Такiя далёкасяжныя планы апраўдвалiя тым, што ён быў казачна багаты. Антуан Рышы быў намнога багацейшы за любога буржуа ў акрузе. Ён валодаў латыфундыямi не толькi ў ваколiцах Граса, дзе разводзiў апельсiны, сланечнiк, пшанiцу i авёс, але i пад Вансам, i пад Антыбам, дзе трымаў арэнду. Ён меў дамы ў Эксе, дамы па ўсёй правiнцыi, меў сваю долю даходу ад караблёў, якiя хадзiлi ў Iндыю, пастаянную кантору ў Генуi i самы буйны гандлёвы склад араматычных тавараў, спецый, алеяў i скуры ў Францыi.
Аднак сапраўднай каштоўнасцю Рышы была яго дачка. Яна была яго адзiным дзiцем, роўна шаснаццацi гадоў ад роду, з цёмнарыжымi валасамi i зялёнымi вачамi. Твар у яе быў такi чароўны, што наведнiкi любога полу i ўзросту слупянелi i больш не маглi адвесцi ад яе вачэй, яны проста злiзвалi сваiмi позiркамi яе твар, як злiзваюць языком марожанае, i пры гэтым у iх паявiўся тыповы для такога занятку выраз дурнаватай засяроджанасцi. Сам Рышы, гледзячы на сваю дачку, лавiў сябе на тым, што на нейкi час -- на чвэрць гадзiны, на паўгадзiны, магчыма,-- забываў увесь свет i ўсе свае справы, чаго ўвогуле з iм не бывала нават у сне, цалкам раствараўся ў сузiраннi каралеўны-дзяўчыны i потым не мог успомнiць, чым ён, шчыра кажучы, быў так заняты. А з нейкага часу -- ён з прыкрасцю ўсведамляў гэта -- кладучы яе вечарамi ў пасцель або часам ранiцай, калi прыходзiў яе будзiць, а яна яшчэ ляжала, спала, быццам закалыханая Госпадам Богам, i пад покрывам яе начнога ўбору ўгадвалiся формы яе клубоў i грудзей, а з выразу кашулi ад шыi, выгiну падпашак, упадзiн пад локцямi i гладкай рукi, на якой пакоiўся яе твар, струменiлася яе спакойнае i гарачае дыханне...-- нешта жаласна сцiскалася ў яго ўсярэдзiне, перахоплiвала горла i прымушала глытаць слiну, i -- Божа мiлажальны!--ён праклiнаў сябе, што прыходзiцца гэтай жанчыне бацькам, што ён не чужы, не якi там староннi мужчына, перад якiм яна ляжала б так, як цяпер ляжыць перад iм, а ён мог бы легчы да яе, на яе, у яе з усёй сваёй прагай валодання. I ў яго выступаў пот, i ён дрыжаў усiм целам, душачы ў сабе гэтую пачварную думку, i схiляўся над ёю, каб разбудзiць яе цнатлiвым бацькоўскiм пацалункам.
Летась, у часы забойстваў, ён яшчэ не адчуваў у сабе такога фатальнага змагання. Чарадзейская ўлада, якую тады мела над iм ягоная дачка,-- так яму, прынамсi, здавалася -- была яшчэ чароўнай уладаю дзяцiнства. I таму ён нiколi сур'ёзна не апасаўся, што Лаўра стане ахвярай забойцы, якi, як было вядома, не нападаў нi на дзяцей, нi на жанчын, а выключна на дарослых дзяўчат, якiя яшчэ не страцiлi нявiннасцi. Усе ж ён павялiчыў ахову свайго дома, загадаў паставiць новыя рашоткi на вокнах верхняга паверха i загадаў пакаёўцы начаваць у спальнi Лаўры. Але думка пра тое, каб выслаць яе з горада, як гэта зрабiлi з сваiмi дочкаммi, i нават з цэлымi сем'ямi, яго таварышы па саслоўi, была яму нязносная. Ён лiчыў такiя паводзiны ганебнымi i нягоднымi члена Рады i Другога консула, якi, на яго думку, абавязаны даваць грамадзянам прыклад стрыманасцi, мужнасцi i непахiснасцi. Апрача таго ён быў чалавек, якому нiхто не мае права навязваць свае рашэннi -- нi ахоплены панiкай натоўп, нi тым болей адзiн-адзiны ананiмны падонак-злачынец. I ўвесь гэты жудасны час ён быў адзiн з нямногiх у горадзе, хто не паддаўся лiхаманцы страху i меў ясную галаву. Але на дзiва ўсё гэта цяпер перамянiлася. У той час, як людзi на вулiцах, быццам яны ўжо павесiлi забойцу, святкавалi канец ягоных зладзействаў i амаль забылi той нядобры час, у сэрца Антуана Рышы, як нейкi гiдотны яд, пранiк страх. Спачатку ён не хацеў дапускаць, што менавiта страх прымушаў яго адкладваць даўно наспелыя паездкi, радзей выходзiць у горад, скарачаць вiзiты i нарады, толькi каб хутчэй вярнуцца. Ён доўга апраўдваўся перад самiм сабой спасылкамi на занятасць i стомленасць, але нарэшце рашыў, што крыху заклапочаны, як быў бы заклапочаны на ягоным месцы кожны бацька, якi мае дачку-нявесту, бо такая заклапочанасць -- справа жыцейская... Хiба не разнеслася ўжо па свеце слава пра яе прыгажосць? Хiба не выцягваюцца ўсе шыi, калi ў нядзелю ўваходзiш з ёю ў царкву? Хiба некаторыя паны ў Радзе ўжо не намякалi на магчымае сватанне ад свайго iмя або ад iмя сваiх сыноў?..
Але аднаго разу ў сакавiку Рышы сядзеў у гасцёўнi i бачыў, як Лаўра выйшла ў сад. На ёй была сiняя сукенка, па якой рассыпалiся яе рыжыя валасы; яны iскрылiся на сонцы, нiколi ён не бачыў яе такою прыгожаю. Яна знiкла за жывой агароджаю i паявiлася з-за яе, можа, на два стукi сэрца пазней, чым ён чакаў,-- i ён смяротна спалохаўся, бо падчас гэтых двух стукаў сэрца думаў, што страцiў яе назаўсёды.