Выбрать главу

Так, ён быў Вялiкi Грануй! Менавiта цяпер гэта стала ясна. Ён быў iм, як калiсьцi ў самазакахальных фантазiях, так i цяпер -- у жывой рэальнасцi. У гэты момант ён перажыў найбольшы трыумф свайго жыцця. I жахнуўся.

Ён жахнуўся, бо нi секунды не змог iм нацешыцца. У гэты момант, калi ён выйшаў з камеры на залiты сонцам пляц, надухмянены парфумамi, якiя ўнушаюць людзям любоў, парфумамi, над якiмi ён працаваў два гады, парфумамi, якiх ён прагнуў усё жыццё... у гэты момант, калi ён бачыў i чуў носам, што людзi не могуць яму супрацьстаяць i што водар, захлёстваючыся, як пятля аркана, прыцягвае да яго людзей,-- у гэты момант у iм зноў паднялася ўся агiда да людзей i атруцiла яго трыумф настолькi, што ён не адчуваў не толькi нiякай радасцi, але нават нiякай заадаволенасцi.. Тое, чаго ён заўсёды так палка хацеў, а менавiта, каб яго любiлi iншыя людзi, у момант поспеху стала яму невыносна, бо сам ён не любiў iх, ён iх ненавiдзеў. I раптам ён зразумеў, што нiколi не знойдзе задавальнення ў любовi, але толькi ў нянавiсцi сваёй да людзей i людзей-- да сябе.

Але ягоная нянавiсць да людзей не атрымала водгуку. Чым больш ён ненавiдзеў iх у гэтае iмгненне, тым больш яго абагаўлялi, бо нiшто ў iм не ўспрымалася iмi як iсцiна, акрамя прысвоенай аўры, акрамя араматычнай маскi, крадзенай духмянасцi, а яна i на самай справе была вартая абагаўлення.

Цяпер ён быў рады ўсiх iх сцерцi з улоння зямлi, гэтых тупых, смярдзючых, эратызаваных смердзюхоў гэтак сама, як тады, у краiне ягонай душы, чорнай, як варонiнае крыло, яму хацелася сцерцi ўсе чужыя пахi. I ён хацеў, каб яны заўважылi, як ён iх ненавiдзiць, i каб яны адказалi ўзаемнай нянавiсцю на гэта адзiнае сапраўднае пачуццё, якое яму калi-небдзь выпадала, i, са свайго боку, былi б радыя сцерцi яго з улоння зямлi, што яны спачатку i мерылiся зрабiць. Ён хацеў раз у жыццi распрануцца. Раз у жыццi яму захацелася стаць такiм, як iншыя людзi, i вывернуць сваю нутрыну: як яны агалялi сваю любоў i сваё дурное шанаванне, так ён хацеў агалiць сваю нянавiсць. Ён хацеў адзiн раз, усяго адзiн толькi раз, быць успрынятым у сваёй сапраўднай сутнасцi i атрымаць ад людзей водгук на сваё адзiнае сапраўднае пачуццё -- нянавiсць.

Але нiчога з гэтага не атрымалася. З гэтага i не магло нiчога атрымацца. Ён жа быў замаскаваны найлепшымi ў свеце парфумамi, а пад гэтай маскай у яго не было твару, не было нiчога, апрача татальнай адсутнасцi паху. I тут яму раптам зрабiлася нядобра, бо ён адчуў, як зноў падымаюцца туманы.

Калi тады ў пячоры, у сне, у сэрцы, у яго фантазii раптам паднялiся туманы, жахлiвыя туманы яго ўласнага паху, якi нельга было ўспрыняць нюхам, бо ён меў iншую прыроду. I як тады, ён адчуваў бясконцы жах i страх i падумаў, што вось-вось задыхнецца.

Але цяпер гэта было не сном, не мрояй, а голай рэальнасцю. I ён не ляжаў адзiн у пячоры, а стаяў на пляцы на вачах у дзесяцi тысяч чалавек. I цяпер тут не дапамог бы крык, якi разбудзiў бы i вызвалiў яго, i не было дарогi назад у добры, цёплы, выратавальны свет. Бо гэта тут i цяпер было светам, i гэта, тут i цяпер, было яго спраўджаным сном. I ён сам гэтага так хацеў.

Жахлiвыя смярдзючыя туманы ўсе падымалiся з бяздоннай багны ягонай душы, пакуль народ вакол яго стагнаў, знемагаючы ў нястрымных пахатлiвых сутаргах. Да яго бег нейкi чалавек. Ён ускочыў з самага пярэдняга раду трыбуны для ганаровых гледачоў так iмклiва, што яго чорны капялюш звалiўся з галавы, i ў чорным сурдуце праляцеў праз эшафот як воран альбо анёл помсты. Гэта быў Рышы.