Выбрать главу

Рышы разумеў, што такая паспешлiвасць падыме памер платы за паяднанне ягонай сям'i з сям'ёю гэтых Баёнаў. Ён заплацiў бы намнога меней, калi б у яго быў час чакааць. Давялося б тады барону, як жабраку, вымольваць у багатага купца згоду на гэты гешэфт: бо слава пра прыгажосць Лаўры будзе расцi, як i багацце Рышы, а Баёны, глядзi, як бач i спляжацца. Ну, але дарма! Яго ж працiўнiкам быў не барон, а невядомы забойца. Вось каму трэба было напаскудзiць у кашу. Замужняя жанчына, якая страцiла дзявоцкасць i, магчыма, цяжарная, ужо не ўпiшацца ў яго адборную галерэю. Апошняя клетачка гэтай мазаiкi застанецца пустая, Лаўра страцiць для забойцы ўсякую каштоўнасць, яго задума правалiцца. I трэба даць яму адчуць горыч плягi! Рышы хацеў згуляць вяселле ў Грасе, з вялiкай раскошай прылюдна. I хай ён не ведае i нiколi не ведацьме свайго працiўнiка, усё такi будзе вялiкаю асалодаю ўсведамляць, што той прысутнiчае пры падзеi i сваiмi вачыма бачыць, як жаданую здабычу умыкаюць у яго з-пад носа.

План быў разлiчаны тонка. I мы зноў павiнны дзiву дацца з чуцця Рышы --як блiзка ён падышоў да разгадкi iсцiнай праўды. Бо на самай справе шлюб Лаўры Рышы з сынам барона дэ Баёна азначаў бы поўную паразу Граскага Забойцы Дзяўчат. Але план яшчэ не здзейснiўся. Рышы яшчэ не схаваў Лаўру, яшчэ не даставiў яе пад выратавальны дах кляштара Сэнт-Анарэ. Тры вершнiкi яшчэ прабiваюцца праз негасцiнны пеправал Танэрона. Часам дарога робiцца такою цяжкаю, што верхаўцы спешваюцца. Усё iдзе вельмi марудна. Пад вечар яны спадзяюцца дабрацца да ўзбярэжжа каля Ла Напулi -- маленькага селiшча непадалёк ад Кана.

44

У той момант, калi Лаўра Рышы са сваiм бацькам пакiдала Грас, Грануй быў у другiм канцы горада ў майстэрнi Арнульфii мацараваў жанкiлii. Ён быў адзiн i ў добрым настроi. Яго час у Грасе скончыўся. Наперадзе быў дзень трыумфу. У яго ў хлеўчуку, у скрыначках, пракладзеных ватай, ляжалi дваццаць чатыры мiнiяцюрныя флаконы з кроплямi пралiтай аўры дваццацi чатырох нявiнных дзяўчат --каштоўныя эсэнцыi, здабытыя Грануем летась метадам халоднага анфлеражу целаў, дыгеравання валасоў i вопраткi, лаважу i дыстыляцыi. А дваццаць пятую -- самую раскошную, самую важную эсэнцыю -- ён атрымае сёння. У яго ўжо падрыхтаваны тыгельчык са шматкроць ачышчаным тлушчам, кавалак найтанчэйшага палатна i балон чысцюткага спiрту на гэтую апошнюю здабычу. Мясцовасць была разведана. Стаяла поўня.

Ён ведаў, што сядзiба на вулiцы Друат добра ахоўваецца i пранiкнуць у яе з дапамогаю ўзлому не ўдасца. Таму ён хацеў прабрацца туды яшчэ ўпоцемках, да таго, як зачыняць браму, i прыкрываючыся тым, што ў яго няма свайго паху, што як шапка-невiдзiмка рабiла яго непрыкметным для людзей i жывёл, схавацца ў якiм-небудзь закутку дома. Пазней, калi ўсе паснуць, ён, iдучы ў цемры па компасе свайго нюху, падымецца ўгору, да свайго скарбу. Ён апрацуе яго там жа, на месцы, загарнуўшы ў прасаленую прасцiну. Толькi валасы i вопрптку , як заўседы, возьме з сабою, бо гэтыя часткi могуць быць прамытыя ў вiнным спiрце, што больш зручна рабiць у майстэрнi. Для канчатковай перапрацоўкi памады i яе дыстылiроўкi ў канцэнтрат яму спатрэбiцца яшчэ адна ноч. I калi ўсё пойдзе добра -- а ў яго не было нiякiх падставаў сумнявацца, што ўсё пойдзе як след,--тады паслязаўтра ён будзе ўладаром усiх эсэнцый, патрэбных на выраб найлепшае ў свеце парфумы, i ён пакiне Грас як чалавек, якi пахне лепш за ўсiх на зямлi.

Да палудня ён пакончыў з жанкiлiямi. Ён патушыў агонь, зачынiў кацёл з тлушчам i выйшаў з майстэрнi праветрыцца. Вецер быў заходнi.

Ужо з першага ўдыху ён насцярожыўся. У атмасферы было нешта не так, нешта не ў парадку. У паху горада, у гэтай яго вопратцы, у яго нябачным шлейфе, сатканым з тысячаў нiтак, не хапала залатой. За апошнiя некалькi тыдняў гэта духмяная нiтка стала такою моцнаю, што Грануй адчуваў яе нават за горадам, каля свайго хлеўчука. Цяпер яна прапала, знiкла, яе нельга было выявiць нюхам. Грануй быццам скамянеў ад страху.