Цяпер яму палегчала. Пасля таго як яму ўдалося свае начныя роздумы пра барацьбу з дэманам апусцiць на ўзровень дзелавога канфлiкту, ён адчуў, што зноў поўны адвагi i нават азарту. Растаў апошнi астатак страху, знiкла адчуванне прыгнечанасцi i гнятлiвага клопату, што мучыла яго як маразматычнага старца, развеяўся туман змрочных прадчуванняў, у якiм ён некалькi тыдняў шукаў дарогi навобмацак. Ён быў на знаёмай тэрыторыi i быў гатовы прыняць любы выклiк.
Адчуўшы палёгку, амаль задавальненне, ён саскочыў з ложка, тузануў за шнурок званка i загадаў слузе, якi спрасонку ледзь трымаўся на нагах, складваць вопратку i правiзiю, бо ён рашыў на свiтаннi са сваёй дачкою ехаць у Гранобль. Потым ён апрануўся i падняў з пасцеляў усю астатнюю чэлядзь.
Cярод ночы дом на вулiцы Друат прачнуўся, i ў iм забурлiла жыццё. На кухнi палалi агменi, па калiдорах шмыгалi ўвiшныя служанкi, угору-ўнiз па лесвiцах насiўся асабiсты слуга гаспадара, у скляпах звiнелi ключы кладаўшчыка, у двары гарэлi паходнi, фурманы выводзiлi коней, другiя выцягвалi з канюшняў мулаў, кiлзалi, сядлалi, бегалi, грузiлi -- можна было падумаць, што на горад наступаюць, як у 1746 годзе, аўстра-сардзiнскiя орды грабежнiкаў, якiя змяталi ўсё на сваей дарозе, i гаспадар дома ў панiцы рыхтуецца да ўцёкаў. Але нiчога такога! Гаспадар дома спакойна i ганарыста, як маршал Францыi, сядзеў за пiсьмовым сталом у сваёй канторы, пiў каву з малаком i аддаваў загады чэлядзi, якая проста з ног ужо збiлася. Разам з гэтым ён пiсаў пiсьмы мэру i Першаму консулу, свайму натарыусу, свайму адвакату, свайму банкiру ў Марсэлi, барону дэ Баёну i розным дзелавым партнёрам.
Да шасцi гадзiн ранiцы ён адправiў карэспандэнцыю i аддаў усе неабходныя для яго планаў распараджэннi. Ён паклаў за пазуху два дароржныя пiсталеты, зашчоўкнуў пражку на поясе з грашыма i замкнуў пiсьмовы стол. Потым пайшоў будзiць дачку.
У восем ранiцы маленькi караван выправiўся ў дарогу. Наперадзе вярхом ехаў Рышы, ён выдатна глядзеўся ў сваёй камiзэльцы колеру чырвонага вiна, з залатымi пазументамi, у чорным англiйскiм плашчы i чорным капелюшы з дзёрзкiм султанам з пёраў. За iм следавала ягоная дачка, апранутая сцiплей, але такая сляпуча прыгожая, што народ на вулiцы i каля вокан не мог адвесцi ад яе вачэй, у натоўпе чулiся багавейныя ахi i вохi, i мужчыны здымалi капелюшы --нiбыта перад Другiм консулам, а на самай справе перад гэтай дзяўчынай з паставай каралевы. За ёю сцiпла следавалi яе пакаёўка, далей слуга Рышы з двума нагружанымi конямi -- выкарыстанне карэты выключалася з прычыны дрэннага стану гранобльскага тракту,-- замыкаў картэж дзясятак мулаў, гружаных усемагчымым таварам, пад надзорам двух грумаў. Каля брамы Дзю-Кур варта ўзяла на каравул i апусцiла вiнтоўкi толькi тады, калi апошнi мул прайшоў праз браму. Дзецi яшчэ доўга беглi за працэсiяй, махалi ўслед каравану, якi павольна ад'язджаў па крутой, звiвiстай дарозе.
На людзей ад'езд Антуана Рышы з дачкою зрабiў дзiўна глыбокае ўражанне. Iм здавалася, што яны прысутнiчалi пры нейкай архаiчнай цырымонii прынясення ахвяры. Вакол толькi i гаворкi, што Рышы ад'язджае ў Гранобль, у горад, дзе з нядаўняга часу гаспадарыць монстр, якi забiвае дзяўчат. Людзi не ведалi, што тут i падумаць. Чым вытлумачыць учынак Рышы? Вартай асуды легкадумнасцю -- цi вартай захаплення мужнасцю? Цi быў гэта выклiк або спробай умiлажалiць багоў? Але iх маркоцiла няяснае прадчуванне, што прыгожую дзяўчыну з рыжымi валасамi яны толькi што бачылi апошнi раз. Яны прадчувалi пагiбель Лаўры Рышы.
Гэта прадчуванне збылося, хоць яно i грунтавалася на абсалютна iншых прычынах. Усё было ў тым, што Рышы выправiўся зусiм не ў Гранобль. Пампезны выезд быў толькi трукам. За паўтары мiлi на паўночны ўсход ад Граса, непадалёк ад вёскi Сэн-Валье, ён загадаў спынiцца, уручыў свайму слузе паўнамоцтвы i дарожны лiст i загадаў даставiць караван мулаў у Гранобль; грумаў ён таксама адаслаў з караванам.
А сам ён з Лаўрай i яе пакаёўкай павярнуў на Кабры, дзе зрабiў прыпынак на абед, i потым рушыў праз горны перавал Танэрона на поўдзень. Гэтая дарога была надзвычай цяжкая, але яна дазваляла абагнуць Грас i граскую далiну шырокiм паўколам з захаду i пад вечар непрыкметна дабрацца да ўзбярэжжа... Рышы планаваў на другi дзень перабрацца з Лаўрай на Лярэнскiя астравы, на самым маленькiм з якiх стаяў добра ўмацаваны кляштар Сэнт-Анарэ. Кляштарную гаспадарку вяла жменька манахаў, якiя нягледзячы на старасць яшчэ маглi пастаяць за сябе. Рышы добра iх ведаў, бо шмат гадоў купляў i перапрадаваў кляштарную прадукцыю: эўкалiптавы лiкёр, насенне пiнiй i кiпарысавы алей. I менавiта там, у кляштары Сэнт-Анарэ, якi разам з замкам Iў i дзяржаўнай турмой на востраве Сэнт-Маргерыт лiчыўся самым надзейным месцам Праванса, ён збiраўся на першым часе схаваць сваю дачку. А сам неадкладна вернецца на ўзбярэжжа i абагне Грас гэтым разам з усходу праз Антыб i Кан, каб пад вечар таго ж дня быць ужо ў Вансе. Ён ужо запрасiў туды свайго натарыуса, каб падпiсаць пагадненне з баронам дэ Баёнам пра шлюб iх дзяцей -- Лаўры i Альфонса. Ён хацеў зрабiць Баёну прапанову, якую той не змог бы адхiлiць: выплата баронавых пазык у памеры 4О ООО лiўраў, пасаг менавiта на гэтую суму, некалькi зямельных дзялянак i млячарня пад Маганоскам, штогодняя рэнта ў памеры ЗООО лiўраў маладой пары. Адзiная ўмова Рышы была ў тым, каб кантракт уступiў у сiлу праз дзесяць дзён i каб маладыя адразу ж пасля вяселля пераехалi ў Ванс.