Выбрать главу
Ад ветру з дажджом Хаваю пад пахаю Зборнічак вершаў.

Так, ніводная форма сама па сабе не ратуе ад няўдач i памылак.

Неяк нязвычна хутка i ўпэўнена, адразу i, ёсць падставы спадзявацца, надоўга ўвайшоў ca сваімі вершамі ў кола чытацкай увагі Анатоль Сыс. Тым больш дзіўным маглі здацца такія шпаркія ўваходзіны, калі ўлічыць, напрыклад, піто тэматычна нядаўні дэбютант напачатку нічым на фоне маладой паэзіі не вылучаўся (Радзіма, маці, мова, гісторыя; зноў маці i зноў Радзіма):

— З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы. Так абавязаны пачаць. — Але ў яе ты не адзіны, навошта пра любоў крычаць? — Няхай, няхай я паўтаруся ў любові тысячу разоў, затое шчыра ў ёй клянуся, без фальшу, без падробных слоў. — Што ж, пачынай.
Сам выбраў долю... Й нядоля знойдзецца сама. Перад табою поле бою — тут не адзін паэт сканаў.

Верш гэты, пабудаваны як унутраны дыялог,— відавочна праграмны, i не толькі для Анатоля Сыса. Сапраўды, усё амаль пачынаецца з Радзімы, i амаль усе пачынаюць з яе ў сваёй творчасці, a ў нейкім плане i абавязаны так пачынаць. Але вось толькі крычаць пра гэтую любоў не варта, i А. Сыс пра яе думае, ён першапачаткова асэнсоўвае, што такое Радзіма, i што такое любоў да яе, у чым яны, якія ўвогуле i якія ў ім самім; таму i не паўтараецца ён у шматгалоссі тых паэтаў, што клянуцца i шчыра клянуцца, а каму, чаму, для чаго i ў чым — не ўяўляюць, ніколі пра гэта не задумваліся.

Ёсць у вершах А. Сыса дастатковы ўзровень думкi i мера пачуцця, ёсць свая, адметная мова (трэба думаць, яна будзе з кожным годам узбагачацца), ёсць спробы міфалагічнага канструявання рэчаіснасці, паэтычнае бачанне, пленная, але не празмерная заглыбленасць у фальклор i гісторыю, адчуванне спецыфікі паэтычнага пісьма.

Услед за Алегам Мінкіным паэт імкнецца спалучыць у сваіх творах патрыятычны пафас з адметнымі, часам авангарднымі формамі выяўлення, i, улічваючы яго самапатрабавальнасць i вялікі аб'ём працы над удасканаленнем паэтычнай манеры, думаецца, што яго чакае на гэтым шляху плён.

Думаецца таксама, што i тэматычнае кола паэта, захаваўшы ранейшы эпіцэнтр, пашырыцца i разгорнецца. Але ўсё ж пра тое «поле бою», дзе «не адзін паэт сканаў», трэба помніць заўсёды, каб не сканаць ні ў гісторыі, ні ў паэзіі.

Дарэчы, калі нябачная прысутнасць гісторыі ў большасці вершаў А. Сыса ўзмацняе ix унутраны змест, то вершы «спецыяльна-гістарычныя» нічым, акрамя патрыятычнага настрою, бывае, не вылучаюцца i з мастацкага боку зусім бездапаможныя. Яны нагадваюць нейкія публіцыстычныя лозунгі, зарыфмаваныя i пакладзеныя на адзін з памераў дзеля «прыгожага» гучання i дзеля магчымасці выказацца на гэтую тэму ў друку. Празмерная патэтыка, бразгатанне мячамі, адсутнасць мастацкай глыбіні — характэрныя прыкметы такіх вершаў:

...Сканалі, ды ўсё ж не сталі — помнілі, як Кастусь ступіў на смяротныя шалі з думаю пра Беларусь.

Большай, куды большай працы над словам патрабуе гістарычная тэма!

Вось i Кастусь Жук вырашыў упрыгожыць адзін з сваіх твораў «гістарычнымі галасамі». Сам па сабе верш «У вёсцы Вішнева» — не пра мінулае, але паколькі дзеянне адбываецца ў вёсцы, дзе памёр Сымон Будны, квятастыя апісанні ўвішных рэчак i белых садоў зводзяцца ў рэшце рэшт да яго:

Вёска Вішнева. Рэчка ўвішная, Белы вэлюм надзелі сады. I над яблынямі, над вішнямі Дух буяе вясны малады. Тут утульна пчале i сонейку... I дзяўчыне з касой залатой... Гэтак пахнуць галінкі соладка! Гэтак хмеліць паветра настрой! А душа — то засне, то абудзіцца На шчаслівай зямлі ў гэты міг... Знерухомей — i голас Буднага Ты пачуеш між дрэў шапаткіх.

Пакінем без каментарыяў мастацкі ўзровепь верша, але задумаемся: што агульнага паміж пададзеным К. Жуком настраёва-вясновым малюнкам сённяшняга Вішнева i той змрочнай, фізічна цяжкай, па апісаннях езуіта Фрыбеліуса, абстаноўкай у доме пратэстанцкага шляхціца Лявона Маклока, дзе ў студзені 1593 года скончыў свой жыццёвы шлях Сымон Будны? Адкуль гэты голас Буднага «між дрэў шапаткіх», i якім ён уяўляецца аўтару «на шчаслівай зямлі ў гэты міг» -i «дзяўчыне з касой залатой»? Відаць, перш за ўсё ў аўтара ўзніклі «вішнёвыя» ідэі (Вішнева — увішныя — вішні), i Будны тут ні пры чым, з той жа верагоднасцю маглі мы пачуць i голас Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча.

Увогуле, абыгрыванне назваў вёсачак па-ранейшаму прагрэсіруе ў паэзіі («Трыпціх» Я. Хвалея, верш «Жыткавічы жыта...» У. Мазго), i па-ранейшаму лунае над «шчаслівай» зямлёй матыў «лепшага ў свеце» «роднага куточка», куды «вядуць усе дарогі»: