Дзяўчына й праўда была чароўна прыгожая. Яна была з таго раскошнага тыпу жанчын, якiя нагадваюць цёмны мёд, густы i салодкi i незвычайна цягучы; якiя адным плаўным рухам, адным паваротам галавы, адным павольным, як узмах бiча, позiркам завалодваюць прастораю i пры гэтым спакойна стаяць у цэнтры вiра, быццам не ўсведамляючы сiлы прыцягнення, з якою яны вабяць пачуццi i душы як мужчын, так i жанчын. А яна была маладая, у пары сталення, чароўнасць яе тыпу яшчэ не дасягнула дасканаласцi. Яе раскошныя формы былi яшчэ тугiя i гладкiя, грудзi пругкiя, а пласкаваты твар, акаймаваны чорнымi валасамi, яшчэ захоўваў далiкатныя абрысы i таямнiчую няпэўнасць рысаў. Зрэшты, самых валасоў не было. Забойца абстрыг iх i забраў, гэтак сама i вопратку.
Падазрэнне ўпала на цыганоў. Ад цыганоў можна было чакаць чаго хоч. Цыганы, як вядома, ткалi кiлiмы са старое вопраткi i набiвалi падушкi чалавечым воласам, i рабiлi маленькiя лялькi са скуры i зубоў шыбенiкаў. Такое вычварнае злачынства магло быць толькi цыганскiм, бо чыё ж яшчэ. Але, як нi дзiўна, нiякiх цыганоў паблiзу не было i ў заводзе, не вадзiлася нiдзе ў наваколлi, апошнi раз яны качавалi тут у снежнi.
Як што нiякiх цыганоў не было, пачалi думаць на iтальянскiх парабкоў-сезоннiкаў. Iтальянцаў, праўда, не было таксама, так рана яны не наязджалi, яны будуць наймацца на збор язмену толькi ў чэрвенi, значыцца, якiя ж гэта вам iтальянцы. Нарэшце пад падазрэнне трапiлi цырульнiкi, якiх абшукалi, каб знайсцi валасы забiтай дзяўчыны. Пустое. Потым западозрылi яўрэяў, потым нiбыта пажадлiвых братоў бенедыктынскага кляштара -- хоць усiм манахам было ўжо далёка за семдзесят, потым цыстарыянцаў, потым франкмасонаў, потым вар'ятаў з лякарнi, потым вугальшчыкаў, потым жабракоў i нават амаральных арыстакратаў, асаблiва маркiза дэ Кабры, бо той ужо трэцi раз ажанiўся, ладзiў, як казалi, у сваiх сутарэннях аргiястычныя дзействы i пры гэтым жлукцiў кроў нявiннiц, каб падвысiць сваю мужчынскую дастойнасць. Праўда, нiчога канкрэтнага давесцi не ўдалося. Нiхто не быў сведкам забойства, нi вопраткi, нi валасоў мёртвай не знайшлi. Праз некалькi тыдняў лейтэнант палiцыi спынiў следства.
У сярэдзiне чэрвеня наехалi, нарэшце, iтальянцы, шмат якiя з сем'ямi, наймацца на язмен. Сяляне, праўда, бралi iх на працу, але, памятаючы пра забойства, забаранялi сваiм жонкам i дочкам вадзiцца з iмi. Беражонага Бог беражэ. Хай гэтыя сезоннiкi, можа й праўда не дачынiлiся да злачынства, але ж маглi, а таму лепш ад iх трымацца далей.
Неўзабаве, як пачаўся збор язмену, грымнулi яшчэ два забойствы. Зноў ахвярамi былi дзяўчаткi -- пiсаныя красунi таго ж самага чарнакосага тыпу, зноў знайшлi iх на палетку голых i паголеных з тупой ранай на патылiцы. Зноў -- анi следу злачынцы. Навiна шуганула з хуткасцю агню, i пагроза ўжо навiсла над прыйшлым людам, як тут стала вядома, што абедзве ахвяры самыя былi iтльянкi, дочкi аднаго парабка з-пад Генуi.
Людзi далiся ў панiку. Яны цяпер не ведалi, супраць каго iм скiраваць свой бяссiлы шал. Праўда, сёй-той яшчэ кiваў на вар'ятаў цi на апантанага маркiза, але ў гэта не вельмi верылi, бо вар'яты ўдзень i ўначы былi пад наглядам, а маркiз даўно з'ехаў у Парыж. I людзi пачалi цiснуцца адзiн да аднога. Сяляне адчынiлi свае хлявы сезоннiкам, якiя раней начавалi ў чыстым полi. Гараджане ў кожным квартале выставiлi начныя дазоры. Лейтэнант палiцыi павялiчыў каравулы каля гарадскiх брамаў. Але ўсе перасцярогi пайшлi на марна. Праз некалькi дзён пасля двайнога забойства зноў знайшлi труп дзяўчыны, таксама знявечаны, як i ўсе ранейшыя. Гэтым разам дзяўчына была з Сардынii -- прачка з бiскупавага палаца, забiтая непадалёк ад Фантэн-дэ-ля-Фу, проста ледзь не каля гарадское брамы. I хоць пад нацiскам узбуджаных гараджанаў Рада консулаў пайшла на далейшыя захады --найстражэйшыя праверкi каля брамаў, узмацненне начных дазораў, забарона выходзiць на вулiцу поцемкамi усiм асобам жаночага полу,-- гэтым летам не праходзiла i тыдня, каб дзе-небудзь не знаходзiлi труп маладой дзяўчыны. I кожны раз таго ўзросту, калi дзяўчына толькi-толькi пачынае брацца на маладую жанчыну, i кожнага разу гэта была самая прыгожая смуглянка таго ж самага чароўнага тыпу. Зрэшты, неўзабаве забойца ўважыў i, пераважна сярод мясцовага насельнiцтва, тып мяккай беласкурай i крыху таўсманай дзяўчыны. Нават яркiя брунеткi, нават шатэнкi -- калi яны былi не надта худыя -- апошнiм часам рабiлiся ягонымi ахвярамi. Ён высочваў iх усюды, ужо не толькi ў наваколлi Граса, але i ў горадзе, нават у дамах. Дачка аднаго сталяра была знойдзена забiтай у сваёй свяцёлцы на пятым паверсе, i нiхто ў доме не пачуў анiякага шуму, i нiводзiн сабака, якiя звычайна здалёк унюхвалi i аббраэхвалi кожнага чужога, нават не яўкнуў. Забойца здаваўся няўлоўным, бясцелым духам.