I неўзабаве жыццё зноў увайшло ў сваю каляiну. Людзi руплiва працавалi, i хораша спалi, i кожны рабiў сваё, i паводзiлiся прыстойна. Вада па-ранейшаму струмянiлася з мноства крынiц i калодзежаў i разносiла па завулках глей i гразь. Горад зноў горда высiўся на схiлах пагоркаў над урадлiвай далiнай. Сонца прыгравала. А там i травенеь прыйшоў. Пачаўся збор ружаў.
Частка чацвёртая
Грануй iшоў пеша. Як i на пачатку сваёй вандроўкi, ён абмiнаў гарады, пазбягаў дарог, на свiтаннi клаўся спаць, уставаў увечары i iшоў далей. Еў усё, што перападала па дарозе: траву, грыбы, кветкi, мёртвых птушак, чарвякоў. Ён прайшоў Праванс, пераплыў у крадзеным чаўне Рону на поўдзень ад Аранжа, уздоўж цячэння Ардэшы заглыбiўся ў Сэвэны i потым рушыў да Алье на поўнач.
У Авернi ён наблiзiўся да Плён-дзю-Канталь. Вяршыня ляжала з захаду, высокая, серабрыста-шэрая ў месячным святле, i ён чуў пах халоднага ветру з яе. Але яго туды не цягнула. У яго больш не было палкай тугi па пячорнай самоце.. Гэты дослед ужо быў пастаўлены, але не прыдаўся ў жыццi. Гэтак сама, як i iншы дослед, вопыт i досвед жыцця сярод людзей. Задыхаешся i тут i там. Яму ўвогуле збрыдзела жыць. Яму карцела хутчэй вярнуцца ў Парыж i памерцi. Гэтага ён хацеў i прагнуў.
Час ад часу ён лез у кiшэню i сцiскаў шкляны флакон са сваёй парфумай. Флкончык быў яшчэ амаль поўны. На выступленне ў Грасе ён заўжыў толькi адну кроплю. Астатняга хопiць, каб зачараваць увесь астатнi свет. Калi б ён схацеў, ён мог бы ў Парыжы прымусiць не дзесяткi, а сотнi тысяч людзей захапляцца iм; або выправiцца на шпацыр у Версаль, каб сам кароль цалаваў яму ногi; або паслаць папу надухмянены лiст i явiцца перад усiмi новым Месiем; або змусiць каралёў i iмператараў памазаць яго ў Нотр-Дам на каралеўства як архiiмператара, нават зрабiць з яго Бога на зямлi -- калi толькi можна Бога памазаць на валадарства...
Усё гэта ён мог бы, была б толькi ахвота. Ён меў на тое ўладу. Ён трымаў яе ў руцэ. Гэтая ўлада была мацнейшая за ўладу грошай, або за ўладу тэрору, або за ўладу смерцi: непахiсная ўлада ўсяляць у людзей любоў. Толькi аднаго не магла даць гэтая ўлада: яна не магла даць яму ягонага паху, уласнага. I хай сабе перад усiм светам праз свае парфумы ён паўстане хоць Богам -- раз ён сам не можа пахнуць i таму нiколi так i не даведаецца, якi ж ён есць сам, дык пляваць яму на гэта: на ўвесь свет, на самога сябе, на свае парфумы, пахошчы i пахнiдлы. Рука, якая нядаўна трымала флакон, ледзь чутна духмянiлася, i калi ён яе падымаў да носа i прынюхваўся, яму рабiлася маркотна, i ён на хвiлiну-другую прыпыняўся, i стаяў, i нюхаў, нюхаў. Нiхто не ведае, якая яна напраўду выдатная, гэтая парфума, думаў ён. Усе толькi ўпакорваюцца яе ўладзе, а таго не ведаюць, што гэта парфума, што ў ёй вядзьмарскiя чары. Адзiны, хто спрамогся ацанiць яе сапраўдную прыгажосць,-- гэта я, бо я сам яе стварыў. I тым часам я -- адзiны, каго яна не можа зачараваць. Я адзiны, на каго яна не мае сiлы.
Яшчэ неяк аднаго разу (ён тады быў у Бургундзii) яму падумалася: калi я стаяў за мурам каля саду, дзе гуляла рыжая дзяўчынка i да мяне даплываў яе водар... бадай што нават, абяцанне яе водару, прадчуванне яго, яе пазнейшага водару яшчэ ж не было -- магчыма, тое, што я тады адчуў, падобна на тое, што адчувалi людзi на пляцы, калi я затапiў iх сваёй парфумай?.. Але ён адразу адкiнуў гэтую подумку. Не, тут было нешта iншае. Я ж ведаў, што хачу мець пах, а не дзяўчынку. А людзi гэтыя думалi, што iх горне да мяне, а да чаго iх насамрэч гарнула, засталося iм таямнiцай.
Потым ён нi пра што больш не думаў, бо наогул не любiў закiдацца думкамi; а там ужо вось --i Арлеан.
Ён пераправiўся цераз Луару каля Сюлi. Праз дзень яго нос ухапiў пах Парыжа. 25 чэрвеня 1767 года ён уступiў у горад праз вулiцу Сэн-Жак рана ранiцай, у шэсць.
Дзень уграваўся, такое гарачы, як таголета, яшчэ не было. Тысячы розных пахаў i смярдзючых выпарын цяклi вонкi як з тысячы лопнутых пухiроў. Каб хоць вятрынка ў паветры. Зяленiва на рыначных сталах павяла яшчэ перад полуднем. Мяса i рыба прасмердлi. У завулках не прадыхнуць. Нават рака, здавалася, больш не плыла, а стаяла i курэла смярдлiнай. Гэта было якраз у дзень нараджэння Грануя.
Ён прайшоў Новым мастом на правы бераг i далей пад рынак i да Магiльнiка нявiнных. У аркадах божых дамоў уздоўж вулiцы О'Фэр, ён прысеў на зямлю. Тэрыторыя магiльнiка слалася перад iм, як разварочанае поле бiтвы, пакапанае, пааранае, пасечанае магiламi, засеянае чарапамi i шкiлетамi, без дрэў, без кустоў, без травiнкi -- сметнiк смерцi.
Вакол -- каб хоць якая жывая душа. Трупны смурод быў такi цяжкi, што прагнаў нават далакопаў. Яны вярнулiся толькi, як села сонца, каб да глыбокае ночы ўжо пры лятарнях i паходнях капаюць магiлы пад мерцвякоў наступнага дня.