У студзенi ўдава Арнульфi законна пашлюбiлася са сваiм першым чаляднiкам Дамiнiкам Друо, якi, такiм чынам, зрабiўся мэтрам Друо, майстрам пальчатачных i парфумных спраў. Была дадзена вялiкая гасцiна майстрам гiльдыi, больш сцiплы абед чаляднiкам, мадам купiла новы матрац на ложак, якi яна з гэтага часу афiцыйна дзялiла з Друо, i дастала з шафы свае яркiя сукенкi. У астатнiм усё засталося, як i было. Яна пакiнула сабе добрае старое iмя Арнульфi, захавала непадзеленую маёмасць, фiнансавае кiраўнiцтва справамi i ключы ад падвала; Друо дзень у дзень выконваў сваю сексуальную павiннасць, а потым асвяжаўся вiном; а Грануй хоць i аказаўся першым i адзiным чаляднiкам, нёс на сабе асноўную частку працы, якая раптам навалiлася на яго, за ўсё тое ж самае старое жалаванне, сцiплы харч i гаротнае жытло.
Год пачаўся жоўтым патокам касiй, гiяцынтамi, фiялкамi i наркатычнымi нарцысамi. Аднаго разу ў сакавiцкую нядзелю, удзень -- прайшло прыкладна з год, як ён прыйшоў у Грас,--Грануй выправiўся на другi канец горада падзiвiцца, як там у тым садзе за мурам. Гэтым разам ён быў падрыхтаваны да паху i даволi дакладна ўявiў сабе, што яго чакае... i ўсе ж, калi ён яе ўнюхаў, ужо каля Новага моста, на паўдарозе да таго месца за сцяной, сэрца яго забiлася спарней, i ён адчуў, як кроў у ягоных жылах закiпела ад шчасця. Яна была яшчэ там -- неверагодна прыгожая раслiна выдатна перазiмавала, налiлася сокам, падрасла, расправiлася, выпусцiла раскошныя парасткi! Яе водар, як ён i чакаў, памацнеў, але не страцiў сваёй вытанчанасцi. Тое, што яшчэ год таму назад iскрылася пырскамi i кропелькамi, цяпер струменiлася плаўным, крыху пастозным патокам паху, ззяла тысячай фарбаў, i кожная фарба была цэльная i моцная i больш не рвалася. I гэты паток, мiлашчасна канстатаваў Грануй, сiлкаваўся з усе большай крынiцы. Яшчэ год, яшчэ толькi год, яшчэ толькi дванаццаць месяцаў, i крынiца зафантанiць на поўную сiлу, i ён зможа прыйсцi, захапiць яго i прыручыць дзiкае вывяржэнне яго водару.
Ён прабег уздоўж сцяны да знаёмага месца, за якiм быў сад. Хоць дзяўчына яўна была не ў садзе, а ў доме, у свяцёлцы за зачыненымi вокнамi, яе пах веяў, як роўны мяккi брыз. Грануй стаяў зусiм цiха. Ён не быў аглушаны або ап"янены, як першага разу. Ён быў перапоўнены шчаслiвым пачуццём каханка, якi здалёк падпiльноўвае або сочыць за сваёй багатворнай каханай i ведае, што праз год забярэ яе да сябе. Сапраўды, Грануй, гэты самотны клешч, гэтая пачварына, гэты нелюдзь Грануй, якi нiколi не адчуваў каханняi нiколi не мог зкахаць у сябе, стаяў таго сакавiцкага дня каля гарадскога мура Граса, i кахаў, i быў бязмерна шчаслiвы ад свайго кахання. Праўда, ён кахаў не чалавека, не дзяўчыну ў доме, там , за сцяною, Ён кахаў водар. Толькi яго, i нiчога iншага, i кахаў яго як будучы ўласны водар. Праз год ён завалодае iм, i ў гэтым ён прысягнуў сабе сваiм жыццём. I даўшы сабе гэта своеасаблiвае абяцанне цi зрабiўшы гэтыя заручыны, прысягнуўшы быць верным свайму будучаму паху, ён у радасным настроi пакiнуў месца прысягi i праз браму Дэ-Кур вярнуўся ў горад.
Лежачы ўначы ў сваiм хляве, ён яшчэ раз дастаў яе пах з успамiну --не змог усупрацiвiцца спакусе -- i апусцiўся ў яго, ён песцiў яго i дазваляў яму лашчыць сябе, ён адчуваў яго зусiм побач, так блiзка, быццам у сне, быццам ён ужо сапраўды валодаў iм, сваi водарам, сваiм уласным водарам, i, пакукль доўжылася гэтае дзiвосна-п"янкое iмгненне, ён любiў яго ў сабе i сябе дзякуючы яму. Ён хацеў заснуць з гэтым пачуццём закаханасцi ў сябе. Але якраз у той момант, калi заплюшчыў вочы i яму засталася зрабiць усяго адзiн удых, каб аддацца крозам, водар пакiнуў яго, раптоўна знiк, i яго месца запоўнiў халодны пах казлiнага хлява.
Грануй жахнуўся. "А калi,-- падумаў ён,-- а калi гэты водар, якiм я авалодаю, скончыцца? Гэта ж не так, як ва ўспамiнах, дзе ўсе пахi не прападаюць, не мiнаюць. Рэальны пах зношваецца, сутыкаючыся з светам. Ён лятучы. I калi зносiцца, не будзе больш крынiцы, адкуль я яго ўзяў. I я застануся голы, як раней, i мне давядзецца зноў дапамагаць сабе рознымi сурагатамi. Не, не будзе горш, чым раней! Бо я ўжо пазнаю яго i авалодаю iм, маiм уласным нябесным пахам, i я не змагу яго забыць, бо нiколi не забываю пахаў. I значыцца, я ўсё жыццё буду мучыцца ўспасмiнам пра яго, як мучаюся ўжо цяпер, у момант майго смакавання... Тады навошта я наогул хачу авалодаць iм, навошта ён мне?"
Гэта думка была незвычайна непрыемная. Грануй страшэнна спалохаўся, што, авалодаўшы водарам, якiм ён яшчэ не валодаў, непазбежна зноў яго страцiць. Як доўга ён утрымае яго? Некалькi дзён? Некалькiтыдняў? Можа, цэлы месяц, калi будзеш душыцца вельмi ашчадна? А потым? Ён ужо бачыў, як вытрасае з флакона апошнюю кроплю, апалосквае флакон вiнным спiртам, каб не прапала анi калiўца, i бачыць, адчувае, як яго любiмы пах назаўсёды i беззваротна улятучваецца. Гэта будзе павольным памiраннем, ён як бы задыхнецца, наадварот, паступова, у муках выпарыць сябе вонкi, у мярзотны, жудасны свет.