Выбрать главу

Чаканне налётаў саюзнай авіяцыі і бамбардзіроўка.

Святое абурэнне сціснутых у бамбасховішчы цывільных немцаў: «Варвары! Ні адзін лётчык люфтвафэ не дазволіў бы сабе кінуць бомбу на невайсковыя аб'екты, як робяць гэта праклятыя Amis und Tommis!!!

Доктар ані крыху не сумняваўся ў слушнасці абурэння суайчын-нікаў. З яго слоў варожыя налёты выглядалі непаразуменнем — не падвезлі якраз снарады, заснулі зенітчыкі.

Усе служачыя вермахта днём і ноччу прагна лавілі апошнія паведамленні з франтоў, захлёбваліся ад перамог і жылі імі. Экіпаж «Юнкерса-52» — не выключэнне. Чатыры немцы былі тыповымі героямі трэцяга рэйху, гэты самы рэйх і яны меліся прадоўжыць на тысячу гадоў і зараз далі поўную волю сваім эмоцыям, марам і фантазіі.

Што ў той час адбывалася, паводле іх меркаваныяў, найбольш значнае? Заглянем, напрыклад, у ваенны дзённік начальніка штаба сухапутных войск генерал-палкоўніка Ф. Гальдэра.

Гёнерал Лееб з Манергеймам збіраліся вось-вось увайсці ў Ленінград.

Пад Нордкапам караблі «субмарынэ» дабівалі караван РQ — 17 з вайсковай тэхнікай для Мурманска. За восемдзесят кіламетраў ад гэтага горада прытаіліся егеры і цірольскія стралкі арміі Дзітла ды толькі чакалі каманды для атакі.

Фельдмаршал фон Бок на чале групы армій «Цэнтр» затаіўся каля Ржэва, Вязьмы, каб захапіць Маскву.

Іншыя «непераможныя дывізіі вермахта» прарвалі ля Харкава фронт, маланкай прачыркнулі Растоў і пад камандай генерала Паўлю-са ды фельдмаршала Манштэйна дзвюма імклівымі лавінамі Памчалі да Волгі і на Каўказ. Над распаленай сонцам Задоншчынай узняліся хмары пылу з—пад ботаў савецкіх пехацінцаў, якія адступалі на Сталінград.

Баявыя аперацыі на ўсіх франтах разгортваліся «амаль класічна», «артылерыя праціўніка дасягнула нулявога ўзроўню», нямецкія коні да рэшты стаміліся», але «дух нямецкіх салдат — выдатны», «войскі фюрэра ўсведамляюць сваю поўную перавагу над рускімі...».

З бальшавікамі справа для экіпажа «Юнкерса-52» фактычна была скончана, усходняя кампанія выйграна. Савецкі Саюз яны ўяўлялі сабе вялізным Ленінградам, які памірае з голаду, развалу і неразбярыхі.

Чаму існаваў «Дзямянскі кацёл» з паўабкружанай шаснаццатай арміяй вермахта, якой яны везлі груз? Чатыры афіцэры люфтвафэ ў гэтым бачылі напэўна неразгаданую палітыку фюрэра. Гітлер, хутчэй за ўсё, каб парадаваць нямецкі народ, зноў падрыхтаваў ворагу адмысловы ход, хітрую пастку з Wunderwaffe. Цяпер толькі чакай наступнага сюрпрыза!

Сухашчавага і сіваватага генерала Зэйдліц-Курбаха чатыры немцы ведалі надта добра. Яшчэ ў званні лейтэнанта ён прымаў удзел у славутай бітве пад Лоддзю ў першую сусветную вайну, калі ля Бжэзін нямецкія дывізіі не толькі выйшлі з падобнага акружэння, але нават узялі ў «кацёл» рускіх. У 1941 Зэйдліц-Курбах ад фюрэра атрымаў «рыцарскі крыж з дубовым лістом»...

Карацей кажучы, Усходні фронт экіпаж «Юнкерса-52» цікавіў менш за ўсё. Немцы ўжо не сумняваліся, што заваяваную да самага Урала тэрыторыю неўзабаве вермахт перадасць паліцэйскім часцям ды хлапчукам з «Гітлерюгенд», неабсяжны край паслужыць выдатным полем для гартоўкі маладых арыйцаў, выхавання ў іх furor Teutonicus (нямецкай баявой лютасці). Усё гэта для экіпажа было ўжо раз і назаўсёды вырашана.

Чатыры немцы прагнулі свежых навін, якімі жылі і іх родзічы.

3.

Як толькі самалёт выйшаў на патрэбную вышыню і лёг на курс, а экіпаж абмяняўся інфармацыяй, штурман-радыст, вядома, зараз жа ўключыў Берлін. Магла ісці ў той момант перадача са «Шпортпляц», дзе нацысты безупынна праводзілі грандыёзныя мітынгі ды перадава-лі іх у эфір. У шлемафоны экіпажа ўварваўся рэзкі віск рэйхсміністра Гебельса:

— ...Гэтая вайна — за сыравіну і хлеб! Гэтая вайна — за каўчук і жалеза! Гэтая вайна — за лебенсраўм (жыццёвы прастор) для немцаў! Гэтая вайна — за нашае пяршынства ў свеце! Гэтая вайна — за Тысячагадовы Рэйх! Дык загадвай жа нам, фюрэр, мы ідзем за табой!

У адказ рэйхсміністру з горлаў шматтысячнага натоўпу вырваліся тры здвоеныя грамы:

— Зіг гайль!

— Зіг гайль!

— Зіг гайль!

Затым мужчынскі хор апавясціў:

Мы крочым усе ў пахо-од! Няхай валіцца ўсё ў друз! Сёння валодаем Еўропай, Заўтра ля нашых ног — Цэлы свет!..

Тут спеў абарваўся — радыё пачало перадаваць чарговую зводку. Не хаваючы хвалявання, дыктар доўга пералічваў прозвішчы англійскіх генералаў ды старшых афіцэраў дваццаціпяцітысячнага гарнізона ў Тобруку, які напярэдадні здаўся Ромелю.