Яна мёртвая, падумаў ён. Потым яшчэ страшнейшае: мяне выпепрадзiў нехта iншы. Iншы сарваў маю кветку i прысвоiў сабе водар! Ён не закрычаў, для гэтага ягонае ўзрушэнне было занадта вялiкае, але слёзы набеглi ў куточкi яго вачэй i раптам палiлiся ракою.
I тут прыйшоў абедаць Друо з "Чатырох Дафiнаў" i мiж iншым расказаў, што сёння ранiцай Другi консул з дванаццаццю муламi i са сваёю дачкою адбыў у Гранобль. Грануй глытнуў слёзы i кiнуўся бегчы праз увесь горад да брамы Дзю-Кур. На плошчы каля брамы ён спынiўся i прынюхаўся. I ў чыстым, не кранутым гарадскiмi пахамi заходнiм ветры ён злавiў сваю залатую нiтку, хай тоненькую i слабенькую, але нi з чым не параўнальную. Зрэшты, любасны пах даносiўся не з паўночнага захаду, куды вяла дарога на Гранобль, а хутчэй з паўднёвага захаду, у напрамку на Кабры.
Грануй спытаўся ў варты, па якой дарозе паехаў Другi консул. Адзiн вартаўнiк паказаў на поўнач. А не на Кабры? Можа, ён выправiўся на поўдзень, на Арыбо або Ля Напуль? Не, вядома, сказаў вартавы, ён бачыў гэта на свае вочы.
Грануй кiнуўся назад, праз горад, да свайго хлеўчука, запхнуў у юрзачок кавалак палатна, горшычак на памаду, шпатэль, нажнiцы i маленькую гладкую дубiнку з алiўкавага дрэва i не марудзячы выправiўся--не па дарозе ў Гранобль, а па дарозе, якую паказаў яму ягоны нюх: на поўдзень.
Гэтая дарога, дарога наўпрасткi на Ля Напуль, вяла ўздоўж схiлаў Танэрона праз рачныя рукавы Фраеры i Сiаньi. Iсцi было лёгка. Грануй шпарка iшоў наперад. Калi справа ўзнiк пейзаж Прыбо, якi быццам павiс на схiлах гор, ён учуў, што амаль дагнаў уцекачоў. Неўзабаве ён ужо быў на адной вышынi з iмi. Цяпер ён чуў кожнага з iх паасобку, ён нават адрознiваў на нюх iх коней. Яны, мабыць, былi самае большае за мiлю ад яго, дзесьцi ў лясах Танэрона. Яны кiравалiя на поўдзень, да мора. Гэтак сама, як i ён.
Каля пяцi гадзiн папалуднi Грануй прыйшоў на пастаялы двор, паеў i папытаўся таннага начлегу. Ён, бачце,-- чаляднiк дубiльшчыка з Нiцы i iдзе ў Марсэль. Можна пераначаваць у канюшнi, адказалi. Там ён залез у кут i выспаўся. Наблiжэнне трох верхаўцоў ён адчуў здалёк. Цяпер заставалася толькi чакаць.
Праз дзве гадзiны -- ужо добра такi сцямнела -- яны пад'ехалi. Каб захаваць сваё iнкогнiта, усе трое пераапранулiся. Абедзве жанчыны былi ў цёмным i вуалях, Рышы -- у чорнай камiзэлi. Ён выдаваў сябе за дваранiна з Кастэланы; заўтра ён хоча перабрацца на Лярынскiя астравы, хай гаспадар прыгатуе сняданак да свiтанку. Цi ёсць у доме iншыя пастойнiкi? Няма, сказаў гаспадар, толькi чаляднiк дубiльшчыка з Нiцы, але ён начуе на канюшнi.
Рышы адправiў жанчын у пакоi. А сам заглянуў на канюшню ўзяць сёе-тое з паклажы, як ён сказаў. Спачатку ён не змог знайсцi чаляднiка, i ён папрасiў конюха прынесцi яму лятарню, тады ён заўважыў яго ў куце: чаляднiк дубiльшчыка ляжаў на саломе i старой гуньцы i моцна спаў, паклаўшы пад галаву юрзак. Ён выглядаў такiм непрыкметным i нявiдным з сябе, што Рышы на момант здалося, што яго ўвогуле няма, што гэта хiмера, вычварны цень у мiгатлiвым святле свечкi з лятарнi. У кожным разе, Рышы адразу стала ясна, што ад гэтай проста кранальна бяскрыўднай iстоты няма анiякусенькай небяспекi, i ён цiха адышаў, каб не парушыць ягонага сну, i вярнуўся ў дом.
Ён павячэраў разам з дачкою ў яе пакоi. Пры ад'ездзе ён не тлумачыў ёй мэты iх падарожжа, не зрабiў гэтага i цяпер, хоць яна i прасiла. Заўтра ён усё ёй раскажа, сказаў ён, i яна можа не сумнявацца, што усё, што ён плануе i робiць, ёй толькi на карысць i выгоду, а ў будучым прынясе ёй шчасце. Пасля вячэры яны згулялi некалькi партый у ломбер, i ён усе прайграў, бо не глядзеў у свае карты, а любаваўся прыгаджосцю яе твару. Каля дзевяцi ён правеў яе ў яе пакой насупраць ягонага пакоя i замкнуў дзверы. Потым i сам лёг спаць.
Ён раптам адчуў страшэнную стому -- гэта ад напружання цяжкага дня i папярэдняй ночы, але ў той жа час ён быў задаволены сабою i ходам падзей. Без анiякай заклапочанасцi, без змрочных прадчуванняў, якiя мучылi яго бессанню аж да ўчарашняга дня кожнага разу, як ён тушыў лямпу, ён адразу заснуў i спаў без сноў, без стогнаў, без сутаргавых здрыгаў i нервовага пераварочвання з боку на бок. Упершыню за доўгi час Рышы здабыў глыбокi, спакойны сон.
У той жа самы час Грануй падняўся са сваёй посцiлкi на канюшнi. Ён таксама быў задаволены сабою i ходам падзей i адчуваў, што добра адпачыў, хоць не спаў нi секунды. Калi Рышы заходзiў у канюшню, ён толькi прыкiнуўся, што спiць, каб яшчэ больш падкрэслiць i падмацаваць тое ўражанне бясшкоднасцi, якое ўжо сам па сабе рабiў яго "някiдкi" пах. Вось якраз ён успрыняў Рышы вельмi i вельмi востра, нюхам, i ад яго зусiм не ўтоiлася палёгка, якую адчуў Рышы, убачыўшы яго.