Усе часцей здаралася так, што Грануй не толькi мяшаў у катле, але яшчэ i закладваў масу, палiў у печы i працэджваў памаду, а тым часам выпраўляўся прапусцiць шклянку вiна ў "Чатыры Дафiны" або падымаўся наверх да мадам паглядзець, што там i як. Ён ведаў, што на Грануя можна было пакласцiся. А Грануй хоць i выконваў двайную працу, цешыўся з адзiноты, удасканальваўся ў новым мастацтве i пры выпадку крыху эксперыментаваў. I са зладзюжнай радасцю ён выявiў, што зробленая iм памада непараўнана танчэйшая, а яго essence absolue на парадак вышэй, чым прыгатаваная разам з Друо.
У канцы чэрвеня пачaўся час язмену, у жнiўнi -- начных гiяцынтаў. Абедзве раслiны мелi такi далiкатны i крохкi, высакародны пах, што трэба было не толькi зрываць iх кветкi да ўзыходу сонца, але i апрацоўваць iх адмыслова, вельмi асцярожна. Цяпло памяншала iх водар, раптоўнае апусканне ў гарачы мацарацыйны тлушч цалкам разбурыла б яго. Гэтыя самыя высакародныя кветкi не давалiся, каб iм так проста вырывалi душу, i яе даводзiлася вынаджваць хiтрасцю. У асобным памяшканнi iх рассыпалi на змазаныя тлушчам гладкiя дошкi альбо не спрасоўваючы загортвалi ў прамасленыя палотны, дзе iх павольна ўсыплялi да смерцi. Толькi праз тры-чатыры днi яны вялi, выдыхаючы свой водар на суседнi тлушч цi алей. Потым iх асцярожненька выбiралi i рассыпалi свежыя кветкi. Працэс паўтараўся дзесяць -- дваццаць разоў, i да таго часу, калi памада насычалася i можна было выцiскаць з палатна пахучы алей, наставаў верасень. Тут здабытку было яшчэ меней, чым пры мацарацыi. Аднак якасць атрыманай халодным анфлеражам язменавай пасты або прыгатаванага па старадаўнiм рацэпце туберозавага мыла па сваей адмысловасцi i адпаведнасцi арыгiналу была вышэйшая, чым у любога iншага прадукту парфумнага мастацтва. Здавалася, што на тлустых пласцiнах, як у люстры, быў адбiты салодкастойкi эратычны пах язмену i адбiваўся вельмi нават натуральна --cum grano salis* вядома. Бо Грануеў нюх яшчэ адрознiваў пах кветак i iх кансерваваны водар: быццам тонкае покрыва ляжаў на iм пах тлушчу (колькi хочаце чысты/, згладжваючы араматычны вобраз арыгiналу, яго пранозлiвасць, можа, нават наогул робячы яго прыгажосць прымальнай звычайным людзям... У кожным разе, халодны анфелаж быў самы мудрагелiсты i дзейсны сродак улоўлiвання пяшчотных пахаў. Лепшага не было. I хоць нават гэты метад не мог цалкам падмануць нос Грануя, ён ведаў, што каб абдурыць свет ёлупаў без нюху, яго тысяча разоў досыць.
Вельмi хутка ён пераўзышоў свайго настаўнiка Друо як у мацараваннi, так i ў майстэрстве халоднай араматызацыi i даў яму гэта адчуць правераным дагодлiва-тактычным чынам. Друо ахвотна даручаў яму выйсцi ў горад, на бойню, купляць там самыя патрэбныя тлушчы, ачышчаць iх, распускаць, фiльтраваць i вызначаць прапорцыi сумесяў. Сам Друо заўсёды баяўся гэтай працы i выконваў яе з вялiкай намогай, бо нячысты, прагорклы, або занадта пратхнёны свiнiнай, валовiнай або баранiнай тлушч мог разбурыць каштоўную памаду. Ён перадаверыў Граную вызначаць прамежкi памiж прасаленымi пласцiнамi ў памяшканнi араматызавання, час замены кветак, ступень насычэня памады, неўзабаве ён перадаверыў яму ўсе самыя рызыкоўныя рашэннi, якiя ён, Друо, гэтак сама, як колiсь Бальдзiнi, мог прымаць толькi наўздагад, па вывучаных правiлах, а Грануй -- з веданнем справы, чым ён быў абавязаны свайму носу, пра што Друо, вядома, нават не здагадваўся.
"У яго лёгкая рука,-- казаў Друо.-- Ён нутробаю адчувае, што да чаго". А часам ён думаў: "Ды ён проста намнога здольнейшы за мяне, з яго выйдзе парфумец у сто разоў лепшы за мяне". I пры гэтым ён лiчыў яго прапашчым галганам, бо Грануй, на яго думку, не выдабываў анiякага прафiту са свайго таленту, а ён, Друо, з меншымi здольнасцямi тым часам ужо паспеў зрабiцца майстрам. А Грануй уцвердзiў яго ў гэтым перакананнi, старанна прыкiдваўся дурнем, не паказваў анiякусенькiх знакаў любовi да славы, рабiў выгляд, што не здагадваецца пра сваю генiяльнасць i выконвае ўсё толькi па загадзе шматспрактыкаванага i вопытнага Друо, без якога ён, Грануй, нiшто.