Тае ж самае ночы ён прачнуўся ад страшнага сну, якога ўжо не памятаў, але сон быў звязаны з Лаўрай, i ён кiнуўся ў яе пакой, пэўны, што знойдзе яе ў ложку мёртвай, забiтай, апаганенай i астрыжанай,-- але знайшоў яе цэлую i жывенькую.
Ён вярнуўся ў сваю спальню, увесь мокры ад поту, дрыжаў ад узбуджэння, не, не ад узбуджэння, а ад страху, цяпер ён нарэшце прызнаўся сабе ў гэтым, ён супакоiўся,i ў галаве ў яго прасвятлiлася. Калi гаварыць шчыра, дык ён з самага пачатку не верыў у дзейснасць бiскупскпй анафемы; не верыў i ў тое, што цяпер забойца закручвае ў Граноблi; i ў тое, што ён наогул пакiнуў горад. Не, ён яшчэ жыў тут, сярод жыхароў Граса, i калi-небудзь зноў ударыць. У жнiўнi i вераснi Рышы агледзеў некаторых забiтых дзяўчат. Вiдовiшча гэтае жахнула яго i, трэба прызнацца, разам з тым i захапiла, бо ўсе яны, i кожная на свой лад, былi неверагодна прыгожыя. Нiколi б ён не падумаў, што ў Грасе столькi неацэненай красы. Забойца адкрыў яму вочы. У забойцы быў вытанчаны густ. I дзейнiчаў ён па сiстэме. Мала таго, што ўсе забойствы былi ўчынены аднолькава акуратна, сам выбар ахвяр выдаваў амаль матэматычны разлiк. Праўда, Рышы не ведаў, чаго, уласна кажучы, забойца хацеў ад сваiх ахвяр, бо галоўнае iх багацце -- прыгажосць i чары маладосцi -- ён не крануў... цi, то-бок, усё-такi?.. У кожным разе, як нi абсурдна гэта гучыць, здавалася, што мэта забойства не разбурэнне, а ашчадлiвае калекцыянаванне. Калi, напрыклад, разважаў Рышы, уявiць сабе ўсе ахвяры не як асобныя iндывiды, а як частку нейкага вышэйшага прынцыпу i iдэалiстычна змыслiць iх такiя розныя ўласцiвасцi злiтымi ў адно цэлае, дык малюнак, складзены з такой мазаiкi, быў бы ўвогуле малюнкам прыгажосцi, i чарадзейства яго мела б не чалавечую, а боскую ўладу. (Як мы бачым, Рышы быў адукаваны i мазгавiты чалавек, якi ў страху не цураўся нават блюзнерчых высноваў, хоць ён мыслiў не ў нюхальных, а ў аптычных катэгорыях, ён усё-такi быў даволi блiзкi да праўды./
Дапусцiм, разважаў далей Рышы, забойца такi калекцыянер прыгажосцi i працуе над партрэтам Дасканальства, хай нават гэта толькi фантазiя яго хворага мозгу; дапусцiм далей, што ён чалавек найвышэйшага густу i скрупулёзна метадычны, што на самай справе даволi верагодна, тады нельга думаць, што ён адмовiцца ад найкаштоўнейшага будаўнiчага каменя для гэтага патрэта, якi толькi можна знайсцi на зямлi,-- ад прыгажосцi Лаўры. Уся пiрамiда забойстваў нiчога не вартая без яе. Яна была каменем, якi ўвенчвае ўвесь будынак.
Робячы гэтую жахлiвую выснову, Рышы сядзеў на сваiм ложку ў начной кашулi i дзiву даваўся, якi ён быў спакойны. Ён больш не дрыжаў. Няпэўны страх, якi калацiў яго некалькi тыдняў, прапаў, саступiў месца ўсведамленню канкрэтнай небяспекi. Задума забойцы была яўна скiраваная на Лаўру -- з самага пачатку. А ўсе астатнiя забойствы -- антураж гэтага апошняга заключнага забойства. Праўда, было няясна, якую матэрыяльную мэту маюць гэтыя забойствы i наогул цi ёсць у iх мэта. Але асноўнае, менавiта сiстэматычны метад забойцы i ягонае iмкненне да iдэалу, Рышы адгадаў правiльна. I чым больш ён пра гэта думаў, тым больш падабалася яму i тое i другое i тым большую павагу ён адчуваў да забойцы --зрэшты, такая павага як у гладкiм люстэрку паказвала ягоныя адносiны да самога сябе, бо не хто там якi, а менавiта ён, Рышы, сваiм тонкiм, аналiтычным розумам пранiк у намыслы працiўнiка.
Калi б ён, Рышы, быў забойца, апантаны тымi самымi палкiмi iдэямi, ён не мог бы дзейнiчаць iнакш, чым да гэтага часу дзейнiчаў той, i ён паставiў бы на карту ўсё, каб завяршыць сваю вар'яцкую задуму забойствам царыцы красы, Лаўры, роўнай якой не было.
Гэтая апошняя думка яму асаблiва спадабалася. Тое, што ён мог у думках стаць на месца будучага забойцы ягонай дачкi, давала яму, у сутнасцi, велiзарную перавагу перад забойцам. Бо забойца, зразумела, пры ўсёй сваёй кемлiвасцi, вядома ж, не мог паставiць сябе на месца Рышы -- хоць бы ўжо таму, што ён, вядома, не мог загадзя здагадацца, што Рышы даўно паставiў сябе на яго месца -- на месца забойцы. Па сутнасцi, тут усе было гэтак сама, як i ў дзелавым жыццi --mutatis mutandis*, а як жа. Калi ты разгадаў задуму канкурэнта, пеправага на тваiм баку; ён ужо не пакладзе цябе на лапаткi; не пакладзе, калi твае iмя -- Антуан Рышы i ты прайшоў агонь, ваду i медныя трубы i не прывык саступаць у барацьбе. Урэшце ж, Антуану Рышы належыць самы буйны ў Францыi гандаль парфумнымi таварамi, нi багацце, нi пасада Другога Консула не звалiлiся на яго з неба, ён заваяваў iх упартасцю i хiтрасцю, своечасова распазнаючы небяспеку, празорлiва разглядаючы планы канкурэнтаў i змятаючы з дарогi працiўнiкаў. I сваiх будучых мэтаў -- улады i дваранскага тытула нашчадкам -- ён дасягне гэтак сама. I гэтак сама ён перакрэслiць план забойцы -- свайго канкурэнта ў барацьбе за валоданне Лаўрай,-- хоць бы ўжо таму, што Лаўра -- вянок у будынку i яго, Рышы, планаў. Вядома, ён любiў яе, але ён i меў патрэбу ў ёй. А таго, у чым ён меў патрэбу дзеля здзяйснення сваiх найвышэйшых амбiцый, ён не саступаў нiкому, за гэта ён чапляўся пазурамi i зубамi.