Выбрать главу
Аднойчы прачнецца тэлефон, што гаварыў некалі тваім голасам, прачнецца на мансардзе, якую, утульна ўладкаваўшыся паміж попелкай і томам «Махабхараты», вартуе масянжовы Буда, на мансардзе, якая ў тое лета была кансьпіратыўнай кватэраю матылькоў-крапіўнікаў, на мансардзе, якой даўно няма, на мансардзе, якую адчыняе ў сьвет геаграфічная мапа Эўропы на ўсю сьцяну, і, валяючыся ў ложку, мы выбіраем на ёй краіны і гарады, да якіх яшчэ далей, чым да маладзіка, што да замарачэньня гушкаецца на ясені за вакном, над лавачкай, дзе мы хацелі ператварыцца ў дрэвы, каб спыніць бурштынавае імгненьне таго вечара, і прыдумалі з гэтай прычыны ерэтычную малітву, вартую вясёлага аўтадафэ на Высокім рынку, што была запісаная тваім рок-н-рольным почыркам і схаваная між старонак старадаўняе кнігі, каб спыніць бурштынавае імгненьне таго вечара, калі сьвет быў неўміручы, як перад шостым днём тварэньня. Аднойчы на той мансардзе прачнецца тэлефон, што гаварыў некалі тваім голасам, і я здыму слухаўку.

Каханка

Ты — мая каханка, і зараз, каб сёй-той не пакутаваў ад здагадак, я адкрыю тваё імя. Праўда, сакрэт ужо вядомы бяссоннаму, як Борхэс, праспэкту, нашай раўнівай суўдзельніцы — бабулінай саматканцы, фатаграфіям і срэбнай рыбіне, што прыплыла зь іншых часоў, дзе цябе і мяне звалі іншымі імёнамі, дзе ты, магчыма, была лесьбіянкай, а я падабаўся мужчынам, хоць не адказваў ім узаемнасьцю. Апрача таго, твой адрас вядомы палівальнай машыне, якая падбірала мяне ля пад’езду, калі я рызыкаваў спазьніцца на ранішні канцэрт жабаў пасьля нашага ўлюбёнага кактэйлю — шампанскае зь сьвітаньнем, часам з дажджом або з кубікам лёду, што мы дапівалі кароткімі асьцярожнымі глыткамі, падобнымі да тваіх пацалункаў зь лёгкімі прыкусамі. (Напэўна, так кусаюцца срэбныя паўночныя стракозы.) Ты — мая каханка, і я хачу, каб усе ведалі: тваё імя — Ноч.

Двое вар’ятаў

У бабулінай прыдняпроўскай вёсцы, дзе ціха жывуць мае дзіцячыя радасьці і грахі, дзе ў палове хатаў начуе вецер ды марцуюць зьдзічэлыя каты (іх усё ж ня варта блытаць з душамі гаспадароў), сёлета зьявіліся новыя жыхары. У нецьвярозы нядзельны адвячорак за тыдзень да яблычнага Спасу прыйшлі з станцыі мужчына й жанчына з адной абшарпанаю валізкай — жалезныя набойкі на кантах. Яны выбралі пустую хату каля Ільлюцінай крыніцы, дзе стаяла некалі лазьня, у якой я ўпершыню саграшыў зь дзяўчынкаю-аднагодкай, і атабарыліся там, завесіўшы вокны замест фіранак старымі газэтамі з партрэтамі Гарбачова. Кажуць, яны размаўляюць на нейкай тарабарскай мове. Кажуць, яны пішуць нешта ў вучнёўскіх сшытках, уладкаваўшыся на сонейку каля рэчкі. Кажуць, яны ўкленчваюць штораніцы перад Ільлюцінай крыніцаю і моляцца на ваду, а потым цалуюцца й ідуць у хату любіцца: ён — сівы як лунь, а яна — маладая. Кажуць, яны зьбеглі з магілеўскае вар’ятні.
Кажуць мне ўсё гэта сваякі і суседзі і просяць пазваніць куды сьлед, каб прысылалі машыну.
Гляджу я ўраньні праз рэчку на дзьве постаці ля Ільлюцінай крыніцы: стаяць яны на каленях, а потым бяруцца за рукі і ідуць у хату.
Можа, і я прыйду калі-небудзь з станцыі з пашарпанаю валізкай перад яблычным Спасам.

Рэцэпт неўміручасьці

Манускрыпт называецца «Кнігаю сноў». Куфічная вязь на пэргаміне з скуры газэлі дае падрабязныя інструкцыі, як абвесьці вакол пальца сьмерць, хітрамудра падмяніўшы яе сном, і прачнуцца ў іншым часе не крыклівым немаўлёнкам, а самім сабою. Кнігу не ўпільнавалі манахі Сынайскага манастыра, дзе хапала цікаўных пілігрымаў, што хацелі падстрахавацца яшчэ і зямной неўміручасьцю. Радасьць выкрадальнікаў была кароткая, як песенька сініцы: рукапіс ня меў апошняе старонкі, зашыфраванага рэцэпту вяртаньня ў свой час — да зябкай дзяцеліны з халоднымі ад расы антонаўкамі, да вожыка, што зімуе пад старым клёнам, саграваючы сад сваім кволым цяплом, да лябірынтаў чарнавікоў, сьпярэшчаных вусатымі выявамі круглашчокіх каціных пысак. Як проста зрабіцца неўміручым, калі ня трэба вяртацца да тонкіх промнікаў вакол даверлівых вачэй колеру прыдзьвінскага лёну — цёплых павучынак, якія аднойчы пругка спынілі тваё матыльковае лётаньне.