Ён заб"е мяне, падумаў Грануй. Ён -- каго не ўвяла ў зман мая маска. Ён не дасць сябе ашукаць. На мне -- пахi яе дачкi, гэты доказ неабвержны, як кроў. Ён павiнен пазнаць мяне i забiць. Ён павiнен гэта зрабiць.
I ён працягнуў рукi, каб прыняць у абдымкi анёла, якi звалiўся на яго. Яму ўжо здавалася, што ён адчувае ўдар мяча або кiнжала, гэты добрасны ўдар у грудзi, адчувае, як лязо рассякае ўсе араматычныя кальчугi i смярдзючыя туманнасцi i пранiкае ўсярэдзiну яго халоднага сэрца -- нарэшце, нарэшце ў яго сэрца нешта, нешта iншае, чым ён сам. Ён амаль ужо адчуваў збавенне.
I што ж? Рышы ляжаў у яго на грудзях, як анёл помсты, але ўражаны, жаласны, хлiпкi Рышы, i абдымаў яго рукамi, проста-такi чапляўся за яго, быццам не знайшоў iншага прыстанку ў моры дабрадайнасцi.Нiякага вызваленчага ўдару мяча, нiякага ўколу ў сэрца, нават нiякага праклёну або хоць бы крыку нянавiсцi. Замест гэтага мокрая ад слёз шчака Рышы прылiпла да яго шчакi, а дрыготкiя губы цягнулiся да яго з вiскам: "Даруй мне, сыне мой, мой дарагi сыне, даруй мне!"
I тут усё пабялела ў яго ў вачах, а знешнi свет стаў чарней чорнага. Туманы, якiя не знайшлi выйсця, злiлiся ў бурлiвую вадкасць, як закiпелае малако, калi падымаецца з-пад пены. Яны захлiснулi яго, з нязноснай сiлай нацiснулi на ўнутраную абалонку ягонага цела, але iм не было куды прасачыцца. Яму хацелася бегчы, дзеля Бога бегчы, але куды.... Яму хацелася лопнуць, выбухнуць, каб не захлiснуцца самiм сабою. Нарэшце ён упаў на зямлю i самлеў.
Зноў ачомаўшыся, ён убачыў, што ляжыць у ложку Лаўры Рышы. Яе рэлiквii, вопратка i валасы, былi прыбраныя. На начным столiку гарэла свечка. З прычыненага акна чуўся далекi шум радаснага горада. Антуан Рышы сядзеў на ўслончыку каля яго ложка i чуваў. Ён трымаў руку Грануя ў сваёй i грэў яе.
Перш чым расплюшчыць вочы, Грануй празандзiраваў атмасферу. Унутры ў яго было цiха. Нiчога больш не бурлiла i не цiснула. Зноў у ягонай душы панавала халодная ноч, якая была патрэбна яму, каб зрабiць ягоную свядомасць ледзяною iснасцю i скiраваць яе вонкi: там ён пачуў пах сваёй парфумы. Яна змянiлася. Пiкi крыху згладзiлiся, так што сэрца водару -- пах Лаўры Рышы -- заззяла яшчэ больш пышна--мяккiм, цемным, мiгатлiвым агнём. Ен адчуваў сябе ўпэўнена. Ён ведаў, што яшчэ некалькi гадзiн будзе недатыкальны, i расплюшчыў вочы.
Рышы не зводзiў з яго вачэй. У яго поглядзе была бясконцая дабрыня, пяшчота, замiлаванасць i дурнаватая глыбiня закаханага.
Ён усмiхнуўся, мацней сцiснуў руку Грануя i сказаў: "Цяпер усё будзе добра. Магiстрат адмянiў вырак. Усе сведкi адмовiлiмся ад паказанняў. Ты вольны. Ты можаш рабiць што хочаш. Але я хачу, каб ты застаўся ў мяне. Я страцiў дачку, я хачу ўсынавiць цябе. Ты такi падобны на яе... Ты такi ж прыгожы, як i яна, твае валасы, твае губы, твая рука... Я ўвесь час трымаў цябе за руку, у цябе такая самая рука, як у яе. А калi я гляджу табе ў вочы, мне здаецца, што яна глядзiць на мяне. Ты яе брат, i я хачу, каб ты стаў маiм сынам, маёй радасцю, маiм гонарам, маiм спадкаемцам. Цi жывыя яшчэ твае бацькi?"
Грануў пахiтаў галавой, i твар Рышы стаў пурпурова-чырвоны ад шчасця. "Значыцца, ты згодзен стаць мне за сына? --выдыхнуў ён i ўскочыў са свайго ўслончыка, каб перасесцi на край ложка i сцiснуць другую руку Грануя.-- Згодзен? Згодзен? Ты хочаш, кабю я стаў тваiм бацькам? Не кажы нiчога! Не гавары! Ты яшчэ надта слабы, каб гаварыць. Толькi кiўнi!"
Грануй кiўнуў. I тут шчасце як чырвоны пот выступiла з усiх пораў Рышы, i ён схiлiўся да Грануя i пацалаваў яго ў губы.
"Цяпер спi, дарагi мой сынку,-- сказаў ён, устаючы.-- Я прыгледжу за табою, пакуль ты не заснеш.-- Ён яшчэ доўга глядзеў на яго з маўклiвым захапленнем.-- Ты робiш мяне вельмi, вельмi шчаслiвым".
Грануй крыху расцягнуў губы, пераймаючы людзей, якiя ўсмiхаюцца. Потым заплюшчыў вочы. Нейкi час ён пачакаў, супакойваючы i паглыбляючы сваё дыханне, як гэта робяць людзi ў сне. Ён адчуваў на сабе любоўны пагляд Рышы. Адзiн раз ён адчуў, што Рышы нахiлiўся над iм, каб яшчэ раз пацалаваць, але не адважыўся, баючыся разбудзiць яго. Нарэшце, дзьмухнуўшы на свечку, Рышы на пальчыках выйшаў з пакоя.
Грануй ляжаў, пакуль у доме i ў горадзе не ацiхла. Калi ён падняўся, ужо развiднела. Ён апрануўся, цiха прайшоў праз прыхожую, цiха спусцiўся з лесвiцы i праз гасцеўню выйшаў на тэрасу.
Адсюль можна было заглянуць за гарадскi мур i ўбачыць чашу граскай далiны, у яснае надвор"е -- да самага мора. Цяпер над палямi вiсеў леккi туман, нават марыва, i пахi знiзу травы, дроку i ружаў здавалiся адмытымi дачыста, простымi, проста суцешлiвымi. Грануй перасек сад i пералез цераз сцяну.