў колькi ж разоў яшчэ даражэй, калi iх адпраўлялi ў Лiён, у Гранобль, у Геную цi ў Марсэль! I калi мадам Арнульфi глядзела на гэтыя флакончыкi, вочы яе замглялiся прыгожай павалокай, яна лашчыла iх позiркам i, беручы iх у рукi i закаркоўваючы спраўна прыцёртым гранёным шкляным каранцом, займала дыханне, каб не прапала нi кропелькi каштоўнага змесцiва. I каб пасля закаркоўкi не вымкнулася, не выпарылася нiводная атамулька, яна запячатвала коркi тлустым воскам i загортвала ў рыбны пузыр, якi моцна перавязвала на гарлячку флакона. Потым ставiла флаконы ў скрыначкi з пракладкай, выносiла ў склеп i замыкала на ключ i засаўку.

37

У красавiку яны мацаравалi чаромху i апельсiнавы цвет, у маi -- мора ружаў, духмянасць якiх на цэлы месяц завалакла горад нябачным салодкiм, як крэм, туманам. Грануй працаваў як конь. Сцiпла, амаль з рабскай гатоўнасцю ён выконваў усе падсобныя аперацыi, якiя даручаў яму Друо. Але пакуль ён, здавалася б, тупа размешваў i зграбаў кветкi, мыў бутэлькi, падмятаў майстэрню цi насiў дровы, ад ягонай увагi не ўтоiлася нiводная iстотная дэталь рамяства, нiводзiн метамарфоз пахаў. Спраўней, чым калi-небудзь мог зрабiць гэта Друо, дзякуючы свайму носу, Грануй вёў i ахоўваў рух пахаў ад пялёсткаў праз тлушч i спiрт у каштоўныя маленькiя флаконы. Ён нашмат раней, чым заўважаў Друо, адчуваў, калi тлушч пачынаў перагравацца, адчуваў, калi маса кветак выдыхалася, калi варыва насычалася пахам, ён адчуваў, што адбывалася ў змяшальнiках i ў якi дакладна момант працэс дыстыляцыi павiнен быў спынiцца. I кожны раз даваў гэта зразумець, ясна, як бы ненарочна, не здымаючы маскi дагодлiвасцi. Яму падалося, казаў ён, што цяпер вось тлушч, мусiць, стаў занадта гарачы; ён амаль упэўнены, што пара быццам бы злiваць у сiты; у яго такое пачуцце, нiбыта спiрт у перагонным кубе вось-вось пачне выпарацца... Друо хоць i не быў сямiлобы, але i поўным ёлупам таксама не быў i з часам спетрыў, што прымаў самыя лепшыя рашэннi якраз тады, калi рабiў альбо загадваў зрабiць так, як "здавалася" Граную, у якога "было такое адчуванне". I як што Грануй нiколi не строiў з сябе важнiка i не задаваўся тым, што ў яго "было такое адчуванне", i нiколi -- тым болей пры мадам Арнульфi!-- нават жартам не ставiў пад сумненне аўтарытэт Друо i прывiлеяванасць яго становiшча, Друо не бачыў прычыны, чаму б яму не следаваць парадам Грануя; больш таго: з часам ён ужо адкрыта пачаў перакладваць на яго прыняцце рашэнняў.