Выбрать главу

Жыхары горада рыхтавалiся да гэтай падзеi як да ўрачыстага свята. Тое, што дзень будзе выхадны, разумелася само сабою. Жанчыны нагладжвалi свае нядзельныя строi, мужчыны выпыльвалi сурдуты i курткi i да бляску ваксавалi боты. Хто меў ваенны чын альбо займаў пасаду, быў цэхавым майстрам, адвакатам, натарыусам, галавой брацтва цi яшчэ чымсьцi значным, надзяваў мундзiр альбо мантыю, ордэны, шалiкi, ланцугi i белы як вапна пудраны парык. Вернiкi спадзявалiяся* post festum* сабрацца ў царкве на набажэнства, паклоннiкi сатаны -- наладзiць пышную падзякавальную мшу Люцыпару, адукаванае магнацтва -- выправiцца на магнетычныя сеансы ў гатэлi Кабры, Вiльнева i Фонтмiшэля. А на кухнях напропадзь пяклi, смажылi i пражылi, са скляпоў зносiлi вiно, з рынкаў -- кветкi на акрасу сталоў, у саборы праходзiлi папярэднiя экзерсiсы арганiст i царкоўны хор.

У доме Рышы на вулiцы Фуат было цiха. Рышы забаранiў сабе любую падрыхтоўку да Дня вызвалення, як назвалi ў народзе дзень кары. Яму ўсе было агiдна. Агiдны раптоўна ўваскрэслы жах людзей, агiднае iх лiхаманкавае смакаванне скорай радасцi. I самыя яны, гэтыя людзi, усе разам, былi яму агiдныя. Ён не ўдзельнiчаў нi ў прадстаўленнi злачынца i ягоных ахвяр на саборным пляцы, нi ў працэсе, нi ў гiдка мярзотным праменадзе разяваў перад камерай асуджанага. На апазнанне валасоў i адзення сваёй дачкi ён запрасiў членаў суду да сябе дамоў, коратка i стрымана даў свае паказаннi i папрасiў пакiнуць яму гэтыя рэчы у якасцi рэлiквiй, што i было зроблена. Ён занёс iх у свяцёлку Лаўры, паклаў разрэзаную начную кашулю i споднюю кашулю на яе ложак, распусцiў па падушцы яе рыжыя валасы, сеў перад ложкам i больш не адыходзiў ад яго, быццам гэтая бяззменная вахта магла замянiць тое, чаго ён не зрабiў тае ночы ў Ля Напулi. Ён быў так поўны агiды, агiды да свету i да самога сябе, што не мог нават плакаць.

I да забойцы ен адчуваў агiду. Ён не хацеў больш бачыць у iм чалавека, не толькi ахвяру, асуджаную на закол. Ён убачыць яе толькi ў момант кары, калi той будзе ляжаць на крыжы i на яго абрушацца дванаццаць удараў, вось калi ён яго ўбачыць, убачыць яго зусiм блiзка, ён пакiнуў за сабою месца ў самым першым радзе. I калi народ разыдзецца, праз некалькi гадзiн, тады ён падымецца да яго на акрываўлены эшафот, i сядзе побач, i будзе несцi вахту цэлымi днямi i начамi, калi спатрэбiцца, i глядзець яму ў вочы, гэтаму забойцу дачкi, i па кроплi будзе ўлiваць яму ў вочы, улiваць у яго агонiю сваю агiду як раз'ядлiвую кiслату, пакуль гэтая гадзiна не здохне...

А потым? Што ён зробiць потым? Ён не ведаў гэтага. Магчыма, вернецца да прывычнага жыцця, магчыма, ажэнiцца, магчыма, зачне сына, магчыма, не зробiць нiчога, магчыма, памрэ. Яму гэта было ўсё адно. Думаць пра гэта здавалася яму гэтак жа бязглузда, як думаць пра тое, што рабiць пасля смерцi: зразумела, нiчога, пра што ён мог бы ведаць ужо цяпер.

49

Пакаранне было назначана на пяць гадзiн папалуднi. Ужо з ранiцы прыйшлi першыя аматары вiдовiшчаў i забяспечылi сабе месцы. Яны прынеслi з сабою крэслы i лавачкi, падушачкi, правiзiю, вiно i прывялi дзяцей. Калi блiжэй пад палудзень з усiх бакоў да горада пачалi сцякацца тлумы вясковага люду, на пляцы каля заставы Дзю-Кур ужо было так цесна, што новым давялося шукаць месца на палях i ў садах, размешчаных тэрасамi на схiлах плато, i ўздоўж дарогi на Гранобль. Вандроўныя гандляры ўжо разгарнулiя на ўсю сцежу, людзi елi, пiлi, вакол стаяў гармiдар i смурод, як на кiрмашы. Неўзабаве набралася ўжо тысяч пад дзесяць народу, больш чым на свята Каралевы Язмену, больш чым на самы вялiкi крыжовы ход, больш чым калi-небудзь наогул збiралася ў Грасе. Людзi абсыпалi ўсе схiлы. Яны залазiлi на дрэвы, яны караскалiся на сцены i дахi, яны дзесяткамi, тузiнамi панатоўквалiся ў вокны. Толькi пасярэдзiне пляца, за бар"ерам, быццам выразанае нажом з цеста чалавечай гурмы, яшчэ заставалася свабоднае месца пад трыбуну i эшафот, якi раптам стаў зусiм маленькi, як цацка альбо сцэна ў батлейцы. I яшчэ быў вольны вузкi праход ад месца пакарання да заставы Дзю-Кур i на вулiцы Друат.

Прыкладна каля трэцяй гадзiны з"явiлiся мсье Папон i яго падручнiкi. Iх сустрэлi ўхвальным гулам. Яны падцягнулi да эшафота збiты з бярвенняў крыж i ўстанавiлi яго на чатырох цяжкiх цяслярскiх козлах, падабраўшы патрэбную для працы вышыню. Чаляднiк цесляра прыбiў яго да козлаў. Кожнае дзеянне падручных ката i цесляра публiка вiтала воплескамi. А калi пасля гэтага да эшафота наблiзiўся Папон з жалезным прэнтам, абышоў крыж з усiх бакоў, адмерыў свае крокi i пачаў то з аднаго боку, то з другога рабiць уяўныя ўдары, пачалася сапраўдная авацыя.