Потым, вельмi паступова i з найвялiкшай асцярожнасцю, ён прыступiў да людзей. Пад прыкрыццём свайго лёгкага паху някiдкасцi ён вечарамi ашываўся сярод заўсёднiкаў "Чатырох Дафiнаў" i пад сталамi, i лавамi, i ў зацiшных закутках прычапляў абрыўкi прапiтанай алеем або тлушчам матэрыi. Праз некалькi дзён ён збiраў iх i даследаваў. Сапраўды, яны разам з усiмi магчымымi кухоннымi выпарэннямi i пахамi тытунёвага дыму i вiна выдыхалi крыху чалавечага паху. Але ён заставаўся даволi расплывiстым i завуаляваным-- хутчэй агульным адчуваннем смуроду, чым асабiстым пахам. Тую ж самую аўру чалавечай масы, але больш чыстую i сублiмаваную ва ўзнёсла-патлiвую якасць, можна было атрымаць у саборы, дзе Грануй 24 снежня развесiў пад лаўкамi свае пробныя сцяжкi i адкуль забраў iх 26 снежня, пасля таго як над iмi было адседжана не меней сямi абедняў. На гэтых шматках тканiны, якiя ўвабралi атмасферу сабора, адбiўся жахлiвы кангламерат пахаў прагорклага поту, менструальнай крывi, вiльготных упадзiн пад каленямi i зведзеных сутаргаю рук, змяшаным з адпрацаваным паветрам дыхання тысяч глотак, што спяваюць хорам i шэпчуць малiтвы, i з цяжкiмi гразкiмi парамi ладану i мiры, жудасны ў сваей воблачнай бясформнасцi, якая выклiкае млосць згушчанасцi i ўсё-такi ўжо пазнавальна чалавечы. Першы iндывiдуальны пах Грануй раздабыў у багадзельнi. Яму ўдалося ўкрасцi прызначаныя да спалення прасцiны аднаго толькi што памерлага ад сухотаў чаляднiка-гарбара, у якiх ён праляжаў загорнуты два месяцы. Палатно так моцна прасяклася сальнымi выдзяленнямi гарбара, што ўвабрала яго выпарэннi, як паста для анфлеражу, i яго можна было проста прамыць. Вынiк быў кашмарны: пад носам у Грануя з раствору вiннага спiрту гарбар паўстаў з мёртвых, i яго iндывiдуальны нюхальны партрэт, хай схематычны, скажоны своеасаблiвым метадам рэпрадукавання i шматлiкiмi мiязмамi хваробы, але ўсё-такi цалкам пазнавальны, праступiў у паветры памяшкання: маленькi чалавек гадоў трыццацi, бландзiн з шырокiм тупым носам, з кароткiмi рукамi, плоскiмi сырнымi ступакамi, набухлым членам, жоўцевым тэмпераментам i гiдкiм пахам з рота, гэты гарбар не вызначаўся прыгажосцю, не варта было захоўваць яго, як таго маленькага шчанюка. Але ўсё-такi Грануй цэлую ноч дазволiў прывiду насiцца па сваёй хацiне i раз-пораз падчапляў яго нюхам, шчаслiвы i глыбока задаволены пачуццём улады, якую ён здабыў над аўрай iншага чалавека. На другi дзень ён вытрас яго вон.
У гэтыя зiмовыя днi ён паставiў яшчэ адзiн вопыт. Адной нямой жабрачцы, якая бадзялася па горадзе, ён плацiў франк, каб яна цэлы дзень насiла на голым целе анучкi, апрацаваныя рознымi сумесямi тлушчу i алею. Высветлiлася, што камбiнацыя тлушчу ягнячых нырак i бяспрымеснага каровiнага сала у адносiнах два-пяць да трох пры дабаўцы невялiкай колькасцi дзявочага алею лепей за ўсё падыходзiць для засваення чалавечага паху. На гэтым Грануй спынiўся. Ён адмовiўся ад таго, каб авалодаць цалкам нейкiм жывым чалавекам i перапрацаваць яго па правiлах парфюмерыi. Гэта было б заўсёды звязана з рызыкай i не дало б новых вынiкаў. Ён ведаў, што цяпер валодае тэхнiчнымi прыёмамi, якiя дазваляюць сiлком адабраць у чалавека ягоны пах, i на гэта не трэба было новых доказаў.
Пах чалавека сам па сабе быў яму абыякавы. Пах чалавека ён мог дастаткова хораша iмiтаваць сурагатамi. Тое, чаго ён прагна жадаў, быў пах пэўных людзей: а менавiта тых надзвычай рэдкiх людзей, якiх любяць. Вось яны i зрабiлiся ягонымi ахвярамi.