Выбрать главу

На пляцы каля брамы Дзю-Кур яму яшчэ раз давялося прабiвацца праз чалавечыя выпарэннi, перш чым ён вырваўся на волю. Увесь пляц i схiлы пагоркаў нагадвалi велiзарны бiвуак войска. Тысячамi ляжалi ап"янелыя, знясiленыя ад лiшнiцы начной оргii целы, некаторыя былi голыя, некаторыя паўголыя, ледзь прыкрытыя вопраткай, пад якую яны залезлi, як пад кавалак коўдры. Смярдзела кiслым вiном, шнапсам, потам i мачой, дзiцячым паносам i прыгарэлым мясам. Тут i там яшчэ чадзiлi рэшткi вогнiшчаў, вакол якiх яшчэ нядаўна жэрлi, пiлi i скакалi людзi. Сям-там з тысячагорлага хропу раптам вырывалася чыё-небудзь мармытанне або рогат. Магчыма, сёй-той яшчэ не спаў i заглушаў апошнiя успышкi свядомасцi. Але нiхто не заўважыў Грануя, якi пераступаў праз распластаныя целы, асцярожны i разам з тым паспешлiва, быццам iшоў па балоце. А той, хто заўважаў, не пазнаваў яго. У iм больш не было паху. Цуд мiнуўся.

Дайшоўшы да краю пляца, ён не павярнуў нi ў бок Гранобля, нi ў бок Кабры, а пайшоў напрасткi праз палi на захад, нi разу не азiрнуўся назад. Калi ўстала сонца -- тлустае, i жоўтае, i палка гарачае, яго даўно ўжо i след прастыў.

Жыхары Граса прачнулiся ў жахлiвым пахмеле. Нават тыя, хто не пiў, адчувалi свiнцовы цяжар у галаве, рэзь у жываце, мляўкасць i млосць. На пляцы сярод белага дня, пры ўсiм народзе сцiплыя сяляне шукалi вопратку, садраную з сябе падчас оргii, добрапрыстойныя жанчыны шукалi мужоў i дзяцей, зусiм чужыя адно аднаму людзi з жахам вызвалялiся з iнтымных абдымкаў, знаёмыя, суседзi, сямейнiкi раптам апынулiся адзiн перад адным у самай пракудлiвай галiзне.

Многiм гэтая падзея здалася такою жудаснаю, такою невытлумачальнаю i несумяшчальнаю з iх маральнымi ўяўленнямi, што яны лiтаральна ў той момант, калi яна адбылася, выключылi яе з памяцi, а потым i пазней на самай справе не маглi пра яе ўспомнiць. Iншыя, якiя не так суверэнна валодалi сваiм апаратам успыняцця, спрабавалi не бачыць, не чуць i не думаць, што было зусiм не проста, бо ганьба была надта вiдавочная i публiчная. Тыя, хто знайшоў свае прычындалы i блiзкiх, пастаралiся як мага хутчэй знiкнуць з месца. Пад полудзень пляц апусцеў, быццам яго вымелi памялом.

Толькi пад вечар людзi ў горадзе, i тое далёка не ўсе, выйшлi з дамоў па самых неадкладных справах. Сустракаючыся, яны ледзь вiталiся, гаварылi толькi дробязнае. Пра ўчарашнiя падзеi i мiнулую ноч не згадвалi нi словам. Калi ўчора ўсе яшчэ адчувалi сябе нязмушана i разумнымi, дык сёння ўсiх ахапiў сорам. Здавалася, нiколi памiж жыхарамi Граса не было лепшага ўзаемаразумення. Настала поўная цiша i мiлата.

Праўда, некаторыя былi вымушаны па абавязку службы больш непасрэдна заняцца тым, што адбылося.. Традыцыя публiчнага жыцця, непахiснасць права i парадку запатрабавалi прыняцця энергiчных мераў. Ужо папалуднi сабралася Гарадская рада. Паны, i ў тым лiку Другi консул, моўчкi абнялiся, нiбыта гэты змоўнiцкi жэст быў заклiканы нанава заснаваць ганаровы сход. Пасля без нiякага ўпамiну пра падзеi, а тым болей пра iмя Грануя, было аднадушна вырашана "неадкладна знесцi трыбуну i эшафот на пляцы каля заставы Дзю-Кур i прывесцi ў пачатковы ахайны выгляд пляц i вакол яго вытаптаныя палi". На гэта было адпушчана сто шэсцьдзесят лiўраў.

Адначасова прайшло пасяджэнне суда. Магiстрат без абмеркавання згадзiўся лiчыць "iнццыдэнт Г." вычарпаным, акты закрыць i без рэгiстрацыi здаць у архiў i пачаць новую справу супроць невядомага Забойцы Дваццацi Пяцi Дзяўчат у граскай акрузе. Лейтэнанту палiцыi быў дадзены загад неадкладна пачаць следства.

Ужо на другi дзень ён дабiўся поспеху. На падставе яўна падазроных момантаў быў арыштаваны Дамнiк Друо, майстар-парфумнiк з вулiцы дэ-ля-Луў,-- бо, зрэшты, хляўчук, дзе былi знойдзены валасы i сукенкi ўсiх ахвяр, належала яму. Спачатку ён адпiраўся, але суддзi не далiся на ашуканства. Пасля чатырнаццацiгадзiннай дапыткi ён ва ўсiм прызнаўся i нават прасiў па магчымасцi паскорыць пакаранне, якое яму назначылi на наступны дзень. На свiтаннi яго зашмаргнулi -- без вялiкай помпы, без эшафота i трыбун, проста ў прысутнасцi ката, некалькiх членаў магiстрата, урача i святара. Пасля таго як наступiла, была канстатавана i запратакалiравана смерць, труп загадалi неадкладна аддаць зямлi. Такiм чынам са справай было пакончана.

Горад i так ужо забыўся пра ўсё -- настолькi, што прыязджане, якiя трапiлi ў горад наступнымi днямi i мiж iншым дапытвалiся пра славутага граскага Забойцу Дзяўчат, не знаходзiлi нiводнага разумнага чалавека, якi мог бы расказаць што-небудзь пра гэта. Толькi некалькi дурненькiх з багадзельнi, усiм вядомыя вар"яты, малолi нейкую лухту пра вялiкае свята на пляцы Дзю-Кур, праз якое iм давялося выслабанiць свае пакоi.