Каля чацвёртай пачала запаўняцца трыбуна. Прыйшло шмат высакароднага пансва, багацеяў з лёкаямi i прыстойнымi манерамi, прыгожых дам, вялiкiх капелюшоў, раскошных туалетаў -- было на што падзiвiцца. Сабралася ўся элiта з горада i правiнцыi. Прайшлi на свае месцы члены Гарадско рады, трымаючыся самкнутым строем, на чале з абодвума консуламi. Рышы быў у чорным, у чорных панчохах, у чорным капелюшы. За Радай выступаў магiстрат на чале са старшынею суда. Апошнi паявiўся бiскуп у адкрытых насiлках, у ззяннi фiялетавага адзення i ў зяленай камiлаўцы. Тыя, хто яшчэ не зняў капелюша, паспяшаўся хоць бы ўжо цяпер агалiць галаву. Урачысты момант наблiжаўся.
Потым хвiлiн дзесяць не адбывалася нiчога. Паны занялi месцы, народ замёр, нiхто больш не еў, усе чакалi. Папон i ягоныя падручнiкi стаялi як укапаныя на сцэне эшафота. Сонца, вялiкае i жоўтае, вiсела над Эстэрэлью. З граскай далiны веяла цёплым ветрам i пахам расцвiлых апельсiнавых дрэў. Было горача i проста неверагодна цiха.
Нарэшце, калi ўжо, здавалася, нарпружанне дасягнула мяжы i цiшыню вось-вось разарве тысячагорлы лямант, пачнецца звалка, бойка альбо яшчэ якая-небудзь прыгода ў натоўпе, пачуўся тупат капытоў i рыпенне калёсаў.
На вулiцы Друат паказалася запрэжаная парай карэта, карэта лейтэнанта палiцыi. Яна праехала праз гарадскую браму i, цяпер ужо бачная ўсiм, уехала ў вузкi завулак, якi вёў да месца пакарання. Лейтэнант палiцыi настояў на такiм спосабе дастаўкi, бо думаў, што iнакш не зможа гарантаваць бяспеку злачынцы. А ўвогуле такое не было прынята. Турма была ўсяго за пяць хвiлiн ад месца кары, i калi асуджаны з якой-небудзь прычыны не мог адолець гэтую адлегласць пеша, дык яго прывозiлi туды на адкрытай падводзе, запрэжанай аслом. Каб кагосцi везлi на кару ў багатым экiпажы, з фурманам, лiўрэйнымi лёкаямi i конным эскортам -- такога яшчэ нiколi не было.
Нягледзячы на гэта, у натоўпе не ўзнiкла нi неспакою, нi незадаволенасцi, наадварот, усе былi задаволеныя, што наогул нешта-такi адбываецца, i ўспрынялi экiпаж як удалую iдэю, як гэта бывае ў тэатры, калi вядомую п'есу прымаюць прыхiльна за нечаканую новую пастаноўку. Многiя нават палiчылi дарэчным такi выхад галоўнага героя. Такому выключна мярзотнаму злачынцу належаў i выключны абыход. Нельга ж яго як звычайнага бандзюжку цягнуць на пляц у ланцугах i батаваць ражнамi. У гэтым нек было б нiчога сенсацыйнага. Iншая рэч падняць яго з мяккага сядзення ў багатым экiпажы i падвесцi да крыжа -- у гэтым было куджы больш вынаходлiвай жорсткасцi.
Карээта спынiлася памiж эшафотам i трыбунай. Лёкаi саскочылi з запятак, адчынiлi дзверцы i спусцiлi маленькую адкiдную прыступку. Выйшаў лейтэнант палiцыi, за iм афiцэр аховы i нарэшце Грануй. Ён быў у блакiтнай куртцы, белай кашулi, белых шаўковых панчохах i ў чорных туфлях з пражкамi. Нiякiх аковаў на iм не было. Нiхто не веў яго пад рукi. Ён выйшаў з карэты як вольны чалавек.
I тады стаўся цуд. Цi нешта накшталт дзiва, а менавiта настолькi ж неспасцiгальнае, нечуванае i неверагоднае, што ўсе сведкi назвалi б гэта потым цудам, калi б яны наогул наважылiся калi-небудзь пасля загаварыць пра гэта, а яны нiколi не гаварылi, бо ўсе яны пазней саромелiся прызнацца, што наогул прычынiлiся да такое справы.
А ўсё было ў тым, што дзесяць тысяч чалавек на пляцы каля брамы i на навакольных схiлах раптам, у адзiн момант, прасякнулiся непахiснай верай, што маленькi чалавек у блакiтнай курце, якi толькi што выйшаў з карэты, нiяк не мог быць забойцам. Не тое каб яны засумнявалiся ў ягонай iдэнтычнасцi! Перад iмi стаяў той самы чалавек, якога яны некалькi дзён таму назад бачылi на саборнай плошчы у акне суда i якога яны, калi б даўся iм у рукi, лiнчаввалi б з шалёнай нянавiсцю. Той самы, якога два нi таму назад па законе прыгаварылi да смерцi на падставе неабвержных доказаў i ўласнага прызнання. Той самы, чыёй смерцi ад рукi ката яны так палка чакалi ўсяго мiнуту таму назад. Гэта быў ён, несумненна ён!
I ўсе-такi не ён, не мог ён iм быць, не мог ён быць забойцам. Чалавек, што стаяў на лобным месцы, быў увасобленая нявiннасць. У той момант гэта ведалi ўсе -- ад бiскупа да прадаўца лiманаду, ад маркiза да маленькай прачкi, ад старшынi суда да вулiчнага падшыванца.
I Папон гэта ведаў. I яго кулакi, якiя сцiскалi жалезны прэгт, задрыжалi. Яго моцныя рукi раптам сталi такiя слабыя, каленi такiя мяккiя, сэрца такое палахлiвае, як у дзiцяцi. Ён не змог бы падняць гэты прэнт, не знайшлося б сiлы падняць гэты прэнт на маленькага нявiннага чалавека, ах, ён баяўся таго моманту, калi яго прывядуць сюды, наверх, ён заплакаў, ён быў вымушаны абаперцiся на свой забойчы прэнт, каб не ўпасцi ад слабасцi на каленi,-- вялiкi, дужы Папон!