Выбрать главу

— Адзін мой знаёмы з жонкай таксама адступаў тады з малой. У Лідзе наляцелі самалёты. Людзі ў гарачцы хапілі, што маглі, з кузаваў ды нырнулі ў склеп. Толькі там спахапіліся мае знаёмыя — няма дзіцяці. Муж падумаў, што яго ўзяла жонка, а яна — што муж. Чалавек выскачыў да машыны, а дзіця — бытта ў ваду канула.

Гадоў з дзесяць пасля вайны высветлілася справа.

Якраз у той момант беглі хавацца манашкі ды пачулі плач малога. Малое яны забралі і здалі ў прыют. Дзяўчынка даўно жыве ў сям'і палкоўніка, зараз канчае дзесяты клас і ўпэўненая, што вайсковы — яе бацька.

А тут — унь якая трагедыя. Я паўзіраўся на спадарожніка са спачуваннем.

Побач са мной крочыў дужы мацак. Твар шырокі, вочы шэрыя, разумныя, чэсныя. Ішоў ён не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці. Ды рабіў уражанне самастойнага і разважлівага мужчыны.

Але ж — трыццаць рублёў?!

— Навошта вы бралі ў старых грошы?

— Ён паскардзіўся ўжо? Так бы адразу і сказалі, чаго клічаце?

— Было няёмка гаварыць пры людзях.

— Чаго тут няёмкага? Зразумелі б яны! Учора атрымаў пісьмо з Ленінграда з паведамленнем, што выслалі перавод. Грошы ідуць на два дні даўжэй. Заўтра іх атрымаю ды старым аддам.

Хлапцу спатрэбіліся грошы, каб дапамагчы Соньцы? Я пабаяўся яго перапытваць, каб не расчароўвацца.

— Трэ было не самавольнічаць, а пазычыць.

— Прасіў! Хіба ж з імі дамовішся, як з нармальнымі? Падумаў, не заўважаць, атрымаю ды пакладу зноў па месца, я ж — не да чужых прыехаў, у сваю хату!..

Салдат гаварыў шчыра і пераканана, як чалавек, які не сумня-ваецца, што рабіў правільна. Наіўнасць ці маладая бесклапотнасць?

13.

Маёр пісаў пратакол. Перапалоханыя старыя пакорна давалі паказанні. Убачыўшы ўнука, яны апусцілі вочы, змоўклі.

— Дзеду, я ж вам казаў, што аддам заўтра. Навошта вы паніку ўзнімаеце? — з ходу напаў хлапец.

— А я вас яшчэ, салдат, не пытаюся!

— Слухаю, таварыш маёр!

— Вашы дакументы!

Пакуль начальнік штосьці выпісваў сабе ў блакнот з салдацкай кніжкі, я азірнуўся па няўтульным памяшканні.

У хаце было ўсё засмечанае, апушчанае, чорнае — як у пустым свіране, куды рэдка заглядваюць людзі. Пахла мышамі, павуціннем і нечым кіслым. Тут нават мухі не жылі. Бедны салдат чакаў паўгода пабыўкі, прыехаў ды — вось, трапіў. У мяне сціснулася сэрца. Стаяў я перад вушаком, думаў, глядзеў на абшмуленую частым карыстаннем дошчачку, якая вісела перад носам, ды слухаў.

— Я ж яму гаварыў, што заўтра вярну! — адказаў на пытанне маёра салдат.

Начальнік маўчаў, даючы сваякам магчымасць дамовіцца самім.

— Аддасі? — недаверліва перапытваў дзед.

— Хіба ж я вас калі—небудзь ашукваў? — загаварыў хлапец з ім цярпліва, як з малым дзіцём.— Тлумачыў жа вам, што трэба дапамагчы хвораму чалавеку, ён сёння пайшоў у Ваўкавыск, а грошы ў мяне будуць адно заўтра. Вы прамаўчалі. Я падумаў, што вы ўчора згадзілася. Мы ж — свае людзі, дзеду, навошта міліцыю ўблытваць?

Запанавала маўчанне. Дзед патупіў вочы, яму на дапамогу прыйшла старая:

— Мы самі хворыя, слабыя, і не чужым, а нам трэ дапамагчы!

Зноў усе няёмка памаўчалі. Зняў я з цвіка дошчачку і толькі цяпер убачыў, што на ёй спецыяльна выбіты сучок. Чаму яна зашму-лена да глянца?

— Юзэф, то мо пачакаеш унуку да заўтра? I пратакола я не пісаў быў...

— Чаму не, можна і пачакаць...

— Дамовіліся,— з палёгкай уздыхнуў начальнік.— А вам, малады чалавек, заяўляю: калі вы не выканаеце абяцання, напішу ў часць. Ведаеце самі, чым гэта пахне.

— Так точна, таварыш маёр!

Узняўшыся, начальнік пацікавіўся дошчачкай так-сама:

— Што ў вас?

— А-ай, яны — бы малыя! — асуджальна паківаў галавой унук.

— Надта ж вы цяпер разумныя ўсе пасталі!— пакрыўдзіўся стары.

— Казлоўскі, для чаго гэта?— не адставаў маёр.

Дзед сур'ёзна пачаў тлумачыць:

— Каб у каровы ўдой не прападаў, жонка цэдзіць праз яе малако.

— Гэтае дрэва асаблівае? — разыгрываў старога маёр.

— То раскажы, раскажы — цікава!

— Дошчачку выбіраюць з сасны на ветраным баку за магілкамі. Ну, і вырабляюць яе толькі ноччу. Як прапяе першы певень. Ну, і трэ тады аднаму на каленях маліцца...

Мы ўтраіх пераглянуліся.

Неўзабаве са старым і ўнукам мы развіталіся.

У Вількаўшчыну я доўга не заглядваў. Не было патрэбы: неўзабаве мне стала вядома, што Сонька прыдбала дрэва, а салдат пасля дэмабілізацыі ажаніўся з яе хворай дачкой і стаў працаваць у калгасе механізатарам. Вельмі я перажываў, што праз пару гадоў, на вячорках, ён пабіўся і трапіў у турму.